Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец: «Я прыйшла на суд з торбамі і салам — рыхтавалася да «сутак»


Тацяна Севярынец у Кастрычніцкім райсудзе
Тацяна Севярынец у Кастрычніцкім райсудзе

Суд Кастрычніцкага раёну пастанавіў аштрафаваць віцебскую каардынатарку аргкамітэту партыі БХД на 50 базавых велічынь.

Аднак гэта быў не адзіны судовы працэс над удзельнікамі «Маршу недармаедаў» 26-га лютага: штрафам памерам 30 базавых велічынь пакараны 19-гадовы Кірыл Татарэвіч. Хлопец не ўваходзіць ні ў якія апазыцыйныя структуры і ўпершыню ў жыцьці далучыўся да масавай акцыі.

Тацяна Севярынец не адмаўляла таго, што падчас «Маршу недармаедаў» была побач зь землякамі — спачатку на плошчы Перамогі, потым ішла ў калёне, дзе побач зь ёй былі амаль дзьве тысячы чалавек, і на плошчы Леніна, дзе заклікала віцяблян далучацца да супольнага сьвяткаваньня Дня Волі. Але актывістка падкрэсьлівала, што мае на ўсё гэта законнае права, гарантаванае Канстытуцыяй краіны:

«Я не прызнаю сябе вінаватай. Я такая ж, як усе, хто незадаволены дэкрэтам № 3, хоць асабіста мяне ён ня тычыцца — я ўжо на пэнсіі. Мы з маімі аднадумцамі шмат робім для гораду: змагаемся за будаўніцтва школы, паліклінікі, камбінату па перапрацоўцы сьмецьця, за рэгулярны рух транспарту... Мы шмат ходзім па кабінэтах чыноўнікаў, бо гэта яны недастаткова эфэктыўна працуюць. Гэта паміж іх сапраўдныя дармаеды! А што да акцыяў пратэсту, то іх арганізоўваюць не апазыцыянэры, а правакуе само кіраўніцтва краіны сваімі дзеяньнямі».

Выслухаўшы Тацяну Севярынец, судзьдзя Алеся Жарыкава перайшла да прагляду відэазапісаў, зробленых у тым ліку і міліцэйскімі відэаапэратарамі ў цывільным. Прысутныя ўбачылі, як Тацяна Севярынец зачытвала артыкулы Канстытуцыі і пыталася ў прысутных, ці выконваюцца яны. І тыя гукалі «Так!» або «Не!».

Судзьдзя Алеся Жарыкава прызнала Тацяну Севярынец вінаватай згодна з часткай 3 артыкулу 23.34 — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, прычым паўторна на працягу году. Апошні раз актывістку прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці падчас выбарчай кампаніі — за тое, што сьпявала гімн «Магутны Божа», выйшаўшы зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне. Віцебская міліцыя вырашыла, што ў такім выпадку дзеяньні актывісткі трэба расцэньваць як адміністрацыйнае правапарушэньне.

Па сканчэньні працэсу з журналістамі
Па сканчэньні працэсу з журналістамі

Абскардзіць гэтае рашэньне суду ў Беларусі не ўдалося, і Тацяна Севярынец разам з Аленай Шабуняй і Георгіем Станкевічам зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН. Сёньняшнюю пастанову пра штраф за ўдзел у «Маршы недармаедаў» актывістка таксама плянуе абскарджваць:

«Вядома ж, буду! Я не спадзявалася, шчыра сказаць, на штраф. Думала, будуць „суткі“ — сутак 5, каб „ізаляваць“ мяне на Дзень Волі. Узяла з сабой тры торбы — з рэчамі і нават салам, каб не абцяжарваць блізкіх лішнім клопатам... Але сала пакуль есьці ня буду — невядома, што будзе пасьля 25 сакавіка».

Віцебскія ўлады забаранілі ўсе акцыі, на якія падавалі заяўкі мясцовыя актывісты, плянуючы адзначыць Дзень Волі. Цяпер яны абмяркоўваюць, у якім фармаце можна адзначыць гэтае сьвята.

Кірыл Татарэвіч
Кірыл Татарэвіч

Апрача Тацяны Севярынец, сёньняшні прысуд Кастрычніцкага райсуду зьбіраецца абскарджваць Кірыл Татарэвіч, 19-гадовы віцяблянін, таксама затрыманы на «Маршы недармаедаў». Паводле яго, адзіным доказам правапарушэньня судзьдзя Ўладзімер Царыкаў палічыў тое, што хлопца зафіксавалі відэакамеры:

«Глядзелі відэазапісы; кім яны былі зроблены, не паведамлялася. На адным, у самым канцы, відаць, што я іду па вуліцы ў калёне. Проста іду, як звычайны чалавек. Але я кажу шчыра: я знарок прыйшоў на гэты пратэст. Найперш каб паглядзець — я ніколі такога ня бачыў».

Кірыла Татарэвіча затрымалі ўжо пасьля акцыі, на прыпынку ў раёне амфітэатру. Гэтаксама як і Тацяну Севярынец, якая ўжо вярталася дадому, калі яе пераняў АМАП. У Кастрычніцкім РАУС, куды прывезьлі абаіх, яны й пазнаёміліся. На хлопца склалі пратакол за парушэньне часткі 1 артыкулу 23.34.

Пакараныя штрафамі
Пакараныя штрафамі

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, караць удзельнікаў нейкіх акцыяў за парушэньне гэтага артыкулу ўвогуле незаконна:

«У артыкуле напісана пра парушэньні парадку правядзеньня або арганізацыі масавых акцыяў. Калі чалавек нічога не арганізаваў, то ён нічога і не праводзіць. Таксама не вызначае і ня ведае нейкага парадку правядзеньня. Тым больш калі акцыі стыхійныя, як было 26-га лютага ў Віцебску. Хто там мог вызначыць нейкі парадак? А пра ўдзел у артыкуле не сказана ні слова! Таму гэта яшчэ адзін факт заганнай практыкі беларускай міліцыі і судоў — калі ў пратаколах пішуць, а потым караюць „за ўдзел“ у акцыях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG