Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін супраць Статкевіча і Навальнага


Юры Дракахруст.
Юры Дракахруст.

Афіцыйнай рэакцыі Расеі на ўсебеларускі хапун не было проста ніякай. Але так выглядае, што ў Масквы ёсьць падставы радавацца расправе Лукашэнкі з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Але ці вынікае з гэтага, што цяпер Крэмль можа і захоча браць дарагога саюзьніка, як той казаў, голымі рукамі?

Ну з аднаго боку, як бы і так. Масква шмат чаго ад Менску хоча, без заходняй супрацьвагі супрацьстаяць расейскаму ціску Лукашэнку будзе ня проста. Але а якія стратэгічныя прэтэнзіі да Лукашэнкі меў Крэмль? Не, тое, што хоча шмат, што не напасесься на яго апэтыты па цяперашніх расейскіх худых гадах — гэта таксама ёсьць. Але прынамсі важным чыньнікам былі менавіта самі па сабе заляцаньні Лукашэнкі да Захаду. Ну дык можа яны цяпер, пасьля 25 сакавіка, натуральным чынам і сыдуць на нішто. Тады прынамсі адно з ключавых патрабаваньняў Масквы будзе задаволенае зьбегам абставінаў.

Але ёсьць і іншыя складнікі гіпатэтычнай расейскай рэакцыі. Гэта — крамлёўскія жахі перад Майданамі. Для Крамля Майданы — гэта чума, а Лукашэнка, вось, арол — разграміў спробу зладзіць Майдан.

Прычым, абстрактныя крамлёўскія страхі цяпер істотна абвастрыліся канкрэтнымі падзеямі ў самой Расеі. Майдан не Майдан, але 26 сакавіка ў дзесятках расейскіх гарадоў адбылася сэрыя сацыяльных акцыяў пратэсту. Здаецца, з часоў Балотнай, з 2011 году, гэта самыя буйныя пратэсты ў Расеі. Расейская паліцыя супраць пратэстоўцаў дзейнічала прыкладна ў тым жа стылі, у якім беларуская міліцыя — супраць беларусаў.

І псыхалягічна для Крамля што змаганьне Лукашэнкі з беларускімі пратэстоўцамі, што сваё, расейскае, змаганьне з уласнымі расейскімі пратэстоўцамі, фігуральна кажучы, змаганьне са Статкевічам і Навальным — гэта адзін фронт вайны з крамолай і з Захадам. Вы будзеце сьмяяцца, але ня выключана, што Лукашэнка зноў стане самым дарагім сябрам і братам. Можа, не назаўжды, да наступнай сваркі, але на пэўны час.

І ў выніку цалкам імаверна, што на Лукашэнку за 25 сакавіка будуць ня ціснуць, а ўзнагародзяць. Як? Ну як заўжды — грашыма. Ці прынамсі зьмякчэньнем ціску. Ня ўсе патрэбы задаволяць, але хаця б некаторыя. І не за базу, не за актывы, а ў парадку аўтарытарнай салідарнасьці, так бы мовіць.

Брат жа, сябра па зброі, дакладней, па дубінцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG