Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Жызьнеўская: «Мы, вядома, чакаем Зоркі для нашага сына»


Ніна Жызьнеўская, архіўнае фота

Маці героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, Ніна Жызьнеўская, якая з мужам і дачкою жыве ў Гомлі, даведалася пра зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», унесеныя Вярхоўнай Радай Украіны:

«Дома ўсе мы ўзрадаваліся, бо тым самым зьнятыя заканадаўчыя барʼеры дзеля таго, каб і грамадзяне замежных краін за асаблівыя заслугі маглі быць уганараваныя найвышэйшым званьнем — Героя Ўкраіны. Мы, вядома, чакаем украінскай Зоркі для нашага сына. І наш Міша, і грузін Давід Кіпіяні — яны ж таксама аддалі свае маладыя жыцьці за свабоду і незалежнасьць Украіны», — кажа Ніна Васілеўна.

Як мяркуе Жызьнеўская, з наданьнем сыну найвышэйшай узнагароды Ўкраіны наўрад ці знойдуцца ў Беларусі ахвотнікі называць яго «бандытам» ды «нацыяналістам». Дый магілу сына на радзінных могілках у вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомлем, лягчэй будзе засьцерагчы ад вандалаў — тыя ўжо неаднойчы спрабавалі пашкодзіць яе: то сьцягі й стужкі ўкраінскія пазрываюць, то на помніку надрапаюць непатрэбшчыну.

Ніна Васілеўна кажа, што ў апошнюю сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якая адбылася мінулай восеньню, яны з мужам напісалі заяву, каб сына пасьмяротна прызналі грамадзянінам Украіны. Такі варыянт таксама адкрываў магчымасьць надаць беларусу Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў у Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасьці і свабоды, найвышэйшую ўзнагароду Ўкраіны. Цяпер такая неабходнасьць адпала.

«Я ведаю, — кажа Ніна Жызьнеўская, — што за нашага сына заступаліся шматлікія ўкраінскія бацькі загінулых герояў Нябеснай Сотні, а таксама наш беларускі паэт і грамадзкі дзяяч Уладзімер Някляеў, які асабіста меў размову з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам».

XS
SM
MD
LG