Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сума апошніх штрафаў журналістцы Шчыраковай наблізілася да 2 тысяч даляраў


Ларыса Шчыракова, архіўнае фота
Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Судзьдзя Рэчыцкага раённага суду Сьвятлана Пырх пакарала 13 красавіка гомельскую журналістку-фрылянсэрку Ларысу Шчыракову штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (690 рублёў) «за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.

Пратакол склаў супрацоўнік Рэчыцкага РАУСу Сяргей Жураў, які адмыслова прыяжджаў дзеля гэтага ў Гомель.

У сюжэце «Дом „на курыных лапках“ у Рэчыцы. Гэта форменнае сьвінства» расказвалася, што жылы будынак на вуліцы Войкава ў Рэчыцы ўзьвялі яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Амаль шэсьць гадоў таму Рэчыцкі райвыканкам прызнаў яго непрыдатным для пражываньня. Аднак у двухпавярховым бараку дагэтуль жывуць чатыры дзясяткі чалавек і калі для іх зьявіцца прыдатнае жытло — незразумела.

Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна, ня маючы акрэдытацыі ў беларускім МЗС, брала інтэрвію ў жыхароў дому і «тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, разьмясьціўшы яе ў разьдзеле «Абʼектыў» замежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

«Сёньня ў мяне акурат дзень народзінаў. Пэўна, гэта мне „падарунак“ ад уладаў. Учора аштрафавалі на 41 базавую велічыню ў Гомельскім раённым судзе — за падрыхтоўку двух сюжэтаў для „Белсату“ і няяўку ў міліцыю, а сёньня, выглядае, „пашкадавалі“ — далі 30. Я не лічу сябе вінаватай, бо зьбіраю і распаўсюджваю інфармацыю на падставе права, якое мне гарантавана Канстытуцыяй, а таксама Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларусьсю», — кажа Шчыракова.

З улікам папярэдніх пакараньняў сума штрафаў у журналісткі наблізілася ў эквіваленце да 2 тысячаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG