Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаму трэба пасеяць варожасьць» — інтэрвію з чалавекам, якога памылкова назвалі тэрарыстам


Андрэй (Ільяс) Нікіцін: зьлева — фота, якое распаўсюдзілі СМІ, называючы яго меркаваным тэрарыстам, справа — фота ў аддзяленьні паліцыі, куды Нікіцін прыйшоў добраахвотна, даведаўшыся, што СМІ назвалі яго тэрарыстам
Андрэй (Ільяс) Нікіцін: зьлева — фота, якое распаўсюдзілі СМІ, называючы яго меркаваным тэрарыстам, справа — фота ў аддзяленьні паліцыі, куды Нікіцін прыйшоў добраахвотна, даведаўшыся, што СМІ назвалі яго тэрарыстам

Нікіцін сам добраахвотна зьявіўся ў паліцыю адразу ж пасьля таго, як убачыў у СМІ сваё фота у каляпушы (татарскім нацыянальным галаўным уборы). Але нават пасьля таго, як з яго афіцыйна зьнялі ўсе абвінавачваньні, яго не пакінулі ў спакоі:

  • Спачатку на патрабаваньне пасажыраў яго зьнялі з самалёта, які адлятаў зь Пецярбургу ў Маскву,
  • Ледзь не зьнялі з другога рэйсу,
  • У маскоўскім мэтро яго паўторна затрымала паліцыя,
  • На працу Нікіціна ў Ніжневартаўску паступіў званок з патрабаваньнем яго звольніць.

Нікіцін — ураджэнец Башкартастану. Ягоная маці — татарка, бацька — рускі. Андрэй Нікіцін скончыў Разанскае ваеннае вучылішча, капітан у адстаўцы. Пасьля таго, як Нікіцін прыняў іслам, ён узяў сабе імя Ільяс. Цяпер ён вучыцца ў мэдрэсэ пры мячэці Ляля-Цюльпан гораду Уфы.

Вось што Андрэй Нікіцін сказаў у інтэрвію карэспандэнту татара-башкірскай службы Радыё Свабода:

— Зьявілася інфармацыя, што вас з працы звольнілі?

— Намагаюцца прынамсі.

— Вам сказалі пра гэта?

— Так, сказалі, так, паведамілі. Я яшчэ не даехаў.

— Вы будзеце падаваць у суд на тыя СМІ, якія апублікавалі ваша фота за прычыненьне маральнай шкоды, у абарону гонару і да т. п.?

— Я яшчэ нават з юрыстамі не размаўляў, як усё гэта рабіць. Хоць яшчэ ў Маскве мне прапаноўвалі сустрэцца з юрыстамі.

— А як вы ставіцеся да таго, што ў грамадзтве так ставяцца да мусульман? Баяцца мусульман, баяцца ісламу...

— Я не лічу, што ўсё грамадзтва так думае. Напрыклад, тыя, з кім я размаўляў са службы бясьпекі ў Санкт-Пецярбургу, яны правялі расьсьледаваньне, там адэкватныя людзі, яны адэкватна рэагуюць, я вольна выехаў зь Пецярбургу. Ёсьць частка людзей, якая нэгатыўна ставіцца да мусульман, але іх меншасьць.

— Зьявілася інфармацыя, што ў мэтро вас ізноў затрымалі. Вас доўга трымалі? Якія прэтэнзіі прад’явілі?

— Не, затрымалі да высьвятленьня абставінаў. Хвілін праз 15 адпусьцілі.

— Вас таксама зьнялі з рэйса, таму што іншыя пасажыры спалохаліся ляцець у адным самалёце з вамі...

— Гэта цяжкае, складанае пытаньне. Мне пакрылі кошт праезду, але як гэта з юрыдычнага пункту гледжаньня, я ня ведаю, не разьбіраўся пакуль у юрыдычных тонкасьцях.

Калі я ляцеў зь Пецярбургу, там таксама ўзьнікла такая ж сытуацыя — нэгатыўная рэакцыя пасажыраў, але камандзір карабля прыняў валявое рашэньне, і нас адбуксіравалі на ўзьлётную паласу, і мы паляцелі. Пакуль я ляцеў зь Пецярбургу ў Маскву, там вырашылася гэтае пытаньне, а вось у Маскве мяне зьнялі з рэйсу.

— Гэта значыць, вы не зь Пецярбургу, а з Масквы не змаглі паляцець?

— Так, я ў Уфе, зьехаў з Масквы аўтатранспартам.

— Вы ўвесь час хадзіце ў чорным каляпушы, нягледзячы на неадназначную рэакцыю мінакоў?

— Ён ня чорны, ён цёмна-сіні. Так, гэта маё штодзённае адзеньне.

Да нядаўняга часу рэагавалі больш-менш спакойна, зьвярталі ўвагу, але адэкватна.

Некаму трэба пасеяць варожасьць...

— Што вы адчулі тады, калі ўбачылі сваё фота ў хроніках СМІ. І чаму самі пайшлі ў паліцыю, не спалохаліся?

— А чаго баяцца? Я пайшоў зь мірам. Я пайшоў вырашаць пытаньне за ўсю уму [мусульманскую супольнасьць], таму што цяпер ўсіх мусульман будуць лічыць тэрарыстамі. Таму.

— З вас цяпер цалкам усе абвінавачваньні і падазрэньні зьнялі? Ніякіх прэтэнзій з боку праваахоўных органаў не?

— Не, прэтэнзій ніякіх няма. Падазрэньні усе былі зьнятыя адразу, праз 12 гадзін выйшла рашэньне.


Ад выбуху 3 красавіка ў мэтро Санкт-Пецярбургу, паводле апошніх дадзеных, загінулі 14 чалавек: 11 памерлі на месцы, трое у бальніцы — ад атрыманых траўмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG