Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мне няма пра што гаварыць з гэтай уладай


Алгерд Бахарэвіч
Алгерд Бахарэвіч

Разам зь вядомымі беларусамі паўдзельнічаў у апытаньні, зладжаным Марыяй Вайтовіч на сайце «Рэфармацыя»: ці гатовыя мы да дыялёгу з уладай, якія пытаньні ёй варта задаць і што рабіць пасьля 25 сакавіка. Свой вялікі адказ павешу тут, а зь іншымі меркаваньнямі можна пазнаёміцца па спасылцы:

«Мяне зьдзіўляе, як хутка мы забываем падзеі дваццацігадовай даўніны. Усяго толькі дваццацігадовай. Быццам бы іх не было. Быццам з таго часу, як мы займелі гэтую ўладу, мінула ня два дзесяцігодзьдзі, а як мінімум гадоў дзьвесьце, і можна спакойна аддаць беларускую дыктатуру гісторыі. Дзіўна, што мы так хутка забылі і даравалі гэтай уладзе жах і прыніжэньне 90-х. Дзіўна, што мы ўвесь час пачынаем з чыстага ліста. Як цяпер. Ужо тады, у 90-х, з гэтай уладай было ўсё зразумела, мы назіралі пасьлядоўную і бязьлітасную дэманстрацыю гвалту, беззаконьня, фальсыфікацыю за фальсыфікацыяй, злачынства за злачынствам. Чаму нехта вырашыў, што гэта можна выкрасьліць, забыць, пакінуць у дужках? Відаць, найноўшая гісторыя Беларусі кепска намі асэнсаваная і мала вядомая. І тут, канечне, пытаньне да тых, хто піша. ВКЛ, Каліноўскі, БНР больш вядомыя беларусам, чым тое, што краіна перажывала 20 гадоў таму.

На зьмену траўмам 90-х прыйшла дурная вера ў тое, што гэта скончыцца, як сон, дурная вера і дурное дараваньне

На зьмену траўмам 90-х прыйшла дурная вера ў тое, што гэта скончыцца, як сон, дурная вера і дурное дараваньне. Мы суцяшалі сябе, што «ён» ня вечны, што «ён» жа таксама мусіць рана ці позна зьмяніцца, што ўлада зразумее ўрэшце, што так нельга.

Нейкія пытаньні да ўлады, якая называе сябе беларускай, маглі быць (і былі) ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя. У мяне іх даўно няма. Наяўнасьць пытаньняў азначае гатовасьць да дыялёгу, да ўзаемнай павагі. Як мінімум, патрабуецца хаця б прызнаньне існаваньня апанэнта. Асабіста я сабе не уяўляю, які можа быць дыялёг з маньякам, што ўварваўся ў жытло мірнага чалавека і пачынае зь енкамі і баявымі воклічамі крушыць усё на сваім шляху, зьбіваць і прыніжаць тых, каму собіла тут жыць. І які ўзяў безабаронных людзей у закладнікі і трымае іх у такім стане некалькі дзесяцігодзьдзяў. Тут можна толькі ратавацца самому, абараняючыся, або клікаць на дапамогу. На дапамогу, як высьветлілася, ніхто не сьпяшаецца. Значыць, трэба або ўцякаць, або прыстасавацца. Але ўцячы ад Беларусі немагчыма. Зь Беларусі — яшчэ можна, а ад Беларусі — не. Таму мы навучыліся лавіраваць. Увесь час лавіраваць, ісьці на малыя кампрамісы, каб пазьбегнуць вялікіх і непапраўных. І гэта, мне здаецца, адна з прычынаў няўдачы народных пратэстаў. Мы ведаем, што ў нас заўжды ёсьць напагатове маленькі кампраміс. Асабліва калі адказваеш толькі за сябе і тых, каго любіш.

Беларускае шчасьце — быць непрыкметным і непатрэбным

У такі час, якім быў люты-сакавік 2017, для мяне асабіста было важна не паддацца: ні эўфарыі (рэжым вось-вось паваліцца), ні роспачы (усё бессэнсоўна). 25 сакавіка я пайшоў на Дзень Волі: ісьці не хацелася, бо колькі можна браць удзел у адных і тых самых сцэнарах — але не ісьці было сорамна, не ісьці было немагчыма. Ужо праз паўгадзіны я меў дэжавю: нібы я зноў у 1996, ці ў 2000, ці ў 2006. Разуменьне, што нічога не зьмянілася, бясьсільнасьць, роспач і безнадзейнасьць. А яшчэ праз гадзіну мне пашчасьціла ўцячы ад гэтых бязтварых робатаў, якія высыпалі на праспэкт. Трэба было або стаяць да канца, або ўцякаць разам з усімі незнаёмымі людзьмі, хто стаяў разам са мной. З сотнямі нязгодных, якія спрабавалі схавацца, растварыцца сярод мінакоў. Камароўка ў гэты час працавала ў звычным рэжыме. Жыцьцё віравала. Ніхто тут не хацеў быць героем. Беларускае шчасьце — быць непрыкметным і непатрэбным.

Пратэстуючы супраць улады за тое, каб зьмяніць сваё цяпер, сваё сёньня, каб памятаць сваё беларускае мінулае, мы ня маем візіі таго, якім мусіць быць заўтра

Мне здаецца, што, пратэстуючы супраць улады за тое, каб зьмяніць сваё цяпер, сваё сёньня, каб памятаць сваё беларускае мінулае, мы ня маем візіі таго, якім мусіць быць заўтра. Якая яна, Беларусь будучага, Беларусь бяз гэтай улады, Беларусь, у якой ня будзе ворага ў абліччы амонаўца або чыноўніка. Беларусь будучага — гэта прыгожая абстракцыя. Туман, зь якога мусіць зьявіцца нешта добрае і прыгожае. Прытомнае. Але пакуль без выразных абрысаў. Таму і сёньняшняе супрацьстаяньне не прыносіць такога плёну, як хацелася б.

З гэтай уладай мне асабіста няма пра што гаварыць. І мне падаецца, прытомным беларусам таксама. Яшчэ ў канцы 90-х улада вычарпала свой ліміт даверу, разуменьня і дараваньня з боку грамадзянаў. Тое, што адбываецца цяпер, гэта, на жаль, проста лягічны працяг 90-х. Гэтая ўлада ніколі не была іншай, яна проста часам засынала (нават маньякі маюць патрэбу ў сьне), а некаму здавалася: лібэралізацыя, адліга, да «іх» нешта дайшло...

У тым, што мы робім, ужо ёсьць дастатковы запас трываласьці. І ён дакладна нашмат большы, чым ва ўлады

Па сутнасьці ўлада не зьмянілася. Зьмяніліся выканаўцы, вырасла новае пакаленьне канфармістаў, якія ніякага іншага жыцьця апрача як пад Лукашэнкам ня бачылі — але і новае пакаленьне вольных людзей у несвабоднай краіне вырасла таксама. Свабода і разуменьне неабходнасьці зьменаў прарасьлі тут насуперак уладзе. Мне падабаецца мэтафара маёй жонкі Юлі Цімафеевай, якая так апісала падзеі апошніх гадоў: мы рупліва і зь любоўю будавалі дом на сьпіне соннай пачвары, а цяпер зьвер раптам прачнуўся. Мы і праўда навучыліся жыць так, нібы ўлады не існуе. Рухацца зь ёй паралельна, не перасякаючыся. Яна нагадала пра сябе, але і мы нагадалі ёй, што ня ўсё так проста.

Дом разбураны, людзі разьбегліся, але гэта ня значыць, што монстар перамог. У тым, што мы робім, ужо ёсьць дастатковы запас трываласьці. І ён дакладна нашмат большы, чым ва ўлады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG