Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага, які адмаўляўся назваць прозьвішча, асудзілі на 15 сутак


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

Паводле сваякоў затрыманага 25 сакавіка спадара Валера, які ў міліцыі адмаўляўся назваць сваё прозьвішча, 28 сакавіка яго асудзілі на 15 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. Прозьвішча Валера — Цімашэнка. Гэта пацьвердзілі сваякі арыштаванага.

Вячаслаў, якога затрымалі за некалькі хвілін да Валера Цімашэнкі, кажа:

«Затрымалі яго на вуліцы Акадэмічнай, яшчэ да пачатку асноўных падзей. Вуліца тады была амаль пустая. Сам момант затрыманьня я ня бачыў, бо ўжо знаходзіўся ў міліцэйскім аўтобусе, куды праз пару хвілін зацягнулі і гэтага чалавека, які адмаўляўся называць міліцыянтам сваё прозьвішча. Бачыў, як яму надзявалі кайданкі. Гэта адбывалася недзе цягам хвіліны, добра яго патузалі, магчыма, тады і пашкодзілі яму рэбры, як пішуць у інтэрнэце. Пасьля, як надзелі кайданкі, на маіх вачах не чапалі. Толькі словамі абменьваліся. У камэры зь ім я ня быў, а толькі ў актавай залі Ленінскага РУУС, дзе нас трымалі. Там ён адмаўляўся назвацца і патрабаваў, каб яму аддалі заплечнік, дзе былі ягоныя акуляры. А каля 6 вечара мяне адпусьцілі, ён застаўся».

Яшчэ адзін сьведка — Яўген Жукавец, які за падзеі 25 сакавіка быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь. Да пераводу ў ізалятар на Акрэсьціна Яўген Жукавец сядзеў у адной камэры з Валерам Цімашэнкам. Вось што ён сказаў пра патрабаваньні Цімашэнкі да міліцыянтаў:

«Бачыў і чуў усе ягоныя патрабаваньні даць абаронцу (безь якога ён адмаўляўся размаўляць), вярнуць акуляры (якія так і не вярнулі) ды патлумачыць прычыну затрыманьня (якой ніхто не патлумачыў)».

Вячаслаў і Яўген Жукавец былі гатовыя зьявіцца з суд над Валерам Цімашэнкам, але не ўдалося. Суд над затрыманым адбыўся на другі дзень пасьля большасьці працэсаў у Ленінскім судзе Менску і прайшоў, па зьвестках, вельмі хутка.

XS
SM
MD
LG