Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ампутацыя


Ампутация
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:53:55 0:00

Ампутацыя

Вайна і паэзія ў дакумэнтальным фільме пра трагедыю на ўсходзе Ўкраіны

Ігар Памяранцаў

Слова «вераломны» для дзясяткаў мільёнаў людзей з агульнай савецкай памяцьцю заўсёды асацыявалася з нападам Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 году. Словы «здрадлівы», «падступны», «парушыўшы абяцаньні і абавязаньні» маглі ўжывацца ў самых розных кантэкстах, але «вераломны» азначаў адно: пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Сакавік 2014 году, калі Расея без абвяшчэньня вайны фактычна ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны, зьмяніў ня толькі палітычную карту Эўропы, але і значэньні словаў: «вераломны» стала сучасным, а «даваенны» перамясьцілася з саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя ва ўкраінскую найноўшую гісторыю. Цяперашні час кідае цень на мінуласьць у той самай ступені, у якой мінуласьць — на цяперашні час. Нават клясычныя расейскія вершы Сямёна Гудзенкі пра Другую сусьветную вайну цяпер чытаюцца інакш.

Бой был короткий.
А потом
глушили водку ледяную,
и выковыривал ножом
из-под ногтей
я кровь чужую.

Раней было ясна, чыя гэта кроў: вядома, нямецкая. А цяпер? Свая? Братняя? Зло мяняе пагоны, мундзіры, боты, гаворыць на розных мовах. Вайна на ўсходзе Ўкраіны зьмяніла маё чытацкую оптыку. Я інакш прачытаў вершы, якія заўсёды любіў, і напісаў з аглядкай на любімыя радкі і строфы лірычны цыкл «Ампута ...». Вось адзін з вершаў:

Как это было! Как совпало —
Война, беда, мечта и юность!
И это все в меня запало,
И лишь потом во мне очнулось!..

Давід Самойлаў

А ў Мыколе ўжо не ачуецца.
Быццам толькі-толькі радаваўся,
што адрэзалі ніжэй калена, -
«На два сантымэтры ніжэй!» -
Два сантымэтры — вялікая справа.
Калена — геніяльны шарнір -
дзякуй стваральніку!
Ды як жа ў яго ня верыць пасьля гэтага!
А быццам усё ішло на папраўку. Але ...
Бацька спытаў пратэзіста:
— Пратэз зьняць?
Пратэзіст адказаў:
— Калі ў зямлю будзеце закопваць,
то не здымайце:
яму і на тым сьвеце ён спатрэбіцца,
а калі крэміраваць будзеце,
то й ня ведаю.

Цяперашнюю вайну прынята называць «гібрыднай», паколькі яна вядзецца ня толькі па-старому, але і з выкарыстаньнем найноўшых інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэтыя тэхналёгіі пастаўляюць і дастаўляюць інфармацыю як боепрыпасы. Само слова «гібрыдны» — нэўтральнае, выродлівым або прыгожым яго не назавеш. Як і чым мастак можа адказаць на «стылістычна» іншую вайну? Думаю, выбарам стылю, жанру, мовы. Па матывах паэтычнага цыклю «Ампута ...» мы з харкаўскай кінарэжысэркай Лідзіяй Старадубцавай зьнялі дакумэнтальны фільм «Ампутацыя». Гэты фільм пачынаўся зь вершаў, але ўжо ў працэсе працы некалькі вершаў нарадзілася дзякуючы фільму.

Мы не расказваем лінейных гісторый украінскіх салдатаў, якія страцілі рукі ці ногі. Мы працуем з вобразамі, асацыяцыямі, настроем. Нашы суаўтары — мастакі Караваджа і Рэмбрант, кампазытары Аляксандр Бакшы, Гія Канчэлі і яшчэ дзясятак кампазытараў (усе яны супрацоўнічалі з намі бескарысьліва), фатографы Валерый Ананьеў і Аляксандар Мордэрэр.

На гэтым можна было б паставіць кропку. Аўтары выказаліся. Але нешта яшчэ засталося за тэкстам. Я ведаю што: наш боль, наша спагада, наша датычнасьць. У маім цыклі «Ампута ...» ёсьць вершы, якія засталіся за кадрам:

Яны аблажылі нашу крэпасьць і далі ноч на здачу.
Мы ўжо ня раз перажывалі такое:
падкопы, стралковыя ланцугі, за імі сапёры,
штыхавая атака, канаты, штурмавыя масты,
нарэшце, узяцьце, іх штандар на дазорнай вежы
і разьня — да апошняга немаўляці і шчанюка -
з дапамогай халоднай зброі,
каб спазнаць простае ратнае шчасьце
і зэканоміць боепрыпасы.
Але і гэтым разам мы вырашылі не здавацца.

Пераклад: Сяргей Шупа

Праект «Ампутацыя» будзе прадстаўлены ў канцы красавіка 2017 году на міжнароднай канфэрэнцыі ў Гішпаніі ў рамках гуманітарнага праекту «Эўропа для грамадзянаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG