Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху абвясьціў збор подпісаў за маршрут акцыі


Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху ў Менску абвясьціў збор подпiсаў пад зваротам да Менгарвыканкаму, у якім зьмешчана патрабаваньне зацьвердзiць заяўлены маршрут акцыі.

Арганізатары падалі заяўку на збор і мітынг з 18 да 19-й гадзіны каля Опэрнага тэатру, а затым шэсьце да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца ўскладаньне кветак.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму аргкамітэт зьвярнуўся па падтрымку да грамадзян:

«25 сакавіка Менгарвыканкам фактычна сарваў акцыю, парушыўшы заканадаўства, калі даў дазвол літаральна за дзень да яе. Апроч таго, яны па-валюнтарысцку зьмянілі час і месца збору, чым дэзарыентавалі людзей. Каб гэта не паўтарылася, мы створым пэтыцыю і папросім грамадзян падтрымаць заяўлены маршрут».

Яшчэ адна прычына збору подпісаў у тым, што ўлады трактуюць распаўсюд інфармацыі пра заплянаваную акцыю як парушэньне заканадаўства.

Паводле Рымашэўскага, ніхто не забараняе зьбіраць подпісы ў падтрымку заяўленага маршруту.

«І такім чынам мы распаўсюджваем інфармацыю пра акцыю сярод грамадзян і адначасова аказваем грамадзкі ціск на ўладу, каб яны выконвалі закон».

3 красавіка аргкамітэт правядзеньня «Чарнобыльскага шляху» падаў заяўку ў Менгарвыканкам.

Пад заяўкай стаяць подпісы прадстаўнікоў партыі БНФ, аргкамітэту партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і партыі «Зялёныя». На акцыі маюць гучаць лёзунгі супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і лёзунг «Не — Чарнобылю экалягічнаму і палітычнаму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG