Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд анэксаванага Крыму пачынае разгляд справы супраць журналіста Міколы Семяны


Украінскі журналіст Мікола Семяна
Украінскі журналіст Мікола Семяна

У падкантрольным Крамлю судзе Сімфэропаля сёньня адбудзецца разгляд справы супраць украінскага журналіста Міколы Семяны, які супрацоўнічаў з праектам Радыё Свабода «Крым. Рэаліі». Папярэдняе паседжаньне па справе адбылося ў канцы лютага. Тады бок абароны выказаў прэтэнзіі да лінгвістычнай экспэртызы.

Увесну 2016 году ў Крыме прайшлі масавыя ператрусы, у тым ліку ў незалежных журналістаў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з праектам Радыё Свабода «Крым. Рэаліі». Супраць журналіста Міколы Семяны расейскія органы распачалі крымінальную справу па падазрэньні ў закліках да «парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі». Яму забаранілі выезд з паўвострава.

Абарона Міколы Семяны, Міжнародная і Эўрапейская Фэдэрацыя журналістаў, а таксама офіс прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды слова заклікалі ФСБ Расеі выпусьціць журналіста з Крыму на лячэньне, але станоўчага адказу так і не атрымалі.

У ФСБ Расеі сьцьвярджаюць, што менавіта Мікола Семяна напісаў пад псэўданімам матэрыял для сайта «Крым. Рэаліі» пад назвай «Блякада — неабходны першы крок да вызваленьня Крыму». Экс-пракурор анэксаванага Крыму, якая і абвінаваціла Семяну, заявіла, што праект Радыё Свабода «Крым. Рэаліі» даў магчымасьць «апраўданьня актаў сабатажу і экстрэмізму». 66-гадоваму журналісту пагражае пяць гадоў пазбаўленьня волі.

Сам Семяна заяўляў, што няма ніякіх доказаў таго, што ён зьдзейсьніў злачынства, таму што «статус Крыму не зразумелы, нават у рамках Расейскай Фэдэрацыі». Паводле яго слоў, Крым гэта «спрэчная тэрыторыя, якая зьяўляецца прадметам ажыўленай дыскусіі ва ўсім сьвеце», і што ён мае права, «у адпаведнасьці зь міжнародным правам і заканадаўствам Расеі», удзельнічаць у гэтай дыскусіі.

На мінулым тыдні Эўрапарлямэнт у сваёй рэкамэндацыйнай рэзалюцыі заклікаў Маскву вызваліць больш за 30 грамадзян Украіны, у тым ліку і Міколу Семяну, якія знаходзяцца ў турме або сутыкаюцца зь іншым абмежаваньнем волі ў Расеі, анэксаваным Крыме і частцы ўсходу Ўкраіны, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты.

Таксама Вашынгтон на мінулым тыдні заклікаў расейскія ўлады «адмовіцца ад ілжывых абвінавачваньняў супраць Семяны і вызваліць яго і ўсіх астатніх украінцаў, якія знаходзяцца ў Расеі па палітычных прычынах».

Міністэрства замежных спраў Украіны раней неаднаразова выказвала занепакоенасьць перасьледам уласных грамадзян Украіны ў анэксаваным Крыме, у прыватнасьці журналіста Міколы Семяны, і заклікала спыніць ціск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG