Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах праходзіць ператрус дома ў Чарнавусаў


Мікалай Чарнавус-старэйшы

Мікалай Чарнавус-малодшы кажа, што ня ведае, што шукаюць у доме ягонага бацькі. Актывіст зьвязвае ператрус з грамадзка-палітычнай дзейнасьцю яго і Мікалая Чарнавуса-старэйшага.

Чарнавус-малодшы сказаў Свабодзе, што ператрус праходзіць з санкцыі пракуратуры:

«У бацькі, Мікалая Дзьмітрыевіча Чарнавуса, дома адбываецца ператрус на падставе пратаколу агляду, узгодненага намесьнікам пракурора Данільчык. Шукаюць невядома што, незразумела што. У пратаколе агляду нічога не пазначана, што шукаюць. Проста аглядаюць памяшканьне. На першым паверсе жыве бацька, а на другім — я. У мяне ключоў цяпер з сабою няма, адчыніць ня можам, магчыма, зараз будуць узломваць», — кажа Мікалай Чарнавус — малодшы.

Актывіст АГП кажа, што ня ведае дакладнай нагоды для вобшуку, але не выключае дзьвюх прычын:

«Па-першае, бацька неяк пайшоў у райвыканкам. У працоўны час усе кабінэты адказных асобаў былі зачыненыя. А за дзьвярыма аднаго з кабінэтаў — шум, звон келіхаў. Бацька выклікаў з гэтай нагоды міліцыю, многіх супрацоўнікаў райвыканкаму завезьлі на мэдычны агляд. Паказала, зразумела, нуль праміле. Адмыслова зрабілі, што нуль, алькаголю быццам не было ў іх крыві. І цяпер тыя супрацоўнікі падалі на бацьку заяву і спрабуюць яго прыцягнуць па крымінальным артыкуле за паклёп.

А другі момант — гэта тое, што бацька падаў заяўку на правядзеньне мерапрыемства ў Баранавічах 9 траўня. Мы мяркуем, што, хутчэй за ўсё, каб ізаляваць яго ад грамадзтва, будуць зараз праводзіцца нейкія дзеяньні», — кажа Мікалай Чарнавус — малодшы.

Бацька і сын Чарнавусы — лідэры пратэстаў «недармаедаў» у Баранавічах. Абодвух аштрафавалі на значныя сумы за несанкцыянаваныя акцыі, а Мікалай Чарнавус — малодшы яшчэ і адседзеў 12 сутак арышту.

XS
SM
MD
LG