Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гаварыць пра сваю сэксуальную арыентацыю сьмерці падобна», — кіраўнік Humans Rights Watch пра перасьлед геяў у Чачні


У Чачні дзейнічае дзьве «сакрэтных турмы» для геяў. Пра першае месца для ўтрыманьня ўсіх, каго ўлады западозрылі ў аднаполых сувязях, напісала расейская «Новая газэта».

Паводле інфармацыі крыніц выданьня, мужчын затрымліваюць і зьбіваюць, пасьля чаго зьмяшчаюць у «сакрэтную турму» у Аргун. Некалькі чалавек загінулі праз пазасудовыя расправы, распавялі журналістам суразмоўцы ў Чачні.

Другое месца для незаконнага ўтрыманьня геяў знаходзіцца ў сяле Цоцы-Юрт, распавялі Радыё Свабода «крыніцы сярод чачэнскіх гомасэксуалаў. Яны ж дадалі, што затрыманьні геяў пачаліся яшчэ ў сьнежні 2016 году, і гэтым займаецца кіраўніцтва раённых аддзелаў паліцыі.

Па словах суразмоўцаў, геяў выманьвалі з дапамогай „падстаў“: ім прызначалі спатканьні, а пасьля сустрэчы зьбівалі, здымалі на відэа і патрабавалі грошы за маўчаньне.

На пачатку сакавіка некалькі геяў былі забітыя, як мяркуецца, гэта адбылося падчас зьбіцьця паліцыянтамі. „Але часам ставілі ўмовай родным, што выпусьцяць затрыманага гея, калі тыя забʼюць яго самі“, — распавёў суразмоўца Радыё Свабода.

Паводле інфармацыі „Новай газэты“, незаконнае затрыманьне зазналі каля сотні геяў, траіх зь іх забілі. У „сакрэтных турмах“ гомасэксуалаў „зьбівалі,“ саджалі на бутэльку, білі токам ». Выданьне сьцьвярджае, што да перасьледу геяў датычныя сьпікер парлямэнту Чачні Магамэд Дауд, таксама вядомы пад пазыўным «Лорд», і начальнік аддзелу МУС Расеі па Аргуну Аюб Катаеў.

Прэс-сакратар кіраўніка Чачні Альві Карымаў пасьля публікацыі «Новай газэты» казаў, што «калі б у Чачні былі такія людзі <...> сваякі адправілі б іх па адрасе, адкуль не вяртаюцца».

У дырэктара расейскіх праграм няўрадавай арганізацыі Human Rights Watch Тацяны Лакшыной ёсьць незалежныя пацьверджаньні гэтай інфармацыі. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію вядучаму «Настоящее время» Цімуру Алеўскаму.

— Скажыце, калі ласка, ці можна выказаць здагадку, што ў Чачні могуць палітычныя забойствы выдаваць за забойства гонару, і такім чынам пазьбягаць адказнасьці, як вы лічыце? Наогул тэарэтычна гэта магчыма ці не?

— Ведаеце, я думаю, што ў дадзеным выпадку ўсё ж гаворка ідзе пра іншае — гаворка ідзе пра масіраваную, жахліва жорсткую кампанію перасьледу людзей за іх сэксуальную арыентацыю. Таму што на дадзены момант дзясяткі мужчын былі затрыманыя, калі ў дадзеным выпадку наогул можна так выказацца, іх адвялі супрацоўнікі мясцовых праваахоўных органаў Чачні, якія падазравалі іх у тым, што яны ЛГБТ.

— А чаму яны цяпер гэта пачалі рабіць, вось менавіта ў гэты час?

ажыцьцяўляецца сачэньне праз сацсеткі ў адпаведных чатах, у адпаведных групах, і людзей забіраюць, людзей вельмі жорстка зьбіваюць, катуюць

— Чаму менавіта ў гэты? Давайце пачнём з самага пачатку. Гэтую інфармацыю першай апублікавала «Новая газэта» літаральна некалькі дзён таму, і да нас, трэба сказаць, у Human Rights Watch, таксама паступала падобная інфармацыя з розных крыніц. І тое, што гісторыі, якія распавядалі нам, якія распавядала «Новая газэта», адпавядаюць адна адной, яны вельмі-вельмі моцна падобныя, і колькасьць крыніц, зь якіх уся гэтая інфармацыя паступае, прымушае нас думаць, што гэта сапраўды так, гэтыя жахлівыя рэчы, праўда, у Чачні адбываюцца.

Як высьвятляюць праваахоўныя органы ў Чачні, што той ці іншы чалавек гей? Што наогул адбываецца? З усёй відавочнасьцю ажыцьцяўляецца сачэньне, ажыцьцяўляецца сачэньне праз сацсеткі, у адпаведных чатах, у адпаведных групах, і людзей забіраюць, людзей вельмі жорстка зьбіваюць, катуюць. Мы таксама чулі пра тое, што затрыманых такім чынам гвалцяць. І, наколькі нам вядома, гэтая інфармацыя таксама была апублікаваная «Новай газэтай», некалькі чалавек загінулі пасьля гэтых затрыманьняў. Гэта значыць, гаворка ідзе пра жахлівыя злачынствы.

І вось, нарэшце, у панядзелак была рэакцыя з боку Крамля, спадар Пяскоў, прэс-сакратар, паведаміў журналістам пра тое, што сытуацыяй ён не валодае, Крэмль не ведае, адбываецца гэта на самай справе, ці не адбываецца, але інфармацыя публікуецца ў СМІ, а значыць праваахоўныя органы павінны разабрацца, зразумець, у чым жа справа. І, з аднаго боку, быццам бы добра, што вось цяпер Крэмль дае сыгнал праваахоўным органам, гэта трэба расьсьледаваць, гэтую інфармацыю ў СМІ ня трэба ігнараваць. Добра.

Але пры гэтым Пяскоў спэцыяльна падкрэсьлівае, што калі ёсьць пацярпелыя ад рук сілавікоў у Чачні ў рамках гэтай гісторыі, яны павінны скардзіцца. Яны павінны аформіць заяву, іх заявы будуць разгледжаны і гэтак далей, і таму падобнае. А, прабачце, якія гарантыі бясьпекі ў дадзеным выпадку? Вось проста аформіць заяву людзям, якія знаходзяцца ў такой уразьлівай сытуацыі, — гэта ня выйсьце.

— Гэта, напэўна, і не цалкам магчыма.

— Не цалкам магчыма.

— Ці ёсьць нейкая сувязь паміж гэтымі людзьмі, акрамя таго, што яны геі? Яны, можа быць, былі там, я ня ведаю, уваходзілі ў нейкія спэцыяльныя групы, былі палітычна актыўныя, ці гэта кампанія, менавіта накіраваная на зьнішчэньне ЛГБТ-супольнасьці?

тое, з чым мы сутыкаемся цяпер, — гэта менавіта масіраваная кампанія

— Наколькі мы разумеем, гэта кампанія, якая накіравана непасрэдна супраць ЛГБТ-людзей. Гаворка не ідзе пра палітычную актыўнасьць. Больш за тое, сытуацыя для ЛГБТ-людзей у Чачні такая, што заяўляць нейкую пазыцыю, займацца нейкім ЛГБТ-актывізмам унутры рэспублікі, вядома, людзі ня могуць сабе дазволіць. Яны ня могуць гаварыць пра сваю сэксуальную арыентацыю. Гэта само па сабе сьмерці падобна.

Тое, што ЛГБТ-людзі адчайна ў Чачні ўразьлівыя, нам было вядома. І мы і раней сутыкаліся з выпадкамі, калі людзі былі вымушаныя бегчы з Чачні, таму што ім пагражалі, пагражалі члены іх семʼяў, сваякі пагражалі забойствам. У некаторых выпадках, зь якімі мы сутыкаліся, сваякі гэтых людзей, уласна, якія пагражалі ім, былі ў складзе сілавых структураў рэспублікі. Але тое, з чым мы сутыкаемся цяпер, — гэта менавіта масіраваная кампанія.

XS
SM
MD
LG