Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра экалёгію Лукашэнка прамаўчаў», — жыхары пасёлкаў, якія бароняць навакольле ад «Кранаспану»


Пра «Кранаспан» нагадвае комін, які няспынна дыміць

21 сакавіка Аляксандар Лукашэнка наведаў прадпрыемства, у экалягічнай бясьпецы якога сумняваюцца жыхары прыгарадных пасёлкаў Магілёва Вейна і Навасёлкі.

Праца замежнага прадпрыемства «Кранаспан» станавілася нагодай для скліканьня сходаў. На грамадзкіх слуханьнях людзі вінавацілі чыноўнікаў і прадстаўнікоў гэтага прадпрыемства ў нядбаньні пра будучыя пакаленьні. Наракалі на смурод з заводзкага коміна і зьліваньне нечыстот на палі.

Пасялкоўцаў запэўнівалі, што «Кранаспан» працуе паводле найноўшых тэхналёгіяў і навакольнаму асяродзьдзю ня шкодзіць. Даводзілі, што новыя вытворчасьці — гэта працоўныя месцы і папаўненьне бюджэту.

Тое, што Лукашэнка падчас наведваньня «Кранаспану» не згадаў пра экалягічную небясьпеку ад такіх вытворчасьцяў, пасялкоўцаў абурае.

«Гаварылі пра ўсё, але пра экалёгію згадкі не было, і кіраўнік дзяржавы таксама на гэтую тэму не пытаў. У афіцыйных паведамленьняў, прынамсі, пытаньняў пра навакольнае асяродзьдзе не было», — адзначыў адзін з абаронцаў навакольля Вейна.

«Такім чынам, можна казаць, што наша паветра чысьцейшым ня стане пасьля наведваньня Лукашэнкам „Кранаспану“, — выказаўся суразмоўца. — Прэзыдэнт казаў пра неабходнасьць стварэньня вялікіх і маленькіх прадпрыемстваў, гэта значыць даў зразумець, што яму патрэбныя грошы. А пытаньне экалёгіі для яго другаснае. Каб я быў на такой сустрэчы, дык пытаньне пра навакольнае асяродзьдзе задаў бы».

Паводле жыхароў Вейна, нягледзячы на запэўніваньні адміністрацыі «Кранаспану», што вытворчасьць экалягічна бясьпечная, усё роўна паветра з пахам, асабліва калі вецер дзьме на пасёлкі. Сустрэцца з кіраўніком дзяржавы і пагутарыць пра экалёгію пажадала б нямала пасялкоўцаў, але іх не запрасілі.

Пра гэтую пену кажуць жыхары Вейна і Навасёлак
Пра гэтую пену кажуць жыхары Вейна і Навасёлак

Пра тое, што пад бокам хімічная вытворчасьць, людзям нагадвае комін, які няспынна дыміць. У пасёлках кажуць, што падчас паводкі вада ў мясцовай рачулцы, якая ўпадае ў возера, была зь пенаю. «Нібы з пральнай машыны. Дык гэта што, чыстая вада?», — казалі яны.

Выклікаюць занепакоенасьць у пасялкоўцаў і намеры ўзьвесьці яшчэ адну вытворчасьць непадалёк ад іх месца жыхарства. Яны пратэстуюць супраць прадпрыемства для вырабу тэхнічнага вугляроду з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў». Пад зваротам супраць будаўніцтва падпісаліся 3 тысячы жыхароў Вейна і Навасёлак. Расейскае прадпрыемства побач з «Кранаспанам».

Паводле жыхароў Вейна, у іх пад бокам на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны № 4, якую наведаў Лукашэнка, узьведзеныя ці ўзводзяцца больш як дваццаць хімічных вытворчасьцяў. «Кожная зь іх нясе патэнцыйную небясьпеку навакольлю і здароўю», — настойваюць людзі.

Перад візытам Лукашэнкі ўздоўж гомельскай шашы і ля «Кранаспану» ды «Омск Карбона Магілёва» актыўна высаджвалі лесапаласу, якая, паводле задумы, мае засьцерагчы навакольныя землі ад шкодных выкідаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG