Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту разьлічаная на зьнешнепрапагандысцкі эфэкт», — адказ беларускіх дэпутатаў


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказалі жаль з прычыны рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, якая асуджае гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі. У сваім камэнтары, зьмешчаным на сайце заканадаўчага органа, чальцы пастаяннай камісіі па міжнародных справах падкрэсьліваюць, што ў Страсбуры «пераважае аднабокі погляд на сытуацыю ў нашай краіне».

Паведамляецца, што ў профільнай камісіі ўважліва азнаёміліся з рэзалюцыяй Эўрапарлямэнту: «Пацьвярджаючы гатоўнасьць да ўзаемапаважлівага і раўнапраўнага дыялёгу з нашымі калегамі-парлямэнтарамі, выказваем жаль, што ў Эўрапейскім парлямэнце пераважае павярхоўны і аднабокі погляд на сытуацыю ў Беларусі і на ўзаемадзеяньне нашай краіны і ЭЗ, які ня ўлічвае ўвесь комплекс праблематыкі разьвіцьця сытуацыі ў рэгіёне».

Аўтары пішуць, што «эмацыйныя і рэзкія заявы нашых эўрапейскіх партнэраў, разьлічаныя на зьнешнепрапагандысцкі эфэкт, не спрыяюць кансалідацыі Эўропы, пашырэньню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і нарошчваньню сумесных высілкаў у справе забесьпячэньня міру і бясьпекі.

«Разьлічваем на працяг канструктыўнага дыялёгу і шчыльнага ўзаемадзеяньня з эўрапейскімі парлямэнтарамі ў інтарэсах нашых народаў», — падсумоўваюць беларускія дэпутаты. Сьпіс падпісантаў пры гэтым не прыкладаецца.

Эўрапейскі парлямэнт на сэсіі ў Страсбуры 6 красавіка прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой асудзіў разгон мірных дэманстрантаў і рэпрэсіі напярэдадні акцыі 25 сакавіка, заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых, а эўрапейскія інстытуты — узмацніць увагу да палітычнай сытуацыі ў краіне. Такім чынам, рэзалюцыя ўтрымлівае намёк на ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG