Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дума дазволіла расейцам пад санкцыямі не плаціць падаткаў ў Расеі


Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная дума прыняла ў другім чытаньні законапраект, які дае магчымасьць расейскім грамадзянам, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі, не даваць справаздачы аб даходах у Расеі.

Як паведамляе сайт Meduza, за дакумэнт прагаласавалі 324 дэпутаты, супраць — 38.

Аўтар паправак, кіраўнік камітэту Дзярждумы па бюджэце і падатках Андрэй Макараў, заявіў, што яны патрэбныя ў тых выпадках, калі расеец, які трапіў пад санкцыі, паводле эўрапейскіх законаў павінен даваць справаздачу аб падатках за мяжой. Гэта зьвязана з тым, што ў некаторых расейскіх грамадзян там ёсьць кампаніі, маёмасьць або даходы. Але з-за санкцый, патлумачыў Макараў, такія людзі вымушаныя жыць у Расеі, а значыць, прызнаюцца падатковымі рэзыдэнтамі РФ. У выніку расейцы паводле расейскіх законаў павінны былі б плаціць падаткі ў Расеі, а ў Эўропе ім пагражалі б санкцыі за ўхіленьне ад падаткаў. Новы закон дазволіць плаціць падаткі ў Эўропе, нягледзячы на пастаяннае пражываньне ў Расеі. Для каго канкрэтна зь людзей у санкцыйных сьпісах прымаецца законапраект, Макараў не сказаў.

XS
SM
MD
LG