Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чарнавус выйшаў зь міліцыі, а яго сын трапіў у лякарню


Хуткая дапамога забірае з суду Мікалая Чарнавуса — малодшага

Баранавіцкага актывіста партыі БНФ Міколу Чарнавуса — старэйшага сёньня забралі проста з будынку суду людзі ў цывільным, якія аказаліся міліцыянтамі.

Чарнавуса даставілі ў пастарунак, дзе, паводле яго словаў, зь ім каля дзьвюх гадзін праводзілі «прафіляктычную гутарку».

Спадар Чарнавус мяркуе, што гэтае затрыманьне было зьвязанае з тым, каб не дапусьціць яго на сёньняшні «Марш недармаедаў» у Менск:

«Апытвалі мяне наконт акцыі, якую заплянаваў 19 сакавіка. У выніку далі позву на 15 гадзін у дзень акцыі, якая заплянаваная а 16 гадзіне. Завалаклі ў міліцыю, каб не паехаў сёньня ў Менск на марш».

Сёньня сын Чарнавуса, таксама Мікалай, сябра АГП, трапіў у лякарню проста з судовай залі. Яму прысудзілі 12 сутак арышту за ўдзел у адной акцыі, а калі разам з бацькам пачалі судзіць за ўдзел у другой, Чарнавусу-малодшаму стала блага. Мэдыкі, якія прыехалі ў суд, канстатавалі ў Мікалая паніжаны ціск ды забралі яго ў лякарню.

Мікалай Чарнавус — старэйшы сказаў Свабодзе, што сына паклалі ў кардыялягічнае аддзяленьне і прыставілі міліцыянтаў ахоўваць яго.

Цэлы дзень у міліцыі правёў сёньня і актывіст прафсаюзу РЭП з Баранавічаў Рыгор Грык:

«А 9 гадзіне раніцы мяне забралі каля дому, калі я выходзіў. Маёр Міцура Ігар Дзьмітрыевіч і кіроўца, які не прадставіўся. Прывезьлі ў РАУС у 9:30, сказалі, што ёсьць матэрыялы па факце майго ўдзелу ў акцыі ў Бабруйску. Склалі пратакол апытаньня, паказалі фота і відэа з Бабруйску. У 14:20 скончылася апытаньне, а потым пыталі мяне наконт пікету Мікалая Чарнавуса — старэйшага, пра які я нічога ня ведаю. І толькі ў 17:50 мяне выпусьцілі», — сказаў Рыгор Грык.

Актывіст перакананы, што яго затрымалі ў міліцыі, «каб ня змог трапіць на санкцыянаваную акцыю ў Менску»:

«Выпусьцілі, калі ўжо акцыя пачалася, магчымасьці даехаць ужо ніякай няма», — кажа Грык.

Спадар Грык кажа, што ў міліцыі яму не далі скарыстацца тэлефонам, таму ён нікому ня мог паведаміць, што затрыманы. Аднак, кажа актывіст, «таварыш маёр пачаставаў кавай».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG