Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара і супрацоўніка Інстытуту матэматыкі і кібэрнэтыкі, дзе вучаць праграмаваньню па-беларуску, дапыталі ў Дзяржкантролі


Дырэктар грамадзкага абʼяднаньня «Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі» Павал Бука расказаў Свабодзе пра падзеі вакол інстытуту, якія пачаліся мінулай суботай.

«З чаго пачалося? Мы чытаем публічныя лекцыі па суботах. І вось у мінулую суботу ў памяшканьне, дзе наш інстытут праводзіць публічныя лекцыі па матэматыцы і кібэрнэтыцы, калі там было некалькі слухачоў і два лектары, нечакана зьявіліся некалькі супрацоўнікаў фінансавай міліцыі — гэтак было пазначана ў іх пасьведчаньнях. І пачалося фактычна затрыманьне. Некалькі чалавек схапілі, завезьлі ў пастарунак, дапыталі. Яны не называюць гэта допытам, але, на маю думку, гэта так і ёсьць. Аднаго з затрыманых пратрымалі 5 гадзін, што незаконна. Прычым фактычна людзей падманулі, калі дапытвалі, бо аказалася, што пакуль няма крымінальнай справы, а ідзе толькі праверка. Але мы ўсё робім на законных падставах, нічога не парушаем — вядзем ня платныя заняткі, а публічныя бясплатныя лекцыі. Таму яны і ня ведаюць, што ж нам інкрымінаваць».

Паводле Паўла Букі, адначасова з наведваньнем лекторыя іншыя групы супрацоўнікаў Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю прыйшлі з вобшукам на ягоную кватэру і на кватэру супрацоўніка інстытуту Зьмітра Канаплянікава. «Шукалі пацьверджаньня парушэньняў, якіх не было».

Наша юрыдычная дзейнасьць фактычна паралізаваная. Але за што?

Тры дні, з панядзелка па сераду, паводле Паўла Букі, у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў на размовы выклікалі слухачоў лекцыяў, якія праводзіць інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі.

«Магчыма, спадзяваліся, што нехта сябе агаворыць, але гэтага не адбылося. Ведаю, што з чацьвярга допытаў не было. Але сказалі, што могуць нас яшчэ два месяцы правяраць. Заўтра, у суботу, мы аднаўляем лекцыі, будзем працаваць як звычайна», — сказаў Павал Бука.

Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі распрацаваў і ўжо тры гады вядзе праграму беларускамоўнага навучаньня праграмістаў. Заняткі паводле праграмы праводзяцца ва Ўкраіне ў горадзе Роўна на пляцоўцы Міжнароднага эканамічна-гуманітарнага ўнівэрсытэту імя акадэміка Дземянчука, а таксама ў Беларусі. «У Менску ў межах праграмы чытаюцца толькі адкрытыя лекцыі і вядзецца рэпэтытарства, усё са сплатай падаткаў, законна», — сказаў Свабодзе Павал Бука.

Паводле дырэктара інстытуту, супрацоўнікі фінансавай міліцыі забралі для праверкі пэўную частку аргтэхнікі і носьбітаў інфармацыі, а таксама пячатку.

«Наша юрыдычная дзейнасьць фактычна паралізаваная. Але за што? Наш лекторый на сёньня — фактычна адзіная магчымасьць у Беларусі навучыцца праграмаваньню па-беларуску», — сказаў Павал Бука.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG