Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пацьвердзілі жорсткую пазыцыю адносна анэксіі Расеяй Крыму


Марк Тонэр
Марк Тонэр

Злучаныя Штаты зноў рэзка асудзілі захоп Расеяй Крыму і рэфэрэндум, які Масква правяла, каб апраўдаць анэксію паўвыспы ў 2014 годзе.

Заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША была зроблена ў трэцюю гадавіну рэфэрэндуму, арганізаванага пасьля таго, як расейскія спэцпадразьдзяленьні бяз знакаў адрозьненьня захапілі ключавыя ўрадавыя будынкі ў Крыме.

Заява амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства стала апошняй па часе праявай жорсткай публічнай пазыцыі Вашынгтону з нагоды праблемы анэксаванага Крыма, якую прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў у спадчыну ад свайго папярэдніка Барака Абамы.

«Злучаныя Штаты не прызнаюць ні рэфэрэндум 16 сакавіка 2014 года, ні спробу анэксаваць Крым і парушэньні міжнароднага права, якія працягваюцца — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонэр. — Мы яшчэ раз пацьвярджаем нашу прыхільнасьць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў падчас сваёй выбарчай кампаніі, што хацеў бы актывізаваць супрацоўніцтва з Расеяй па шэрагу пытаньняў, у тым ліку барацьбы з тэрарызмам, і што будзе імкнуцца заключыць пагадненьне, якое было б ня проста добрым, як ён выказаўся, але выдатным — для Амэрыкі, і добрым для Расеі.

Дэкляраванае Трампам імкненьне да збліжэньня з Масквой і ягоныя словы, што ён мог бы разгледзець пытаньне аб скасаваньні санкцый, уведзеных адміністрацыяй Абамы ў дачыненьні да Расеі ў адказ на анэксію Крыму, выклікалі незадаволенасьць эўрапейскіх саюзьнікаў, якія асьцерагаюцца, што Трамп можа заплюшчыць вочы на экспансіянізм Расеі.

Аднак менш чым праз два месяцы пасьля ўступленьня Трампа на пасаду прэзыдэнта, няма ніякіх публічных сьведчаньняў таго, што яго адміністрацыя пагодзіцца з анэксіяй Крыма. Прадстаўнікі адміністрацыі Трампа — у прыватнасьці, амбасадар ЗША ў ААН Нікі Хэйлі — публічна асудзілі расейскую «акупацыю паўвыспы».

Нашыя санкцыі ў дачыненьні да Крыму захаваюцца да таго часу, пакуль Расея ня верне кантроль над паўвыспай Украіне

У сваёй заяве ад 16 сакавіка прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонэр сказаў, што Вашынгтон «зноў асуджае расейскую акупацыю Крыму і заклікае да яе неадкладнага спыненьня». «Нашыя санкцыі ў дачыненьні да Крыму захаваюцца да таго часу, пакуль Расея ня верне кантроль над паўвыспай Украіне», — сказаў ён.

Выступаючы перад журналістамі ў Маскве ў той жа дзень, прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў абверг меркаваньне аб тым, што Крым можа быць вернуты Ўкраіне паводле якога-небудзь пагадненьня са Злучанымі Штатамі.

Адміністрацыя Трампа таксама працягнула палітыку адміністрацыі Абамы па жорсткім супраціве падтрымцы Расеяй узброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. У выніку канфлікту з красавіка 2014 года было забіта больш за 9750 чалавек.

Раней 16 сакавіка Эўрапейскі парлямэнт заклікаў Маскву вызваліць больш за два дзясяткі «незаконна і адвольна затрыманых» украінскіх грамадзян «як у Расеі, так і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны і гарантаваць іх бясьпечнае вяртаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG