Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НТВ выразаў словы рэжысэраў пра мітынгі ў Расеі з трансьляцыі прэміі «Ніка»


Рэжысэр Аляксандар Сакураў

Расейскі тэлеканал НТВ выразаў з тэлевэрсіі ўручэньня прэміі «Ніка» словы рэжысёраў Аляксея Красоўскага і Віталя Манскага, а таксама актрысы Алены Кораневай пра палітычную сытуацыю ў Расеі. Пра гэта паведамляе «Адкрытая Расея». Трансьляцыя прэміі ішла ў эфіры канала на Далёкім Усходзе.

З прамовы рэжысёра Красоўскага НТВ пакінуў толькі словы падзякі за прэмію. Падчас цырымоніі ён выступіў у абарону затрыманых на акцыях пратэсту 26 сакавіка. Тое ж самае адбылося са словамі Віталя Манскага, які параўнаў Расею з Паўночнай Карэяй: гэтыя словы ў трансьляцыю не патрапілі.

З выступу актрысы Карэневай цалкам выразалі словы пра палітычных зьняволеных, у прыватнасьці асуджанага брата Аляксея Навальнага і ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Выступ рэжысэра Аляксандра Сакурава ў выніку паказалі цалкам. Ён заклікаў палітыкаў зьвярнуць увагу на акцыі 26 сакавіка і наладзіць дыялёг з моладзьдзю.

Трыццатая цырымонія ўручэньня расейскіх кінэматаграфічных узнагародаў «Ніка» прайшла 28 сакавіка. Мерапрыемства можна было паглядзець у прамым эфіры ў інтэрнэце.

26 сакавіка ў дзясятках гарадоў Расеі прайшлі акцыі пратэсту супраць карупцыі, арганізаваныя апазыцыйным палітыкам Аляксеем Навальным. У большасьці выпадкаў мерапрыемствы не былі ўзгодненыя мясцовымі ўладамі. У Маскве былі затрыманыя больш за тысячу чалавек.

XS
SM
MD
LG