Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 фактаў пра Зьмітра Жылуновіча (Цішку Гартнага)


Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч)
Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч)

11 красавіка — дзень памяці Зьмітра Жылуновіча, пісьменьніка, выдаўца, кіраўніка першага беларускага савецкага ўраду. Ён быў закатаваны ў засьценках НКВД і загінуў 11 красавіка 1937 году ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Анатоль Сідарэвіч пісаў: «...Мы памятаем, што ён быў у шэрагу першых. Мы ведаем, што ў сілу сваіх здольнасьцяў ён паслужыў беларушчыне. Ён быў пралетар? Але ён заслужаны перад Беларусьсю пралетар. Ён быў камуністам? Але ніхто ня будзе аспрэчваць, што перш ён быў беларусам».

Родная хата Зьмітра Жылуновіча
Родная хата Зьмітра Жылуновіча

1. Маці злавалася, што яе сын — сябар РСДРП

«Каб які неўдаль быў... бач, зьвязаўся з гэтымі дэмакратамі, каб на іх цураха... Глядзі, каб табе омегам ня вылезла гэта хеўра...» — цытуе яе словы Сьцяпан Александровіч.

Хведар Жылуновіч, бацька Зьмітра Жылуновіча
Хведар Жылуновіч, бацька Зьмітра Жылуновіча

2. Каб праведаць зьняволенага Якуба Коласа, выдаў сябе за яго брата

«...Блёндыністы наглядач ушчыніў дзьверцы... Я зьвярнуўся: „Ці няможна ўгледзецца з Кастусём Міцкевічам?“ — „А ты хто будзеш?“ — „...Яго стрэчны брат, зь Мікалаеўшчыны“. Мне не прыйшло ў галаву, што наглядач мог патрабаваць дакуманты і выкрыць хлусьню. Ці мой непрэзэнтабэльны выгляд (...), ці нагледачова даверлівасьць [дапамаглі] — але я хутка ачуўся на прасторным дзядзінцы вастрогу» (Цішка Гартны, «Дваццаць гадоў назад» (Успаміны зь мінулага). Полымя № 5, 1929).

3. Лічыў менскіх рабочых грубымі і распуснымі

«Усе на падбор яны былі несьвядомымі, малапісьменнымі, распуснымі. Зьмест іх гутарак не выходзіў з вузкага кола абгавору плянаў выпівак і залётаў за дзяўчатамі. Здарэньні, якія вынікалі з гэтага, смакаваліся, выклікалі рогат, рашучасьць на працяг у далейшым. Мяне дзівіла, каб у Менску можна было стрэць гэтак адсталых у сьвядомасьці і разьвіцьці рабочых-гарбароў. Капыль пасьля гэтага стаяў на недасягальнай вышыні...» (там жа).

Сям’я Альбэрта Паўловіча
Сям’я Альбэрта Паўловіча

4. Вучыўся этыкету ва Ўладыслава Галубка

«Першы мой абед ва ўмовах гарадзкога этыкету [быў у А. Паўловіча]. Калі я ўсеўся за стол з расстаўленымі талеркамі, салфэткамі, блішчастымі відэльцамі і нажамі — загубіўся... Я пільна сачыў за Ў. Галубком, што ён будзе рабіць, і стараўся самому ісьці за яго прыкладам. Аднак мне гэта не ўдавалася: у Галубка відэльцы спрытна пераскаквалі з рук у рукі, талерка непарушна стаяла, нож і салфэтка мелі сваё прызначэньне... У мяне нож стукаў па талерцы, відэльцы — па нажы. Гэта выклікала гаспадыніну ўвагу, якая яшчэ больш нэрвавала» (там жа).

Уладыслаў Галубок
Уладыслаў Галубок

5. Яго неўзаемна кахала «бундаўка», якой ён выкладаў расейскую мову

«[У] Менску я зусім выпадкова спаткаўся з Сорай Бляўчыцкай, для якое наша спатканьне мела характар шчасьлівага выпадку. Справа ў тым, што, закахаўшыся ў мяне, Сора не знаходзіла ў Капылі магчымасьці часта сустракацца са мною... Яе маці, фанатычная законьніца, пільна сачыла за дачкою, лаючы яе за належнасьць да Бунду і знаёмства з гоямі. Нягледзячы [на гэта] я на працягу зімы вучыў Сору расейскай мове. Гэта зблізіла нас, і спатканьне ў Менску мела ўрачысты характар» (там жа).

