Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Расея: Мір пасьля «прышчэпкі» канфлікту


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Мяркуючы па ўсім, перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, якія адбыліся ў Стрэльне пад Пецярбургам 3 красавіка, паклалі канец зацяжному і шматплянаваму канфлікту паміж дзьвюма краінамі.

У наяўнасьці ня толькі дэклярацыі і абяцаньні — Беларусь выплаціла «нядоімку» за газ, якую доўгі час ўпарта не прызнавала доўгам, пастаўкі нафты з Расеі аднаўляюцца ў ранейшым аб’ёме, Беларусь падпісала новы мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Апошні крок вельмі паказальны. Адмова Лукашэнкі яго падпісаць у канцы мінулага году, тагачасны дэманстратыўны непрыезд на саміт ЭАЭС і АДКБ былі палітычным дэмаршам у чыстым выглядзе.

Гэта быў выдатны інструмэнт жорсткага гандлю з «закаранелым сябрам».

Цікава адзначыць, што і тады, і пазьней ніхто ўцямна так і не патлумачыў, чым жа Менск не задавальняла новая рэдакцыя кодэксу, чым яна гэтак ўшчамляла нацыянальныя інтарэсы. А тлумачэньне вельмі простае — нічым. Дакладней, нічым такім, з-за чаго варта было ладзіць скандал. Аднак гэта быў выдатны інструмэнт жорсткага гандлю з «закаранелым сябрам»: калі вы ў нечым іншым, важным для нас, не ідзяце нам насустрач, то мы ў гэтым, малаістотным для нас, але істотным для вас, пытаньні зробім вам вялікую непрыемнасьць.

Дарэчы, і цяпер ні слова не было сказана пра тое, што партнэры па саюзе пайшлі насустрач Беларусі, улічылі яе пярэчаньні па кодэксе і менавіта таму беларускі подпіс пад дакумэнтам зьявіўся.

Насамрэч пайшлі насустрач, але не адносна артыкулаў кодэксу.
Аднак складваецца ўражаньне, што і галоўны прадмет канфлікту быў прыкладна такога ж кшталту.

Гэта не пазыцыя, заснаваная на ўсьведамленьні сваёй рацыі, а стаўка ў гульні

Калі Беларусь з пачатку 2016 году пачала ў аднабаковым парадку вызначаць цану на газ, якую яна павінна выплачваць Расеі, а асабліва калі пазьней упарта не прызнавала нарастаючы доўг, не пакідала адчуваньне, што гэта — не на самай справе, што гэта не пазыцыя, заснаваная на ўсьведамленьні сваёй рацыі, а стаўка ў гульні, якая будзе здадзеная ў абмен на нешта.

Ня тое, каб Беларусь ня мела ніякіх аргумэнтаў на карысьць сваёй пазыцыі, але фармальны кантракт — дакумэнт больш важкі, чым спасылкі на дух інтэграцыйных дакумэнтаў, чым апэраваў Менск. Калі б «Газпром» дазволіў Беларусі вызначаць кошты на газ, то знайшлося б шмат ахвочых да такога экзатычнага спосабу вядзеньня бізнэсу і пад сумнеў была б пастаўленая ўся сыстэма міжнародных дамоваў «Газпрому». Доўг давялося б заплаціць у любым выпадку. Але гэта ня значыць, што прыйшлося б заплаціць яго хутка.

Блеф нярэдка вельмі эфэктыўны спосаб дасягаць сваіх мэтаў. Якіх жа мэтаў хацеў дасягнуць і дасягнуў Менск?

Калі б Захад даў грошай, скажам, ў 2016 годзе — усё выглядала б досыць лягічна і нават прыгожа.

Абвастрэньне эканамічных адносінаў з Расеяй магло заахвоціць Захад быць з Беларусьсю больш, прычым значна больш, шчодрым. У выніку не заахвоціла. Але магло ж. Не атрымалася, не купіліся. Ну а не — дык не, тады памірымся з Расеяй. Дык нібыта і не сварыліся па-сур’ёзнаму. Гэта пра мэту, якая не была дасягнутая, але якая была або магла быць. Бо калі б Захад даў грошай, скажам, ў 2016 годзе — усё выглядала б досыць лягічна і нават прыгожа. Ну а з Расеяй, вядома, і тады б урэшце памірыліся, праўда, на ўмовах крыху (ці не крыху) лепшых, чым яно атрымалася ў рэальнасьці ў красавіку 2017 года.

Але не сказаць, што зусім ужо ніякіх мэтаў дасягнуць не ўдалося. Агульным месцам стала меркаваньне, што пасьля Крыму, Данбасу і Сырыі Расея стала краінай больш рашучай, на думку адных, і больш агрэсіўнай і небясьпечнай, на думку іншых.

Дык вось як мець справу з такой Расеяй — улагоджваць яе ці канфрантаваць зь ёй? Лукашэнка прыдумаў дасьціпнае рашэньне, якое адпавядае яго палітычнаму стылю — абмежавана канфрантаваць. Гэта як у мэдыцыне прышчэпка — па сутнасьці заражэньне пацыента моцна саслабленай вэрсіяй небясьпечнай хваробы.

Вось і апошні канфлікт паміж Беларусьсю і Расіяй быў, мяркуючы па ўсім, такі «прышчэпкай» ад канфлікту куды больш сур’ёзнага і маштабнага.

Пасьля замірэньня, прынамсі адразу пасьля, Пуціну будзе складаней канфліктаваць з Лукашэнкам зь любой нагоды.

Цяпер, пасьля замірэньня, прынамсі адразу пасьля, Пуціну будзе складаней канфліктаваць з Лукашэнкам зь любой нагоды. Прама гэта не абяцае Беларусі ніякіх матэрыяльных бонусаў, але дэманстрацыя характару дарагому саюзьніку — гэта актыў, які можа і даражэйшы за грошы.

Ну а зусім ужо ў практычным, матэрыяльным пляне выйгрышы можа і невялікія (вось далі мільярд, паабяцалі ўсё ж зьлёгку зьменшыць цану на газ з 2018 году), але і прыкладная нічыя ў «прышчэпачным» канфлікце — ня самы дрэнны вынік.

Чаму замірэньне адбылося менавіта цяпер? Напэўна, сышлося некалькі фактараў, магчыма нават, наўпрост і не зьвязаных з Беларусьсю. Напрыклад, Трамп, які апынуўся значна менш зычлівым да Расеі, чым меркавалася. Ракетны ўдар па Сырыі адбыўся пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, але расчараваньне Масквы ў новым прэзыдэнце ЗША пачалося да ўдару.

Ужо пасьля гэтага ўдару Пуцін заявіў, што адносіны з Вашынгтонам пагоршыліся нават у параўнаньні з часамі кіраваньня Абамы. Ну а ў такой сытуацыі з саюзьнікамі не варта сварыцца, нават хітраватымі і патрабавальнымі.

Працягваць канфлікт з Беларусьсю, спадзеючыся выйграць, прымусіць прыняць свае правілы гульні — а калі не атрымаецца?

Плюс да таго засталося менш за год да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Выбары нават у аўтарытарнай краіне — важная падзея, час «надзіманьня» рэйтынгаў кандыдатаў. Працягваць канфлікт з Беларусьсю, спадзеючыся выйграць, прымусіць прыняць свае правілы гульні — а калі не атрымаецца? Час ужо крышку падціскае. Дык ці варта рызыкаваць, калі можна пад выбары за невялікія грошы проста парадаваць свой добры народ сэрыяй зычлівых жэстаў з боку Беларусі?

Ну і такі ўжо зусім бягучы момант, як амаль дакладнае супадзеньне часу рэпрэсіяў супраць апазыцыйных маніфэстацыяў у Беларусі і Расеі, ў Беларусі — 25 сакавіка, ў Расеі — 26 сакавіка.

Наогул кажучы, Лукашэнка і Пуцін і раней трымалі сумесны фронт супраць дэмакратычнай «заразы». Але ў канцы сакавіка гэта «братэрства па зброі», дакладней, па паліцэйскім дручку, выявілася вельмі наглядна.

Ну а братам як жа працягваць сварку?

Рэпрэсіі ў Беларусі перад 25 сакавіка, у гэты дзень і пасьля сталі і своеасаблівым рэзюмэ беларускай улады да яе надзеяў атрымаць фінансавую дапамогу ад Захаду. Беларусь пасьля гэтых падзей не абавязкова ізноў ўшчэнт пасварыліся з Захадам, але відавочна, што надзеі на дапамогу пасьля «подзьвігаў» беларускага АМАПу прыкметна пабляклі. У Маскве гэта таксама добра зразумелі.

Замірэньне адбылося б у любым выпадку раней ці пазьней. Як яно, уласна кажучы, і раней адбывалася заўсёды.

Памірыліся — абавязкова пасварацца праз некаторы час.

Але ў гэтым сэнсе, як у прыродзе, так і ў беларуска-расейскіх адносінах, няўмольны закон кругазвароту. Памірыліся — абавязкова пасварацца праз некаторы час. Зрэшты, да сакавіка 2018 года наўрад ці. Ну а пасьля — з новымі сіламі. Рызыкі расейскай рашучасьці нікуды ж ня зьнікнуць, нежаданьне марнаваць грошы на саюзьніка — таксама, застанецца і раздражненьне ад таго, што саюзьнік усё ж не зусім прыручаны.

Але і з Захадам потым абавязкова памірацца. Ды яно як бы і не сварыліся, як і з Расеяй — увесь мінулы год. Усё ж лётаць на адным крыле вельмі нязручна. Ну і наогул, калі «Тамагаўкі» лётаюць, хай і ў аддаленьні, мае сэнс не сварыцца з гаспадаром гэтых прыладаў.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG