Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітычныя замаразкі паўплываюць на сацыяльныя і грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі?


Жорсткі разгон акцыі на Дзень Волі, масавыя рэпрэсіі ствараюць у краіне новую палітычную атмасфэру. Як яна паўплывае на адносіны паміж уладай і грамадзтвам? Які лёс эканамічных рэформаў? Ці зьмяняецца статус апазыцыі?

Удзельнікі: дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і палітоляг Сяргей Нікалюк.

Як будуць разьвівацца адносіны паміж уладай і грамадзтвам?

Валер Карбалевіч: «Палітычныя замаразкі, шырокія і жорсткія рэпрэсіі — гэта для Беларусі не навіна, а хутчэй норма. У такім стане Беларусь жыве два дзесяцігодзьдзі. Толькі апошнія паўтара года была нейкая касмэтычная лібэралізацыя.

Але, на мой погляд, ёсьць пэўнае адрозьненьне. Цяперашнія замаразкі адбываюцца ва ўмовах глыбокага крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі, калі эканамічны крызіс перарос у сацыяльны. Як гэта будзе ўплываць на адносіны паміж уладай і грамадзтвам?»

Андрэй Казакевіч: «Пакуль не да канца зразумелы фармат гэтых замаразкаў. Няясна, па якіх кірунках будзе адкат, па якіх — не. Увогуле сама гэтая лібэралізацыя больш тычылася ўмоваў існаваньня і дзеяньня палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці. А для непалітызаванай часткі грамадзтва гэта была пэрыфэрыйная тэма. Таму, думаю, на настроі грамадзтва заканчэньне лібэралізацыі ня зробіць істотнага ўплыву».

Карбалевіч: «Раней узмацненьне палітычных рэпрэсій разглядалася насельніцтвам як канфлікт паміж уладай і апазыцыяй. Цяпер пратэсты насілі больш сацыяльны характар. Таму ці ня будзе цяпер у вачах абывацеля гэты канфлікт набываць выгляд супрацьстаяньня ўлады і грамадзтва?

Казакевіч: «Думаю, пакуль не. Калі будзе расьці сацыяльная напружанасьць, будуць расьці пратэсты, то тады можа здарыцца такая сытуацыя. Пакуль усё ж маштаб пратэстаў ня быў значны, не закрануў абсалютную большасьць насельніцтва».

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Сяргей Нікалюк: «Я ня ўпэўнены, што сытуацыя новая. Калі разважаць пра дачыненьні ўлады і грамадзтва, то праблема ў тым, што ў нас няма грамадзтва ў заходнім разуменьні. Бо грамадзтва — гэта людзі, зьвязаныя паміж сабою агульнымі мэтамі, інтарэсамі і гатовыя гэтыя інтарэсы абараняць.

Калі вяртацца да цяперашняй сытуацыі, то пратэсты можна здушыць. Але ўсе сацыяльныя і эканамічныя праблемы застануцца. Больш за тое, узмацненьне паліцэйскага складніку павялічыць эканамічныя праблемы. Калі і дзе гэта стрэліць, сказаць сёньня немагчыма».

Які лёс эканамічных рэформаў?

Карбалевіч: «Хацеў бы працягнуць вашу думку, сп. Нікалюк. Звычайна, калі ўлада жорстка душыць пратэст, закручвае гайкі, яна разумее, што толькі на штыках трымаць сытуацыю не выпадае. Таму адначасова робіць нейкія захады, каб зьмякчыць незадаволеньне. Сталыпін, жалезнай рукою здушыўшы першую рускую рэвалюцыю, адначасова пачаў ладзіць аграрную рэформу. Урад Янаша Кадара, здушыўшы антыкамуністычную рэвалюцыю ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, правёў эканамічныя рэформы, якія прывялі да таго, што эканамічная сыстэма ў гэтай краіне стала самай лібэральнай у тагачасным камуністычным сьвеце, тая мадэль была названая „гуляшным сацыялізмам“. А што прапануе Лукашэнка, акрамя рэпрэсій? Заробак у 500 даляраў? Можа, гэтая сытуацыя падштурхне яго да рашучых рынкавых рэформаў? Ці наадварот, адкіне да ўзмацненьня адміністрацыйных мэтадаў у эканоміцы, бо для рэформаў патрэбен вялікі давер грамадзтва, чаго цяпер няма?»

Нікалюк: «Зь цяжкасьцю я магу сабе ўявіць, што Лукашэнка разьвернецца ў бок рэформаў. Чым ён мяне ўражвае і нават выклікае сымпатыю, дык гэта цэльнасьцю сваёй натуры. Ён верны тым прынцыпам, якія абвясьціў у 1994 годзе.

Гэта прынцыпы паліцэйскай дзяржавы. Гэта не абавязкова разумець так, што міліцыя грузіць людзей у аўтазакі і інш. У шырокім сэнсе паліцэйская дзяржава — гэта дзяржава, якая імкнецца кантраляваць і рэгуляваць усе бакі жыцьця людзей. Вось нядаўна, наведваючы працоўны калектыў, „лідэр нацыі“, як сказана ў афіцыйным прэс-рэлізе, заявіў, што „без падкормкі, угнаеньняў не павінна быць сяўбы і дагляду“. З аднаго боку, гэта клопат пра народную гаспадарку. А зь іншага боку, гэты дробязны кантроль і ёсьць праява паліцэйскай дзяржавы».

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Карбалевіч: «Можа, дакладней казаць пра патэрналісцкую дзяржаву».

Нікалюк: «Гэта тое самае. Таму я не ўяўляю, каб Лукашэнка адмовіўся ад гэтай сыстэмы кіраваньня. І чым больш працэсы ўсеагульнага кантролю будуць узмацняцца, тым большы будзе хаос у эканоміцы. Бо сучасная эканоміка — досыць складаная сыстэма.

У выніку беларуская мадэль, апынуўшыся на ўзбочыне, цяпер імкнецца тут акопвацца. Бо галоўны яе прынцып — гэта стабільнасьць. І ён разумеецца як адсутнасьць перамен».

Казакевіч: «Праводзіць рэформы ва ўмовах эканамічнага крызісу і сацыяльнага незадаволеньня — гэта вельмі рызыкоўна. Спачатку трэба было б навесьці парадак, і толькі потым праводзіць рэформы».

Карбалевіч: «Але ж, як паказаў апошні месяц, і не праводзіць рэформы — гэта ня меншая рызыка».

Казакевіч: «Думаю, гэта ўсё ж меншая рызыка. Справа ў тым, што эфэкт ад рэформаў будзе ня менш як праз 3–4 гады. У некаторых сфэрах яны непазьбежныя, бо інакш немагчыма. Але сыстэмных рэформаў я не чакаю.

Цяпер улады будуць шукаць, чым адкупіцца. Можа, нешта пераразьмеркаваць, узяць крэдыт, каб заткнуць нейкія дзіркі. Хутчэй на гэта будзе скіравана асноўная энэргія.

Увогуле, стыль Лукашэнкі — гэта не вырашэньне нейкіх доўгатэрміновых праблем, а спроба вырашаць бягучыя праблемы. Не стратэгія, а тактыка».

Ці зьмяняецца статус апазыцыі?

Карбалевіч: «Апазыцыя атрымала ад Лукашэнкі вялікі падарунак у выглядзе дэкрэту № 3. Як яна ім скарысталася? Ці змагла яна навязаць грамадзтву і ўладам свой парадак дня? Што памянялася для апазыцыі пасьля 25 сакавіка?»

Нікалюк: «Думаю, нічога не памянялася. Вось пасьля пачатку акцый пратэсту з боку апазыцыі загучалі заявы, што „прачнулася нацыя“, „зьявіліся грамадзяне“ і інш. Думаю, апазыцыя бачыць тое, што хоча бачыць. Насамрэч можна назіраць працэсы, калі з стану апатыі грамадзтва пераходзіць у стан абуджэньня. Але праз пэўны час гэтая хваля адыходзіць назад».

Казакевіч: «Збольшага апазыцыя змагла скарыстацца гэтай сытуацыяй, скарыстацца гэтым дэкрэтам, асабліва з улікам таго, у якім стане яна знаходзілася апошні час, якія рэсурсы яна мела. Апазыцыя змагла асядлаць гэтыя пратэсты, навязаць свой парадак дня, ставіць палітычныя пытаньні. Стаўшы на абарону сацыяльных інтарэсаў насельніцтва, яна набыла станоўчы імідж сярод людзей».

Нікалюк: «Любы крызіс у любой краіне на карысьць апазыцыі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG