Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыба паздыхала, чарот высах... » — людзі пратэстуюць супраць экалягічна шкоднай вытворчасьці побач з хатамі


Вясковы сход

Вясковы сход

Жыхары дзьвюх прыгарадных магілёўскіх вёсак Вейна і Навасёлкі пратэстуюць супраць шкодных вытворчасьцяў побач зь іх паселішчамі. Вяскоўцы заяўляюць: выкіды з прадпрыемства наносяць шкоду навакольнаму асяродзьдзю ды іхнаму здароўю. Днямі ў доме культуры вёскі Вейна адбыліся грамадзкія слуханьні па гэтай праблеме, на якія прыйшлі больш за сто мясцовых жыхароў. Заля дома культуры была поўнай.

Падчас слуханьняў гучала жорсткая крытыка на адрас улады і замежнага прадпрыемства «Кронаспан», дзейнасьць якога і стала нагодай для вясковага сходу. Людзі вінавацілі чыноўнікаў і прадстаўнікоў прадпрыемства ў нядбаньні пра будучыя пакаленьні. Наракалі на смурод з коміну прадпрыемства і зьлівы нечыстот на палі.

«Калі я іду раніцай на працу, ад вас ідзе смурод і з вашай трубы ідзе такі аб’ём дыму, што проста вусьцішна», — абураўся, выступаючы на слуханьнях адзін з жыхароў Навасёлак.

Паводле вяскоўцаў, дыму больш увечары. Фота даслалі вяскоўцы

Паводле вяскоўцаў, дыму больш увечары. Фота даслалі вяскоўцы

«Вы пазбаўляеце нашых дзяцей дзяцінства. Яны, калі шчыра, то хаваюцца па хатах. Вы ж ня будзеце лячыць ані нас, ані нашых дзяцей. Я б вашу арганізацыю перапрафіліраваў, — выказваў сваю пазыцыю вясковец. — Вы высеклі пяцьдзесят гектараў лесу. Няўжо ў гэтым была такая неабходнасьць, каб на гэтым месцы ўзьвесьці замежнае прадпрыемства. Гэта была абаронная паласа ад „Хімвалакно“. Хто падпісваў дакумэнты, каб на гэтай пляцоўцы разьмясьціць гэты завод, прычым у непасрэднай блізкасьці ад паселішча?» — пытаўся ён.

З вашага прадпрыемства выцякае па прарытай канаве атрутная вада, якая зьнішчае ўсё жывое навокал, вінаваціў прамыслоўцаў яшчэ адзін вясковец.

«Вы гэтую канаву закапалі, і пасьля гэтага там пачаў расьці чарот. А да гэтага там жабкі былі сінія», — даводзіў ён.

Вясковец: «Праз вашыя выкіды жабкі сталі сінімі»

Вясковец: «Праз вашыя выкіды жабкі сталі сінімі»

«Вы абсалютна маеце рацыю, але выкіды празь якія здохла і рыба, і чарот — яны былі ня толькі з нашага прадпрыемства, — адрэагавала на абвінавачваньне прадстаўніца „Кронаспана“. — Акрамя таго, гэта адбылося з прычыны парушэньня тэхналягічнага працэсу і гэта ўсё спынена. І цяпер нічога ня скідваецца», — запэўнівала яна.

Вяскоўцы запэўніваюць – гэта сьцёкі з прадпрыемства. Фота даслалі вяскоўцы

Вяскоўцы запэўніваюць – гэта сьцёкі з прадпрыемства. Фота даслалі вяскоўцы

Прадстаўнікі замежнага прадпрыемства спрабавалі пераканаць грамаду, што іхная вытворчасьць ня шкодзіць. Заяўлялі: дым з коміну не пагаршае экалягічнай сытуацыі.

Тлумачылі, як адбываецца працэс вытворчасьці прадукцыі. Запрасілі вяскоўцаў на азнаямляльную экскурсію. Запэўнівалі, што ўдасканаляць ачыстку выкідаў з прадпрыемства.

Вяскоўцы запэўніваюць – гэта сьцёкі з прадпрыемства. Фота даслалі вяскоўцы

Вяскоўцы запэўніваюць – гэта сьцёкі з прадпрыемства. Фота даслалі вяскоўцы

«Калі ласка, адкажыце нам адказна, запэўніце народ, што ваша вытворчасьць бясьпечная», прагучала пытаньне з залі да прадстаўнікоў «Кронаспану». Адзін зь іх адказаў: «Адказна заяўляю, што нашая вытворчасьць — няшкодная».

Што да высечкі «зялёнай» заслоны паселішчаў ад завадзкой дзейнасьці, то прадстаўнікі прадпрыемства заявілі: яны не высякалі яе.

«Зялёная зона была высечаная не дзеля нас. Нам гэты ўчастак быў выдзелены. Калі б не было нас, то было б іншае прадпрыемства. Акрамя таго, за тэрыторыяй нашага прадпрыемства ўжо пасаджана дзевяць радаў дрэў», — паспрабавала супакоіць незадаволенасьць вяскоўцаў прадстаўніца замежнага прадпрыемства.

На яе тлумачэньне заля адказала кпінамі: «Вы думаеце, пасадзіўшы дрэвы ў сьнежні, яны прымуцца?».

Удзельніцы сходу чакаюць адказаць на свае пытаньні

Удзельніцы сходу чакаюць адказаць на свае пытаньні

Чыноўнікі ж даводзілі: вытворчасьць прайшла неабходныя санітарна-эпідэміялягічныя працэдуры і хвалявацца няма з чаго.

Паабяцалі пісьмова адказаць на ўсе пытаньні ад удзельнікаў слуханьняў і звадзіць прадстаўнікоў зь вёсак на ўсе прадпрыемствы, якія месьцяцца ў свабоднай эканамічнай зоне разам з «Кронаспанам», каб пераканаліся, што яны няшкодныя.

Старшыня магілёўскага райвыканкаму Анатоль Дуцько: «На ўсе пытаньні мы дамо пісьмовыя адказы»

Старшыня магілёўскага райвыканкаму Анатоль Дуцько: «На ўсе пытаньні мы дамо пісьмовыя адказы»

Апошняе слова «Няшкодныя», абурыла грамаду:

«Вы самі сабе хлусіце. Як яны няшкодныя? Пажывіце тут два-тры дні разам з старшынём сельскага савету. Вы цяпер выйдзеце на вуліцу!..» — зь месцаў пачалі крычаць людзі.

На іхную думку, дазвол на ўзьвядзеньне прадпрыемства быў дадзены чыноўнікамі без належнай праверкі якасьці ачысткі выкідаў. Толькі цяпер, настойвалі вяскоўцы, ідзе іх наладка. З залі чуліся заклікі закрыць прадпрыемства.

На прапанову чыноўнікаў, што варта завяршаць сход і падводзіць вынікі абмеркаваньня, вяскоўцы, не даслухаўшы, падняліся зь месцаў і незадаволена пачалі разыходзіцца. Слуханьні гэтак і не былі афіцыйна скончаныя.

Чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства слухаюць пытаньні вяскоўцаў

Чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства слухаюць пытаньні вяскоўцаў

Намесьнік старшыні Магілёўскага райвыканкаму Мікалай Шапялевіч на пытаньне журналіста, ці пачула ўлада людзкую занепакоенасьць экалягічнай сытуацыяй адказаў:

«Робяцца максымальныя захады для таго, каб належным чынам забясьпечыць пражываньне грамадзян. Інвэстарам выстаўляюцца такія патрабаваньні, якія дазволілі б зьняць усе пытаньні, якія сёньня актуальныя для нашага грамадзтва», — зазначыў службовец.

«Так, сапраўды экалягічная абстаноўка не зусім добрая ў нас у горадзе. І незадаволенасьць гэта сёньня была выказаная і жыхарамі вёсак. Мы трэці горад у Беларусі па ўзроўні забруджанасьці. Але тыя прадпрыемствы, якія ўзводзяцца на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны дадуць блізу чатырох тысяч новых працоўных месцаў. Акрамя таго, тэхналёгія гэтых вытворчасьцяў — эўрапейскай якасьці. Прадпрыемствы, пра якія мы сёньня гаварылі, працуюць з натуральным дрэвам, ня ўзьдзейнічаючы на сыравіны тэхнічна», — заключыў Мікалай Шапялевіч.

Адна з актывістак працоўнай групы, створанай жыхарамі Вейна і Навасёлак, пасьля сходу прызналася, што яна ў разгубленасьці. На пытаньне, ці пачулі чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства занепакоенасьць людзей экалягічнай сытуацыяй спадарыня адказала:

Удзельніца грамадзкіх слуханьняў: «Ніводнага канкрэтнага адказу на нашы пытаньні мы не пачулі»

Удзельніца грамадзкіх слуханьняў: «Ніводнага канкрэтнага адказу на нашы пытаньні мы не пачулі»

«Ніводнага канкрэтнага адказу на нашы пытаньні мы не пачулі. Толькі адно гучала, што прадпрыемства: „Кронаспан“ — проста шакалядная фабрыка і ўся карысная такая. Мы ў разгубленасьці адносна таго, што трэба далей рабіць. Да каго тут можна дагрукацца? Пакуль я ня ведаю, на што спадзявацца».

На сходзе вяскоўцаў прысутнічаў і актывіст экалягічнай арганізацыі Экадом" зь Менску Рыгор Фёдараў. Грамадзкі эколяг пагадзіўся: занепакоенасьць вяскоўцаў экалягічнай сытуацыяй вакол іх паселішчаў апраўданая. У Магілёве нямала экалягічных праблемаў, даводзіць ён. Па некаторых шкодных выкідах перавышэньне нормы сягае некалькіх разоў:

Вясковы пэйзаж зь Вейна з дымам на фоне

Вясковы пэйзаж зь Вейна з дымам на фоне

«Наагул ёсьць праблема — гэта відавочна. Прадпрыемства, пра якое гаворка, паводле беларускіх правілаў, ня лічыцца хімічным, але там ёсьць хімічныя рэчывы. Імі насычаюць стружку, перад тым, як рабіць зь яе арыентавана-стружачныя пліты. Людзі, зразумела, незадаволеныя тым, што ў іх пад бокам прадпрыемства, якое сапраўды шкоднае! Па-сутнасьці шкоднае. Яно дадае дужа шмат шкодных рэчываў у паветра».

Гэты сход па пытаньні экалягічнай абстаноўкі ў Вейна і Навасёлках ня першы. Паводле вяскоўцаў, на адлегласьці за 800 мэтраў ад іх паселішчаў на невялікай пляцоўцы зьбіраюцца разьмясьціць 29 вытворчасьцяў. Чыноўнікі запэўніваюць: павелічэньня колькасьці прадпрыемстваў не плянуюць. На сходзе агучылі зьвесткі, што неўзабаве пачнецца ўзьвядзеньне прадпрыемства «Омск-Карбон». Яно будзе вырабляць тэхнічны вуглярод — сыравіну для вырабу аўтамабільных шын. На гэтае паведамленьне вяскоўцы выбухнулі абурэньнем, бо, на іхную думку, яно больш шкоднае за «Кронаспан».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG