Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест таго, каб заняцца дывэрсыфікацыяй, беларускія ўлады прычапіліся, як п’яўкі, да „Газпрому“», — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што па выніках нядаўніх перамоваў з Расеяй была дасягнутая дамоўленасьць: цана расейскага прыроднага газу для Беларусі будзе складаць 129 даляраў за тысячу кубічных мэтраў у 2018 годзе і 127 даляраў у 2019 годзе. Сямашка падкрэсьліў, што гэтая цана зафіксаваная і ня будзе залежаць ад кан’юнктуры нафтавага і газавага рынку. Афіцыйныя беларускія СМІ падаюць гэта як перамогу беларускага боку ў складаных перамовах з Расеяй.

Кіраўнік Цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук так ня лічыць:

«Меркавалася, што будзе адзіны рынак газу і, як казалі ўлады, будуць адзіныя ўнутраныя цэны для ўсіх пакупнікоў гэтага тавару. Таму ў гэты сэнсе 129 даляраў — гэта, безумоўна, перамога „Газпрому“. І сёньня, калі рынак газу ў Эўропе больш канкурэнтны, калі Эўропа пачала атрымліваць газ з Амэрыкі, то фіксаваньне цаны ў амаль 130 даляраў — гэта параза.

Гэта падштурхоўваньне Беларусі ў зону рэгіянальных цэнаў і азначае, што Беларусь ня мае іншых магчымасьцяў. Замест таго, каб заняцца дывэрсыфікацыяй і дэцэнтралізацыяй паставак, беларускія ўлады прычапіліся, як п’яўкі, да „Газпрому“, і ня хочуць з гэтай крыніцы злазіць.

Так што замест таго, каб падаваць гэта як перамогу, я б параіў спадару Сямашку і прэм’еру Кабякову ўважліва пачытаць ліст Нацыянальнага банку, які ён накіраваў усім банкам. Там адзначана вельмі трывожная рэч, што тычыцца буйных прадпрыемстваў: Нацыянальны банк прызнае, што эканамічны і фінансавы стан буйных атрымальнікаў крэдытаў зьяўляецца нездавальняючым. Гэта больш балючая дыягностыка для той эканомікі, якую беларускі ўрад быццам бы падымае з каленяў. Так што тут трэба казаць не пра перамогу, а пра тое, што ўся энэргія, якую трэба было накіраваць на правядзеньне рэформаў, была накіраваная на тое, каб застацца ў сфэры ўплыву і зоне цэнаў „Газпрому“ і „Роснефти“. І тым самым яны павялічылі яшчэ больш залежнасьць нашай краіны ад Расеі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG