Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым далей, у рупара часьцей зьлятаюць словы «пятая калёна», нібы «яй-богу» або «чорт пабяры». А вынік — адно аскома.

Мабыць не ўсьведамляе, што балваны і абалваненыя не адно і тое. Не, магчыма балваны сярод электарату таксама ў наяўнасьці. Але ж аб’ект, на які накіраванае страшаньне, гэта тыя, у каго алей у галаве ёсьць. А яны не балваны.

Яны якраз рупар не ўключаюць. Яны людзі адукаваныя. Ім добра вядомыя букварныя рэчы. Пятая калёна — інструмэнт ворагаў дэмакратычнай рэспублікі ў Гішпаніі. На сталіцу наступалі чатырма калёнамі войскі путчыстаў Франка, а пятая, як было заяўлена, чакае свайго часу ў Мадрыдзе, каб ударыць у сьпіну рэспубліцы. Некаторыя дасьледчыкі аўтарства аддаюць Мусаліні. Але што каўдыльё, што дучэ — фарбай адной мазаныя. Надалей пятай калёнай трывала сталі называць нацысцкую агентуру, якая дапамагала фюрэру акупаваць адну краіну па адной.

Як магла ўсплыць пятая калёна ў нашыя дні — зразумець цяжка. Заманулася рупару. Але што ён ня скажа, не балванам ясна: трэба разумець наадварот. Такая ўжо абарончая рэакцыя выпрацавалася. Бо агульнавядома, што пятая калёна — гэта мяцежнікі, гэта Франка, які зьнішчыў рэспубліку, запалохаў жорсткімі рэпрэсіямі. Амаль на сорак год затрымаў Гішпанію сярод палітычна адсталых, дэмакратычна няразьвітых краін Эўропы. Чаго яшчэ было чакаць ад генэралаў?

Як вядома, Беларусь была маладой дэмакратыяй, пакуль была парлямэнцкай рэспублікай. Калі перастала быць ёю, скончана было і з дэмакратыяй. Можна сказаць, амаль адразу.

Напачатку 1997 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла статус парлямэнту РБ як спэцыяльна запрошанага ўдзельніка. Абгрунтаваньне: мноства парушэньняў падчас рэфэрэндуму пры канцы 1996 году. У 1998 годзе была замарожаная заяўка Беларусі на сяброўства ў Радзе Эўропы. Прычынамі гэтага сталі адсутнасьць прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права.

А рупар усё пра гэтак званую пятую калёну.

І немае пытаньне: навошта? Навошта абвастраць? Тым больш у гэтыя дні?

Адказ на паверхні: яму бяз гэтага нецікава, з драйвам як у штыль на моры, востра не хапае. Ну й зразумела таксама, што быў бы цішэй вады, каб ведаў наперад, што за штучнае абвастрэньне штосьці будзе. Але яму вядома, што ня будзе нічога. Таму, як раней абвяшчалі — «працуюць усе радыёстанцыі Савецкага саюзу — пятая калёна, Пятая Калёна, ПЯТАЯ КАЛЁНА!»

Дрэнна для тых, каго запісалі, дрэнна для Беларусі. Але адукаваным людзям вядома, што пятая калёна — гэта генэрал Франка, гэта дыктатура. А беларусаў прывыклі называць народам адукаваным. І афіцыйна гэта не абвяргаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG