Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коратка

У Беларусі два тыдні ідуць масавыя суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў», ужо затрыманыя ці асуджаныя да арышту ці штрафу больш за 300 «недармаедаў», больш за 120 чалавек сустрэнуць Дзень волі ў турмах. За апошнія дні 26 чалавек былі арыштаваныя па справе «Белага легіёну» і «Маладога фронту» пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў». Іх абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброі.

Суды, затрыманьні, зьбіцьцё. Дзень 12

Яны сустрэнуць Дзень Волі ў турме. Поўны сьпіс затрыманых і арыштаваных. Абнаўляецца

Вынікі дня: Колькасьць затрыманых дасягнула 300 (Відэатрансьляцыя)

00:14 25.3.2017

Сяргей Марцалеў, былы кіраўнік выбарчага штабу Міколы Статкевіча, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Па мяне прыйшлі. Дзьверы пакуль не адчыняў».

23:44 24.3.2017

Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі, які адбывае арышт у Маладэчне, зьвярнуўся са зваротам з нагоды Дня Волі, у якім заклікаў не дазволіць уладам паўтарыць сцэнар 2010 году.

«Людзей зьбіваюць і арыштоўваюць за мірны пратэст. За кожны дзень, забраны з жыцьця, за ўсё, што з намі адбываецца за кратамі, нясе пэрсанальную адказнасьць Аляксандр Лукашэнка, піша Рымашэўскі. — Зараз задача спэцслужбаў Лукашэнкі — ня проста падавіць, але і дыскрымінаваць пратэстны рух. Яны кідаюць за краты дэмакратычных актывістаў па ўсёй краіне, каб вызваліць дарогу для правакатараў. Таму сёньня, калі ёсьць п’яныя сярод удзельнікаў мітынгу — гэта супрацоўнікі спэцслужбаў. Калі ёсьць пагромшчыкі — гэта толькі супрацоўнікі спэцслужбаў Лукашэнкі! Сёньня вулічныя акцыі з гвалтоўнымі дзеяньнямі — падарунак для карнікаў і правакатараў. Гвалт — мэтад баязьліўцаў. Пакінем яго ўладам».

23:27 24.3.2017

Лябедзька, Губарэвіч і Рымашэўскі, відавочна, атрымаюць новыя суткі арышту

Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі могуць застацца пад арыштам. Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі, якія былі арыштаваныя за ўдзел у Маршы недармаедаў у Маладэчне, рызыкуюць атрымаць новыя тэрміны, не выходзячы на свабоду, паведамляе Радыё Рацыя.

Стала вядома, што сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталю Рымашэскаму ўручылі чарговыя пратаколы непасрэдна ў камеры, – кажа адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. – Прыйшла інфармацыя ад адваката, які наведвае Віталя Рымашэўскага, што яму ў камеры апошнімі днямі былі ўручаны яшчэ два пратаколы за мітынгі ў рэгіёнах, якія Віталь і іншыя лідары правацэнтрысцкай кааліцыі наведалі, таму абсалютна верагодна, што, як планавалася – выхад пасля 15 сутак з Маладэчна 25-га ў 8.00 – магчыма не адбудзецца. Магчыма прама адтуль завязуць у суд і прызначаць новыя суткі.

22:57 24.3.2017

Затрыманага 24 сакавіка на акцыі збору дапамогі арыштаваным удзельнікам «Маршу недармаедаў» у Менску (15 сакавіка) эколяга Ўладзімера Валодзіна будуць судзіць за дробнае хуліганства, паведамляе БелаПАН.

Было затрымана і дастаўлена ва УУС Маскоўскага раёну 13 чалавек, у тым ліку карэспандэнты «Радыё Свабода», тэлеканалаў «Белсат» і France 24, а таксама ўкраінскага штотыднёвіка «Новы час». Збор дапамогі ажыцьцяўляўся 24 сакавіка ў офісе Беларускай партыі «Зялёныя» на вуліцы Фабрыцыўса. Каля 17.40 у офіс «зялёных» прыйшлі чатыры міліцыянта ў форме і паведамілі прысутным, што нібыта зьдзейсьнена злачынства і ўсіх хочуць праверыць на дачыненьне да яго. Пасьля журналістаў адпусьцілі, астатнія знаходзіліся ў РУУС у статусе адміністрацыйна затрыманых. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, іх, як і Валодзіна, таксама будуць судзіць.

Загрузіць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG