Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ламай сцэнар


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька можа сабе дазволіць назваць пратэстоўцаў «тараканамі». Мы абураемся: як жа так? Чыноўнік абражае частку сваіх суайчыньнікаў, нязгодных з палітычнай і эканамічнай лініямі цяперашняй ўлады. У любой іншай краіне такія пратэсты — лякмусавая паперка для плянаваньня і карэктыроўкі дзяржаўнай палітыкі. У нас жа — карт-блянш для новых адміністратыўных і крымінальных справаў.

Ужо можна адкласьці ў дальнюю шуфляду майку з Пагоняй, якая была патрэбна летась, мода зьмянілася.

Тараканамі людзей можна называць тады, калі ты ўжо ў курсе, што вырашылі ў тваёй «камандзе», прыналежнасьцю да якой ты так моцна ганарысься. Калі ведаеш, што ўжо ня ў трэндзе ідэі «дыялёгу» і «круглага стала». Ужо можна адкласьці ў дальнюю шуфляду майку з Пагоняй, якая была патрэбна летась, мода зьмянілася. Можна дзейнічаць па новым сцэнары, дзе няма месца еднасьці нацыі, а трэба толькі аддзеляць «тараканаў» ад «булак».

Пра Давыдзьку кажуць, што рэжысэр ён так сабе. Таму пасьля падзеяў 2010-га мы бачылі слабы прапагандысцкі фільм «Жалезем па шклу». Зараз жа неўзабаве ўбачым новае тварэньне ў жанры дакумэнтальнага баевічка пра тое, як маладыя патрыятычныя хлопцы рыхтавалі дзяржпераварот са зброяй ў руках у лягеры пад Асіповічамі. Убачым абавязкова, інакш навошта Давыдзька каму патрэбны? Ягоны жанр — «палітычны хорар».

Ляпіць тэрарыстаў-чалавеканенавісьнікаў з нажамі і кастэтамі са студэнтаў-анархістаў атрымалася ня вельмі пераканаўча. Грамадзтва не паверыла. Значыць, патрэбны новы сцэнар, новыя галоўныя героі, грым, здымачная пляцоўка...

Таму і вырашылі знайсьці хлопцаў спартовага целаскладу, якія цікавяцца страйкболам і экстрэмальным спортам — гэта ўжо нешта! Трэба паназьбіраць фотаздымкі 15-гадовай даўніны, намяшаць з сёньняшнімі прыватнымі страйбольнымі гульнямі, падвесьці ўсё пад стрэлы Майдана — і глядзіш, ужо амаль блокбастар!

Каб наш дамарошчаны станіслаўскі, сказаў: «Веру!»

Усё, што робіцца цяпер уладамі, — спроба хоць неяк адцягнуць увагу ад эканамічнага крызісу ў краіне.

Усё, што робіцца цяпер уладамі, — спроба хоць неяк адцягнуць увагу ад эканамічнага крызісу ў краіне, напалохаць тых, хто не пабаяўся выйсьці на пратэсты, і заліць у іх галовы ідэю, што іх могуць выкарыстаць нейкія мітычныя радыкалы. Для тых, хто глядзіць і верыць тэлепрапагандзе трэба максымальна дэманізаваць пратэсты і пратэстоўцаў, падводзячы да ідэі, што кожны, хто выходзіць на вуліцы сёньня — тэрарыст.

І самае прыкрае, што пад свае мітычныя сцэнары шукаюць нават тых герояў, якія даўно сышлі з «вулічнай сцэны». Прыгожых, спартовых, патрыятычных, мужных (да прыкладу, Андрэй Дундукоў — МНС’нік са стажам). Толькі замест прапановы падпісаць кантракт на здымкі — праз трое сутак папросяць падпісаць паперу пра азнаямленьне з выстаўленымі абвінавачваньнямі.

Наша задача — выказаць масавы недавер, абурэньне, супраціў хлусьні

Наша задача — выказаць масавы недавер, абурэньне, супраціў хлусьні, якую нам зноў спрабуюць выдаць за праўду, «сур’ёзнае расьсьледаваньне». Не даваць запалохаць тых, хто сумняваецца. Падтрымаць тых, чые сваякі цяпер «там». Падтрымаць арыштаваных.

«Ламай сцэнар, ламай сыстэму» — сьпявае Вольскі. Ня ведаю, што рабіць з гэтай «засядзеўшайся» сыстэмай, але сцэнар перапісаць мы можам прымусіць. Як паказала практыка апошніх пратэстаў, нават некалькі тысяч чалавек, якія выйшлі супраць Дэкрэту № 3 змаглі змусіць яго замарозіць. Зараз варта давесьці, што такое кіно нам не даспадобы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG