Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краіне вясновае абвастрэньне. Чорныя эскадроны шукаюць Белы легіён. Шукаюць упарта арганізацыю, што зьнікла дванаццаць (!) гадоў таму.

Пад загад патрапілі й кніганоша Яўдаха, і кнігазборшчык Лазоўскі, і Зьміцер Дашкевіч са сваімі цесьлярамі. Вядома, цесьляры з выгляду надта падобныя да тых легіянэраў, на іх срэбныя латы й дасьпехі бліскучыя. На сонцы зьзяюць. Яны адстаялі Курапаты. Нашы Курапаты для нас і для іх – гэта як Тэрмапілы для Элады, адпаведна і абаронцы Курапатаў – як тыя трыста спартанцаў.

Пакуль Наста Дашкевіч шукае мужа па сьлядах чорных эскадронаў, у яе кватэры ходзяць невядомыя, зьнікаюць грошы й кот. Грошы й кот, Карл!

Гэта, шаноўныя суграмадзяне, нават не 2010 год.

Калі з кватэры прападаюць грошы й кот — гэта бездань. Бездань, у якую надта доўга глядзелася сінявокая краіна, і гэтая бездань нарэшце, пранікла ў яе крытычнай колькасьцю сваіх чорных шапачак.

Сёньня журналіст Эўрарадыё Зьміцер Лукашук заўважае ў фэйсбуку:

«Прафэсійны цынізм: Размовы з палітыкамі, актывістамі, палітолягамі і экспэртамі зараз пачынаюцца фразай: “Пакуль вы на свабодзе, скажыце…” Ня мы такія — жыцьцё такое».

Атрымваецца, усе мы — палітыкі, актывісты, журналісты, а таксама ўся тая частка грамадзтва, што не ўхваляе тое, што зараз адбываецца ў краіне, падпадаюць пад гэты хэштэг — белыя легіянэры.

Улада, катэгарычна адмаўляючы дыялёг, як спосаб дзейснае палітыкі, правакуе радыкальны падзел грамадзтва на тле народнае нішчымніцы. Падзел гэты будзе нарастаць імкліва, бо сытуацыя ўнутры памянялася. Гэта адчувае сама ўлада, але зрабіць нешта крэатыўнае ня ў стане.

Чаму?

Мне падаецца, адказ просты – састарэла.

Пэрсаналісцкая форма кіраваньня канае, таму што харызма, на якой трымалася ўсё, не ўплывае на новую генэрацыю. Ня толькі па-за ўладай, але і ўнутры яе. Таму і ўнутры яе паўстаюць белыя легіянэры.

На самым розным узроўні.

Зрэшты, вельмі красамоўная, моцная і, нават эпічная мэтафара паўстае: чорны эскадрон супраць белага легіёну, як пачатак новай гісторыі краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG