Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне ўдарылі аб бэтонную пліту, паклалі на падлогу і сталі левым берцам на галаву». Ад Аляксея Лойкі патрабуюць адклікаць заяву пра зьбіцьцё амапаўцамі


Падчас затрыманьня праваабаронцаў «Вясны»
Падчас затрыманьня праваабаронцаў «Вясны»

26 сакавіка Аляксею Лойку, які знаходзіцца ў менскай бальніцы хуткай дапамогі, патэлефанавалі зь Першамайскага РУУСа і прапанавалі забраць заяву пра зьбіцьцё амапаўцамі падчас уварваньня ў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна».

Аляксей Лойка быў дастаўлены 25 сакавіка зь Першамайскага РУУСа ў лякарню, паведамляе spring96.org.

Хлопца шпіталізавалі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, страсеньнем галаўнога мозгу, сьлядамі ад удараў і кровападцёкаў мяккіх тканак і галавы, сьлядамі ад удараў у паясьнічнай вобласьці і на перадплечных суставах. Пасьля мэдычнага абсьледаваньня інфармацыю пра траўмы перадалі ў РУУС.

26 сакавіка Аляксею патэлефанаваў супрацоўнік крымінальнага вышуку Першамайскага РУУСа Галубоўскі і папрасіў падʼехаць да іх, каб адклікаць заяву.

«Я сказаў, што знаходжуся ў бальніцы і не магу нікуды падʼехаць, тады ён сказаў, што яны падʼедуць да мяне самі, — кажа Аляксей Лойка. — Я таксама паведаміў, што накіраваў электронную заяву ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску, на што мой суразмоўца сказаў, што ня трэба было, бо ў тых няма кампэтэнцыі накіроўваць на судмэдэкспэртызу, і дадаў — „мы ўсё патлумачым“».

Аляксей расказаў, як яго зьбівалі падчас уварваньня ў офіс «Вясны» 25 сакавіка.

«Калі пазванілі ў дзьверы, я падышоў паглядзець у вочка, хто там. Стаяла жанчына, бляндзінка, нібыта звычайна апранутая (гэта ўжо пасьля, у офісе яна нацягнула на сябе форменную шапку), і больш на пляцоўцы нікога не было. Паколькі некаторыя назіральнікі спазьняліся на інструктаж, я падумаў, што яна адна зь іх, і крыху прачыніў дзьверы, каб высьветліць, ці так гэта. І тут панеслася...»

У офісе быў таксама старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Паводле Аляксея, амапаўцы, якія ўварваліся ў офіс, хаваліся ў падʼездзе, бо на вуліцы каля дому праваабаронцы нікога ня бачылі.

«Людзі, якія на нас наляцелі першымі, былі не па форме: на галовах — шапкі і капюшоны, насы залепленыя лейкаплястырам, у спартовых штанах. Мяне і Гулака выцягнулі на лесьвічную пляцоўку, мяне ўдарылі аб бэтонную пліту, паклалі на падлогу і сталі левым берцам на галаву. Алега Гулака таксама паклалі на падлогу на пляцоўцы. Пасьля ўварваньня ўнутр памяшканьня нас зацягнулі туды і загадалі стаяць у калідоры тварам да сьцяны, закінуўшы рукі ўверх. У мяне траўмаваная рука зацякла і спаўзла ўніз, за гэта мне далі ў сьпіну», — кажа Аляксей.

25 сакавіка падчас налёту на офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна» на праспэкце Незалежнасьці, 78а былі затрыманыя 57 назіральнікаў, праваабаронцаў і журналістаў, якія прыйшлі на інструктаж па маніторынгу акцыі на Дзень Волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG