Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 гамельчукоў, пакараных арыштамі і штрафамі за «Марш недармаедаў», абскарджваюць прысуды


Марш абураных беларусаў у Гомелі

Наняты праваабаронцамі адвакат Пётар Барысаў у апошнія дні наведаў у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня Віктара Рубцова, Максіма Філіповіча, Уладзімера Кацору, Дзьмітрыя Сабурава, пакараных арыштамі на 10–13 сутак.

«Усе яны, — кажа адвакат Барысаў, — падпісалі скаргі на судовыя пастановы аб пакараньні арыштамі паводле артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у „Маршы недармаедаў“. Вінаватымі сябе ня лічаць, бо скарысталі сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы. Блогер Максім Філіповіч трымае галадоўку. Уладзімер Кацора адмовіўся ад казённай ежы, каб ня быць „дармаедам“ у дзяржавы. Есьць тое, што перадалі сваякі. Адмовіўся ён таксама ў міліцыі перад адпраўкай у ізалятар здаваць адбіткі пальцаў і фатаграфавацца, каб ня ўводзіць дзяржаву ў лішнія расходы».

Адвакат Барысаў дадаў, што да «палітычных» сядзельцаў супрацоўнікі ізалятара ставяцца няблага, а сядзельцы, у сваю чаргу, не выказвалі да іх нейкіх асаблівых прэтэнзіяў. Адвакат мае наведаць і яшчэ аднаго арыштанта — былога афіцэра міліцыі, сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Няпомняшчых. Той пакараны 13 суткамі арышту.

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

Уранку 15 сакавіка Ўладзімер кіраваўся на вакзал, каб ехаць у Менск на дазволеную акцыю пратэсту. Ад самага дому за ім сачылі. Уладзімер спрабаваў проста ўцячы ад «хвастоў», але невядомыя дагналі яго, пырснулі пярцовым газам у вочы і зьбілі. Прыехаў АМАП, як тое было ўжо не аднойчы. У выніку актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Гэтыя падзеі Ўладзімер Няпомняшчых лічыць наўмыснай правакацыяй, якую ўчынілі адмыслова, каб сарваць ягоную паездку ў сталіцу.

У той жа дзень міліцыя даставіла Ўладзімера ў суд Цэнтральнага раёну Гомля. Судзьдзя Сяргей Кармановіч пакараў Няпомняшчых трыма суткамі арышту за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі і штрафам 575 рублёў — за ўдзел 19 лютага ў Гомлі ў несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў». І ўжо калі актывіст быў у ізалятары, яму дадалі яшчэ дзесяць сутак арышту — за ўдзел у акцыі пратэсту ў Рагачове, якая адбылася 12 сакавіка.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што Няпомняшчых быў адным з заяўнікаў «Маршу недармаедаў» у Гомлі супраць дэкрэту № 3, аднак гарвыканкам правесьці марш не дазволіў.

«Гарвыканкам ужо амаль паўтара дзясятка гадоў не дазваляе аніякіх масавых акцыяў, якія замаўляюць палітыкі й грамадзкія актывісты. Таму людзі плюнулі на ўсе гэтыя забароны і скарысталіся сваім канстытуцыйным правам на мірныя сходы і шэсьці. І Няпомняшчых на „Маршы недармаедаў“ ішоў у галаве калёны».

У касацыйных скаргах на прысуды пакараныя арыштамі і штрафамі гамельчукі адзначаюць, што нават калі суд і ўстанавіў іх удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, то дзеяньні гэтыя павінны быць ацэненыя зыходзячы з патрабаваньняў артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае, што суды павінны былі адзначаць, што права людзей на ўдзел у мірным сходзе, мітынгу, вулічным шэсьці неабходна было абмяжоўваць у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва. Да таго ж, гаворыцца ў скаргах, не прыведзена было ніводнага выпадку парушэньня ўстаноўленага парадку правядзеньня мітынгу і вулічнага шэсьця. І ніхто з пакараных ня толькі не парушаў грамадзкага парадку, але і не заклікаў парушаць.

«Можна дадаць, — дапаўняе праваабаронца Судаленка, — што, пакараўшы ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, суды парушылі міжнародныя пагадненьні, падпісаныя Беларусьсю. У прыватнасьці, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Сам Леанід Судаленка атрымаў найменшае спагнаньне за ўдзел у лютаўскім «Маршы недармаедаў» — толькі папярэджаньне. Але таксама падаў скаргу на перагляд судовай пастановы, абвешчанай 17 сакавіка судом Цэнтральнага раёну Гомля.

Юры Глушакоў
Юры Глушакоў

З трынаццаці гамельчукоў, прыцягнутых да адказнасьці за ўдзел у «маршах недармаедаў», толькі адзін адмаўляецца пакуль абскарджваць пакараньне. Гэта намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя», былы дэпутат гарсавету Юры Глушакоў. Суд пакараў яго штрафам у памеры адной базавай велічыні.

«Я ня веру ў аднаўленьне справядлівасьці ў беларускіх судах, — кажа Глушакоў. — І ў мяне няма лішніх грошай, каб заплаціць судовую пошліну, якая ў два разы большая, чым вынесены мне штраф».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG