Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі ўзмацнілі кантроль на мяжы зь Беларусьсю


Пункт пропуску Аляксандраўка

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны пасьля інфармацыі беларускіх калегаў пра інцыдэнт з аўтамабілем, які нібыта спрабаваў прарвацца празь дзяржаўную мяжу Беларусі непадалёк ад беларускага пункту пропуску «Аляксандраўка», узмацніла кантроль на памежных пастах у кірунку Беларусі.

«На ўчастку беларуска-ўкраінскай мяжы ўжо выстаўленыя дадатковыя памежныя падразьдзяленьні, узмоцнены кантроль за выкананьнем рэжыму ў пунктах пропуску і ўдакладнена ўзаемадзеяньне зь беларускімі калегамі», — паведамілі Радыё Свабода ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны (ДПСУ).

У той жа час украінскія памежнікі яшчэ раз падкрэсьлілі, што затрыманы ў Беларусі аўтамабіль не перасякаў мяжу Ўкраіны ні на ўезд, ні на выезд. «Асобы, якія, верагодна, былі ў яго салёне, на працягу доўгага часу таксама не перасякалі дзяржаўную мяжу. Зараз украінскія і беларускія памежнікі сумесна вызначаюць ўсе абставіны гэтага здарэньня і матывы асобаў, якія знаходзіліся ў аўтамабілі. Аб выніках гэтай працы паведамім дадаткова», — адзначылі ў адміністрацыі ДПСУ.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 20 сакавіка паведаміў пра спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі ў раёне прапускнога пункту «Аляксандраўка» з выкарыстаньнем табэльнай зброі.

Інцыдэнт адбыўся у 01.45 ночы 20 сакавіка, калі з украінскага боку праз Аляксандраўку спрабаваў прарвацца аўтамабіль маркі «Джып», зьбіў шлягбаўм, праехаў праз «сродак прымусовага спыненьня». Машыну спынілі праз 3 км — у раёне вёскі Габрылееўкі, затрымалі двух асоб і яшчэ аднаго грамадзяніна, які мог знаходзіцца ў машыне, шукаюць.

У аўтамабілі, сьцьвярджаюць беларускія памежнікі, знойдзены пісталет ТТ, два зараджаныя магазыны, а таксама «прадмет, вонкава падобны да тратылу з электрадэтанатарам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG