Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Сяргея Верамеенку вывезьлі зь СІЗА ў іншы раён гораду, каб яго не маглі сустрэць знаёмыя


Вольга і Сяргей Верамеенкі

На волю пасьля 15 сутак арышту выйшаў сябра гарадзенскай арганізацыі БХД Сяргей Верамеенка. Ён быў асуджаны за ўдзел у «Маршы недармаедаў».

Да пастарунку Верамеенку прыйшлі сустракаць жонка, больш за дзясятак сяброў. Міліцыянты вывезьлі яго зь іншага боку ізалятара на службовым аўта, але Верамеенка заўважыў, што яго чакаюць, і пачаў крычаць праз фортку.

— Я адпачатку дамагаўся, каб мяне выпусьці праз цэнтральны ўваход, але міліцыянты нічога не тлумачылі і прымусілі сядаць у машыну. Я ім казаў, што іх дзеяньні незаконныя. Першы раз я спрабаваў адчыніць фортку і нават крыкнуў, потым спрабаваў адчыніць дзьверы і выскачыць, але мяне сілаю трымалі. Папраўдзе, я падумаў, што мяне папросту скралі і могуць завезьці куды заўгодна, а таму пайду пісаць скаргу на гэтых супрацоўнікаў. Наагул, не ўяўляю — навошта такое было рабіць? А яны ў мяне пыталіся — колькі вам плоцяць за гэты канцэрт?

Паводле праваабаронцаў, якія таксама прыйшлі да пастарунку, за апошні час такое ў Горадні ўпершыню. Верамеенка дзякаваў сябрам за перадачы, за лісты і паштоўкі.

Кажа, што ў камэрах падтрымка Лукашэнкі адчувальна зьменшылася.

— Мы адзін раз з Вадзімам Саранчуковым спрабавалі падчас шпацыру дакрычацца адзін аднаму, але нічога не ўдавалася. Тады я папросту крыкнуў: «Жыве Беларусь!». І на маё зьдзіўленьне пачуў — «Жыве!» з многіх дворыкаў, дзе на шпацыры былі іншыя асуджаныя. Таму думаю, што адпачываць няма калі, трэба працаваць далей...

Сяргея Верамеенку сустракала жонка Вольга. Яе таксама асудзілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў», далі 15 базавых велічынь штрафу. Кажа, што за гэтыя 15 сутак практычна ня мела ніякай сувязі з мужам.

Вольга Верамеенка
Вольга Верамеенка

— Атрымала адзін ліст у панядзелак і зразумела, што першага ліста ад яго не атрымала. Потым была яшчэ паштоўка. Потым, калі хлопцы выходзілі на волю, то сказалі, што бачылі яго адзін раз. Першыя дні яшчэ больш-менш перажыла, а пасьля 25-га і 26-га, тых падзей у Менску, нават нейкая паніка ўзяла, было нават страшна...

На Гарадзеншчыне за ўдзел у акцыях «недармаедаў» было асуджана 23 чалавекі, дзесяць зь іх атрымалі розныя тэрміны арышту.

XS
SM
MD
LG