6. Крыўдзіўся на пісьменьнікаў, што яны сваімі творамі не падтрымалі рэвалюцыю

«Для беларускіх пісьменьнікаў незразумелым было тое гэраічнае, першае сьвядомае змаганьне працоўных грамадаў за сваю Сацыялістычную радзіму, Беларусь. Кроў і ахвяру тых беларускіх сялян і рабочых, чые мукі раней натхнявалі беларускіх парнасцаў, цяпер ня краталі зьдзеравянелых сэрцаў запуджаных песьняроў. Яны або маўчалі, або ўпотайку, як шашаль у дзераве, рыпелі тонамі будзённых днёў, тонамі васеньніх скрыпак, тонамі нуды, безнадзейнасьці» (Беларускі Парнас у новай вопратцы (Абегла-крытычны нарыс). Полымя № 2, 1923).

7. Заклікаў да партызанскай вайны супраць кайзэраўцаў і ўраду БНР

«...у самых шырокіх мерках трэ скарыстаць партызанскую вайну ў сваім краю супроць нямецкай, польскай і сваёй беларускай буржуазеі. І з гэтым мы мусім ня чакаць, а скарэй пасылаць людзей для гуртаваньня вайсковых грамад» (Дзяньніца № 5, 23 сакавіка 1918).

8. Папракаў расейскіх рэвалюцыянэраў, што на Беларусі дзейнічалі польскія войскі

«...ці не павінна ў гэтым і расейская рэвалюцыя, і мы самі, беларускія камуністы, і ў асобку наш гасцінна-размашысты „інтарнацыяналізм“, якому ня ў меру мы плацім падаткі за шчот інтарэсаў свае рэвалюцыі і волі свае стараны!» (Дзяньніца № 40, 3 сьнежня 1918).

Маніфэст Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі
Маніфэст Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі

9. Абвінавачваў Іосіфа Сталіна

У артыкуле «Як жа зь Беларусьсю?» (Дзяньніца № 38, 19 лістапада 1918) папракаў Сталіна (які на той час быў камісарам у справах нацыянальнасьцяў) за няўвагу да Беларусі: «Весь час, са дню расейскай рэвалюцыі, беларускае пытаньне нядбайна прапушчаецца між пальцаў. Нашы таварышы, трымаючыя ўладу, павінны кінуць сваю нядбаласьць да цэлага народу і ясна паставіць пытаньне аб долі Беларусі». Менавіта гэты артыкул паспрыяў стварэньню ў пачатку студзеня 1919 г. першай беларускай савецкай дзяржавы ССРБ на чале з Жылуновічам.

Яўхім Карскі
Яўхім Карскі

10. Называў шматтомную працу Карскага «Беларусы» «цэбарам гразі»

У артыкуле Адама Бабарэкі «3-ці вечар „Полымя“» чытаем выказваньне Жылуновіча: «Адна мэта прасочваецца праз [гэтую] працу — гэта дыскрэдытаваць беларускі рух перад вучоным сьветам, ды ня толькі Расеі, але й усяго сьвету (...), гэта цэбар гразі...»

Заір Азгур
Заір Азгур

11. У яго была арыгінальная манера адказваць на пытаньні

Паводле ўспамінаў Заіра Азгура: «Часам здавалася, што ён, ведаючы, аб чым пытаюць, знарок ня хоча адказваць. Прайшло крыху часу, і я зразумеў, што ён думаў над тымі пытаньнямі, якія яму задавалі. Бывала, што ён адказваў на іх на другі або на трэці дзень. Я ўжо забываўся, пра што пытаў, і дзівіўся — чаму ён гаворыць аб тым, што ня мае ніякага дачыненьня да нашай сёньняшняй гаворкі».

Зь сям’ёй. 1929 год
Зь сям’ёй. 1929 год

12. Модна апранаўся і перад «выхадам у сьвет» правяраў, ці добра ўбралася жонка

Па ўспамінах дачкі Галіны: «Апранаўся бацька прыгожа і модна (...) Бацькавы знаёмыя пасьмейваліся зь яго прывычкі насіць „бабачку“ ці мяняць амаль кожны дзень гальштук (...). У сям’і існавала правіла: калі бацька ішоў з маці на які-небудзь урачысты вечар, ён, апрануты па-сьвяточнаму, прыходзіў у наш пакой і прыдзірліва аглядаў маці, яе сукенку».

13. Жонку раздражняла яго дыета

«У яго былі не зусім здаровыя ныркі, і ён часта лячыўся. Маці (...) не падабалася, што бацька быў вельмі пераборлівы да яды... Гэта тлумачылася патрабаваньнямі дыеты. Час ад часу маці пачынала «бунтаваць», і тады ўжо бацьку прыходзілася есьці катлеты. Аднойчы бацька спытаўся: «Чаму ў цябе, Надзея, адзін раз катлеты бываюць вельмі смачныя, а другі раз — не?» Тая: «Як і ў цябе... Ты адзін раз як сядзеш, дык напішаш адразу дзесяць старонак, а другі раз — пішаш і рвеш...» (там жа).

Зьміцер Жылуновіч
Зьміцер Жылуновіч

14. Настолькі любіў опэру, што назваў дачку ў гонар опэрнай гераіні

«Бацька (...) захапляўся опэрай. Нават імя я атрымала дзякуючы яго захапленьню. У доўгіх сямейных спрэчках мне не маглі выбраць імя. Аднойчы, вярнуўшыся з опэрнага тэатра, дзе ставілі опэру Манюшкі „Галька“, бацька катэгарычна заявіў: яна (гэта значыць я) будзе Галькай». (там жа).

Андрэй Александровіч. 1926 год
Андрэй Александровіч. 1926 год

15. Адмовіўся друкаваць у «Полымі» працяг паэмы Андрэя Александровіча «Цені на сонцы», дзе заклікалася да зьнішчэньня «ворага народу» юрыста Мікалая Гуткоўскага

«Жылуновіч... запрасіў да сябе ў кабінэт Александровіча. Як мага спакайней растлумачыў, чаму адмаўляецца друкаваць. Александровіч... [абурыўся]: патураць нацдэмаўцам? Гэтак яго, вядомага пралетарскага паэта, абражаць? У хуткім часе ён не прамінуў публічна выступіць супроць свайго былога „хроснага“, абвінаваціўшы ў патаканьні недабітым ворагам пралетарыяту». (Ялугін Э. Без эпітафіі: Дакумэнтальная аповесьць. Мн., 1989)

Міхась Чарот, Зьміцер Жылуновіч, Янка Купала, Міхась Зарэцкі сярод студэнтаў у Празе. 1925 год
Міхась Чарот, Зьміцер Жылуновіч, Янка Купала, Міхась Зарэцкі сярод студэнтаў у Празе. 1925 год

16. Абураўся, што Кнорын не разумее сутнасьці пралетарыяту

У артыкуле «Аб крытыцы „Босыя на вогнішчы“ і яшчэ аб саміх „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота» Жылуновіч адзначаў: «Кнорын абмыляецца, калі хоча прыцягнуць тыпы з „Босыя на вогнішчы“ да (...) пралетарыяту... ён „перагнуў палку“ [калі] хацеў падкрэсьліць праводзімую ім думку жывым узорам з паэмы, і прывёў лёзунг босых: „Каго зловіш — разарві, хто ня наш — таго даві“ (...) Сьвядомы рэвалюцыянэр... ня меў і ня мог мець гэткага лёзунгу... „Босыя на вогнішчы“ (...) — выразны абраз агідных крымінальнікаў, каторыя ў рэвалюцыю граюць ролю драпежных птушак, прылятаючых на збройнае поле, каб пажывіцца целамі забітых ваяк» (...) Судзіць (...), што М. Чарот «зразумеў сутнасьць пралятарскай рэвалюцыі ў Беларусі...», як думае т. Кнорын, гэта глыбока абмыляцца».

Ілюстрацыя Міхася Філіповіча да паэмы Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы». 1922 год
Ілюстрацыя Міхася Філіповіча да паэмы Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы». 1922 год

17. У часы абвінавачваньняў у «нацдэмаўшчыне» быў вымушаны ахайваць Каліноўскага, але зь ягоным бюстам расстацца ня мог

У «Полымі» за 1931 г. № 1 пісаў пра Каліноўскага: «Гэта асоба цесна зьвязаная з нацыяналістычнымі буржуазна-памешчыцкімі коламі ў часе польскага паўстаньня 1863 году (...) Ягоны буржуазны шавінізм замазваецца выпукленьнем народніцка-рэвалюцыйнай чыннасьці». У той жа час чытаем у Ялугіна: «Прыгожы бронзавы бюст (...) узвышаўся ў гасьціным пакоі. Яго падараваў Заір Азгур, які ведаў гарачую прыхільнасьць Жылуновіча да правадыра беларускіх паўстанцаў. Жылуновіч (...) быў вымушаны перанесьці бюст у кабінэт... растацца зь бюстам ня мог».

Бюст Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы
Бюст Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы

18. Тым, як яго катавала НКВД, палохалі іншых зьняволеных

Пісьменьнік Станіслаў Шушкевіч успамінаў: «У суседнім пакоі (...) дапытвалі Гартнага. Чутно было — білі. Рамянямі і, відаць, нагамі... Дык мне [казаў] сьледчы Шчураў: „Не прызнаесься, Шушкевіч, добраахвотна... і ты трапіш да таварыша Цэйтліна“... Гартнага ў тры зьмены дапытвалі — днём і ноччу» (там жа).

19. За яго заступіўся канваір

«Васіль Хомчанка ўспамінае, што (...) аднойчы захварэў, і яго павялі ў турэмную бальніцу. На дварэ ўбачыў групу людзей, якія гучна сьмяяліся... Тры ахоўнікі пацяшаліся з арыштанта. Яму ўсунулі ў рукі мятлу і загадалі месьці пляцоўку перад бальніцай. «Твар арыштанта, — кажа Хомчанка, — даўно не голены, быў нібы застылы, і ўсьмешка таксама нейкая застылая. Галава ўвесь час дробна ўздрыгвала, нібы яго нехта нябачны штурхаў ззаду... «Дурні вы, жлабы, — вылаяўся мой канваір..., — з каго сьмеяцеся? — падышоў да Цішкі Гарнага [адабраў мятлу]. „Дзядзька Зьміцер, ня трэба гэтага рабіць...“ (там жа).

Зьміцер Жылуновіч. Турэмнае фота
Зьміцер Жылуновіч. Турэмнае фота

20. Вэрсія пра ягонае самагубства сумнеўная

Паводле сьледзтва: „Ён лёг на падлогу, узьняў жалезны ложак і ножку ложка паставіў сабе ў рот, і такім чым учыніў самагубства“. Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае: „Паводле ўсіх заключэньняў, ён ня быў здольны на самагубства. Сто працэнтаў гэта было зроблена супрацоўнікамі НКВД“. Паводле доктара Агнесы Героднік, Жылуновіч „поступил в Могилевскую психоневрологическую больницу из места заключения с диагнозом „реактивный психоз“. (...) Умер вскоре после поступления. Я сама проводила вскрытие и могу сообщить, что причиной его смерти было тяжелое хроническое заболевание — кистозное перерождение обеих почек. Вместо почечной лоханки были пузырьки, наполненные жидкостью, как виноградные кисти“ (http://nn.by/?c=ar&i=71675).

Сымбалічная магіла Зьмітра Жылуновіча ў Магілёве
Сымбалічная магіла Зьмітра Жылуновіча ў Магілёве

Выкарыстаныя крыніцы:
Азгур З. Незабыўнае. Мн., 1962.
Бабарэка А.. 3-ці вечар „Полымя“ (Полымя, № 3-4 1923)
Галіна Жылуновіч. Мой бацька. Успаміны па Цішку Гартнага. Мн., 1984.
Дзянніца № 40, 3 сьнежня 1918.
Дзянніца № 5, 23 сакавіка 1918.
Дзянніца № 38, 19 лістапада 1918
Жылуновіч З. Аб крытыцы „Босыя на вогнішчы“ і яшчэ аб саміх „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота» (Полымя, № 1, 1922). Жылуновіч З. Беларускі Парнас у новай вопратцы (Абегла-крытычны нарыс)
Полымя № 2, 1923
Полымя № 1, 1931
Александровіч С. Тут зямля такая. «...Я рабочы-гарбар». Мн., 1985.
Цішка Гартны. Дваццаць гадоў назад (Успаміны з мінулага). Полымя № 5, 1929).
Ялугін Э. Без эпітафіі. Дакументальная аповесць. Мн., 1989.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG