Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы Дундукоў служыць у эліце МНС. Яго затрымалі на памежным пункце з Украінай


Андрэй Дундункоў

«Я думала, гэта розыгрыш», — паведаміла Свабодзе жонка затрыманага ўчора ўночы Андрэя Дундукова. Сям’я з малым сынам ехала на адпычынак ва Ўкраіну. Без тлумачэньняў Андрэя затрымалі і раніцай прывезьлі ў Менск у КДБ.

«Мы ехалі адпачываць. Напрамак — на скалы. Чарнігаў — Кіеў —Жытомір. На памежным пункце каля Гомелю нас чакалі. Падчас пашпартнага кантролю зьверылі прозьвішча, і павялі пад рукі.

Мы з сынам засталіся на вуліцы. Потым завялі ў кабінэт намесьніка начальніка. Андрэй быў у кабінэце начальніка. Зь ім КДБ працаваў. Там яшчэ стаялі тры амапаўцы.

Чатыры гадзіны сядзелі. Да першай гадзіны ночы. Канфіскавалі машыну і рэчы. Мне аддалі толькі адзін заплечнік з уласнымі рэчамі і вопраткай, тэлефон і пашпарт. У нас быў рыштунак на скалы. Усё забралі. Нават мой турыстычны пусты заплечнік.

Андрэй Дудункоў з жонкай
Андрэй Дудункоў з жонкай

А пятай раніцы нас прывезьлі ў Менск. Па дарозе мы ўсе разам сядзелі. З Андрэем і сынам. Да нас добра паставіліся. Але так і не сказалі, за што затрымліваюць Андрэя. Сказалі, у Менску ўсё патлумачаць.

Мы думалі, можа нешта з машынай. Таму што яна новая. Гэта машына сябра. Увогуле, спачатку падумала, што розыгрыш.

Зразумейце, калі б была хоць доля нейкай небясьпекі, Андрэй бы ніколі ня ўзяў з сабой сям’ю. Ён разумны чалавек, ён ня лез ні ў якія справы, якія маглі нашкодзіць яму і ягонай сям’і.

Ён служыць у Міністэрстве надзвычайных спраў. У рэспубліканскім атрадзе спэцыяльнага прызначэньня — эліце МНС. У яго ёсьць мэдаль выдатніка МНС. Ён інструктар Чырвонага крыжа. Навучае бясплатна першай дапамозе.

Ён ратуе людзей. Не было да яго ніякіх пытаньняў. У іміджавым роліку МНС здымаўся. Ён там вадалаз. Прымаў удзел у вялікім парадзе МНС летам. Шмат што добрага можна пра яго сказаць».

Андрэя Дундукова затрымалі каля 20-й гадзіны 21 сакавіка. У гэты ж час былі затрыманыя Міраслаў Лазоўскі і Алесь Яўдаха.

Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах з зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы. У той жа дзень Лукашэнка казаў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, што «ўзарваў апазыцыйную кляаку» і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. А днём раней публікаваліся «страшылкі» пра нібыта «прарыў мяжы» і «радыеактыўны самалёт», якія былі часткова абвергнутыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG