Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе пабудуюць хімічны гігант?


Сяргей Астраўцоў на фоне будоўлі АЭС
Сяргей Астраўцоў на фоне будоўлі АЭС

Днямі рупары паведамілі, што прэзыдэнт «даручыў прапрацаваць магчымасьць будаўніцтва ў краіне новай азотнай вытворчасьці».

Чытаць гэта было крыху няёмка, паколькі добра вядома, што з гэтым будаўніцтвам нашы расейцам даўно вушы пражужжалі. Даўно вырашана наконт будоўлі.

Іншая рэч, каб рупары зрабілі акцэнт на тым, што Лукашэнка сказаў гэтым разам: вызначыць месца, дзе лепей разьмясьціць завод, «улічваючы лягістыку, наяўнасьць працоўных рэсурсаў ды іншыя важныя моманты».

Што гэта азначае? Што жалезнае месца будаўніцтва — Горадня і больш канкрэтна — побач з існуючым «Азотам» — было нечакана пастаўленае сёньня пад пытаньне. Чаму? Адзін з магчымых адказаў: можа мець значэньне адлегласьць ад будучай крыніцы электраэнэргіі. Калі бліжэй да Астравецкай АЭС, можна хаця б зэканоміць на ЛЭП, што таксама ня будзе лішнім, паколькі энэргія ад атамнай станцыі — рэч нятанная.

Я меў рацыю: Лукашэнка задаў затым мясцоваму начальству рытарычнае пытаньне: «Ці варта канцэнтраваць каля Горадні другую такую вытворчасьць?» І сам на яго адказаў: «Трэба разьмяркоўваць падобныя рэчы па краіне».

Гэта толькі здагадкі, але. АЭС будуецца, а з продажам будучай энэргіі поўная няяснасьць. Хто будзе яе браць? Заграніца пакуль ня хоча. Самой Беларусі столькі ня трэба бадай. Дый кусацца будзе цана, калі самой сабе прадаваць. Што рабіць? Частковае выйсьце — пабудаваць новы хімічны гігант. Новы «Азот», як у Горадні. Электрычнасьці яно спажывае нямала.

Што патрэбна для новага гіганта хіміі? Інфраструктура, працоўныя рукі. Затым: абавязкова чыгунка і пажадана блізкасьць да мяжы і да партоў. Краінаў Эўразьвязу. Якія могуць быць варыянты? Ліда альбо Маладэчна. Але першая бліжэй да Горадні, гэта раз. Другое: як начальства хацела б пабудаваць новы «Азот»? За чые грошы? Чыімі рукамі? Расейскімі, ясна.

Прынамсі так хацелася да сёньняшняга дня доўгі час. Чаму і якім чынам? Апроч электрычнасьці, азотная вытворчасьць вымагае плоймы прыроднага газу, гэта — сыравіна. Гарадзенскі «Азот» спажывае каля пятай часткі газу, які патрабуецца краіне. Паколькі газ расейскі і паколькі цана на яго звычайна расьце, начальства ўвесь час хацела прадаць частку акцый (пакінуўшы кантрольны пакет, зразумела, у дзяржаўнай кішэні) аднаму з расейскіх пастаўшчыкоў газу. Каб сыравіна была «свая». І каб ён пабудаваў побач яшчэ «Азот». Абавязаць па ўмовах зьдзелкі.

Расейцы лічылі, што беларускі бок моцна, прынамсі ў паўтара раза, завышае кошт самога прадпрыемства, і не хацелі купляць.

Некалькі гадоў назад цана будаўніцтва ацэньвалася ў 1,4 мільярда даляраў. Сёньня называецца больш сьціплая лічба — 900 мільёнаў. Магчыма, каб зрабіць будаўніцтва больш прывабным для тэарэтычнага інвэстара.

Як ні вылузаліся, з расейцамі пакуль нічога ня выйшла. Цяпер прапрацоўваюцца розныя варыянты фінансаваньня, паведамляюць рупары. Якія? Кітайскі ці нейкі іншы крэдыт? Беспрацоўных кінуць на будоўлю? Нам невядома.

Аднак трэба сказаць яшчэ абавязкова пра газ. Лукашэнка загаварыў аб новым «Азоце» напярэдадні апошняй сустрэчы з Пуціным. А раптам даруе даўгі за газавыя пастаўкі? Пуцін нібы паабяцаў. Прынамсі, беларускі бок так хацеў зразумець. А заадно папрасіў больш нафты. Нафту паабяцалі.

Ну вось: з газам дамоўлена, хоць ты пачынай будаваць яшчэ адзін хімічны гігант. Аднак віцэ-прэм’ер Расеі Дварковіч паведаміў журналістам: бязмытныя пастаўкі нафты пачнуцца толькі тады, калі Менск аплаціць атрыманы газ. А гэта 726 мільёнаў даляраў — паводле ацэнак на канец сакавіка.

Ну, і як вам арытмэтыка? Задаўжалі за газ амаль столькі, колькі будзе каштаваць новы «Азот». Дык можа ня варта яшчэ адну будоўлю стагодзьдзя пачынаць? Каб ня ўлезьці ў даўгі да Расеі зусім па вушы?

Калі на цьвярозую галаву, то сапраўды ня трэба. Але вылічальная машынка ў галаве працуе, ёй ня скажаш: до. А машынка знай сабе камбінуе: электрычнасьць куды з АЭС? Няхай на новы «Азот», пакуль не прыдумалі яшчэ значных спажыўцоў. Што да прадукцыі азотчыкаў, дык вядома — на экспарт. Валюту зарабляць, значыць. Праўда, каштаваць хімічны гігант можа насамрэч тыя 1,4 мільярда, як было закладзена напачатку ў праект. А калі не аплаціць таму Дварковічу газ, пеня папаўзе ўгору, глядзіш — таксама пад мільярд падскочыць сума.

Вой, цяжкая рэч — эканоміка. Мільярды і мільярды за яшчэ недабудаваную АЭС роднай Расеі, а тут «Азот» яшчэ адзін хочацца.

Ёсьць толькі адзін пазытыўны вынік, хаця пакуль хісткі. Для жыхароў Горадні прынамсі. Раней начальства ўпёрлася: будзем будаваць новы гігант хіміі побач з «Азотам». Як кулаком па стале. Хоць зусім побач, можна сказаць, жылая забудова і яе ўсё больш. Начальства гэта не цікавіла. Сам я ня раз пісаў аб гэтым канфлікце інтарэсаў. Нарэшце лёд скрануўся, гігантам хіміі могуць ашчасьлівіць кагосьці іншага. І ня выключана, што дапаможа ўскосна гарадзенцам ня штосьці, а будучая АЭС.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG