Асьпіранта гістарычнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які 18 сакавіка падчас мітынгу-канцэрту ў гонар трэцяй гадавіны далучэньня Крыму да Расеі вывесіў самаробны сьцяг Украіны, дапыталі і зьбілі супрацоўнікі ФСБ. Пасьля дзьвюх гадзін допыту асьпіранта прымусілі пад дыктоўку напісаць расьпіску аб тым, што ён «згодны працаваць паведамляльнікам». Пра гэта «Медиазоне» распавёў сябар маладога чалавека, які пажадаў захаваць ананімнасьць.
18 сакавіка асьпірант гістфаку зрабіў сьцяг Украіны з двух кавалкаў тканіны і пачаў размахваць ім з акна свайго пакоя. Паводле яго словаў, яго акцыя не насіла палітычнага характару. Ён пратэставаў супраць траты бюджэтных сродкаў на канцэрт у той час, як у МДУ няма грошай на рамонт інтэрнатаў. Яго затрымалі з ужываньнем сілы, забралі з пакоя фотаапарат, тэлефон і ноўтбук, прывялі ў аддзяленьне ўнутраных справаў МДУ, дзе трое людзей у цывільным, якія называлі сябе супрацоўнікамі ФСБ, правялі допыт. Пазьней паліцыянты прымусілі асьпіранта напісаць ў пратаколе, што ён размахваў сьцягам і нецэнзурна лаяўся. Копію пратаколу яму не далі, уручылі толькі квітанцыю пра штраф за дробнае хуліганства.
20 сакавіка асьпірант зафіксаваў пабоі (сінякі і парэзы) у траўматалягірчным пункце. 21 сакавіка ён зьвярнуўся па дапамогу ў праваабарончую арганізацыю «Камітэт па прадухіленьні катаваньняў».
Анэксія Крыму Расеяй не прызнаная Ўкраінай і пераважнай большасьцю краінаў сьвету.