У Маскве суд на два месяцы арыштаваў выкладчыка матэматыкі Дзьмітрыя Багатава, падазраванага ў закліках да тэрарызму і масавых беспарадкаў падчас няўзгодненай акцыі пратэсту ў сталіцы 2 красавіка. Такім чынам, суд задаволіў хадайніцтва сьледчага, паведамляе «Медиазона».
25-гадовы Багатаў, выкладчык Маскоўскай фінансава-юрыдычнай акадэміі, быў затрыманы 6 красавіка. Паводле сьледзтва, малады чалавек пад выдуманым імем заклікаў у сацыяльных сетках да гвалту падчас мітынгу 2 красавіка. Сам Багатаў адмаўляе абвінавачваньні.
Раней сьледчыя ўжо патрабавалі арыштаваць Багатава, аднак 7 красавіка суд адмовіў у задавальненьні гэтага хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс Расіі не прадугледжвае заключэньне пад варту па справах невялікага цяжару, у тым ліку па абвінавачваньні ў закліках да масавых беспарадкаў.
Адразу пасьля гэтага — у ноч на 8 красавіка — выкладчыку прад’явілі новыя абвінавачваньні: у падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў і закліках да тэрарызму. Сьледчыя зноў зьвярнуліся ў суд з патрабаваньнем арыштаваць Багатава.
26 сакавіка па ўсёй Расіі прайшлі антыкарупцыйныя мітынгі. Неўзабаве пасьля гэтага ў сацсетках зьявілася інфармацыя аб новай акцыі пратэсту, прызначанай на 2 красавіка. У дзень правядзеньня мерапрыемства на Манежнай плошчы ў Маскве сабраліся каля 50 чалавек, у тым ліку пракрамлёўскія актывісты. Некалькі чалавек былі затрыманыя.