Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: «Пакуль Беларусь не дамаглася, чаго хацела — роўных цэнаў на газ для расейскіх і беларускіх спажыўцоў»


Тацяна Манёнак

Віцэ-прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што па выніках нядаўніх перамоваў з Расеяй была дасягнутая дамоўленасьць, што цана расейскага прыроднага газу для Беларусі будзе складаць 129 даляраў за тысячу кубічных мэтраў у 2018 годзе і 127 даляраў у 2019 годзе. Калі б такіх дамоўленасьцяў не атрымалася дасягнуць, то цана на газ была 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. «Таму зьніжка істотная», — дадаў ён.

Экспэрт у нафта-газавых пытаньнях Тацяна Манёнак кажа, што пакуль заўчасна так аптымістычна ацэньваць вынікі перамоваў, бо ўсё будзе залежаць ад цэнаў на нафту. Да таго ж не зусім празрыста і зразумела: 129 даляраў — гэта фіксаваная цана ці не:

«Бо было сказана, што формула ўтварэньня цаны на газ для Беларусі захавалася: як і летась, у прывязцы да сабекошту ў Ямала-Нянецкай акрузе плюс лягістычныя выдаткі і гэтак далей. Калі гэта так, то цана на газ будзе карэктавацца. Напрыклад, у студзені гэтага году Беларусь атрымлівала газ па 144 даляры за тысячу кубамэтраў (хоць расейскі «Газпром» казаў, што прадае нам газ па 141 даляры за куб).

Як казаў Сямашка, калі б не было цяперашніх дамоў, то Беларусь атрымлівала б газ па 150 даляраў. Але ўсё залежыць яшчэ ад таго, якая будзе цана на нафту. А прагнозы самыя розныя. Калі цана на нафту будзе расьці, то і цана на газ павысіцца. Таму казаць, што цяперашнія дамовы пра цану газу 129 даляраў за тысячу кубоў вельмі выгадныя для Беларусі, пакуль складана.

Калі цана на нафту зьнізіцца, напрыклад, да 40 даляраў за барэль, то для эўрапейскіх спажыўцоў цэны на газ таксама зьменшацца, і цана на газ для Беларусі ў 2018–2019 гадах ня будзе выглядаць такой прывабнай.

Беларускі бок настойваў яшчэ і на тым, каб аплата за газ ажыцьцяўлялася ў расейскіх рублях, а не ў далярах. Быццам бы бакі мяркуюць працягнуць перамовы ў гэтым пытаньні. Я была нядаўна на міжнароднай канфэрэнцыі, і адзін расейскі экспэрт казаў, што расейская пазыцыя такая: «Калі хочаце купляць за рублі, дык уваходзьце ў рублёвую зону». Ці пойдзе тут Расея на саступкі для нас, пакуль невядома, але гэта было б сур’ёзнай саступкай для Беларусі, бо ваганьні курсаў нэгатыўна адбіваюцца на фінансавай сыстэме.

Галоўная мэта, вядома — зблізіць цэны на газ для Расеі і для Беларусі. Як кажа Сямашка, гэтыя цэны зблізяцца ў 2020–2025 гадах, калі будзе створаны адзіны рынак газу.

Але пакуль што Беларусь не дамаглася, чаго хацела — роўных цэнаў на газ для расейскіх і беларускіх спажыўцоў. Тым ня менш пэўныя саступкі расейскі бок зрабіў (я маю на ўвазе зьніжкі ў параўнаньні з пачаткам году). Гэта, натуральна, плата за тое, што Беларусь ня будзе чыніць перашкоды ў стварэньні адзінага рынку электраэнэргіі; гэта плата за тое, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага зьвязу, Так што пэўныя саступкі ёсьць, але ацаніць іхную вагу, ня ведаючы, якой будзе цана на нафту ў 2018–2019 гадах, складана.

Але я яшчэ раз нагадаю, чаго хацеў беларускі бок: ён настойваў, што найбольш справядлівая цана на газ для Беларусі — 73 даляры за тысячу кубоў. Летась Беларусь плаціла па 103 даляры за тысячу кубоў».

XS
SM
MD
LG