Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу паліцэйскія напісалі ў пашпарце затрыманага мацюкі


Паліцыянты затрымалі грамадзяніна Ўзбэкістану, які легальна знаходзіўся на тэрыторыі Расеі, і сапсавалі яму пашпарт непрыстойнымі надпісамі, паведамляе «Фонтанка». Фота сапсаванага пашпарта апублікаваў у сваім Фэйсбуку муніцыпальны дэпутат пасёлка Шушары Арцемі Галіцын. Ён жа разам з пацярпелым мігрантам зьвярнуўся ў паліцыю са скаргай.

Людзі ў паліцэйскай форме спынілі некалькіх грамадзян Узбэкістану ўвечары 14 сакавіка, удакладняе «Фонтанка». Яны запатрабавалі прадʼявіць дакумэнты. Пашпарты і дазволы на працу ў грамадзян Узбэкістану былі ў парадку. Тады паліцэйскія папрасілі мігрантаў выканаць нейкія фізычныя практыкаваньні, каб пераканацца, што тыя цьвярозыя.

Паводле пацярпелага, людзі ў паліцэйскай форме запатрабавалі грошай. Пасьля адмовы яму вярнулі пашпарт зь непрыстойнымі надпісамі, зробленымі асадкай на старонках дакумэнта.

Дапамагчы грамадзяніну Ўзбэкістану падахвоціўся муніцыпальны дэпутат Арцемі Галіцын. Ён апублікаваў фота старонак сапсаванага пашпарта ў сваім Фэйсбуку і Твітары. Пазьней зь ім зьвязалася кіраўніцтва Пушкінскага раённага аддзяленьня паліцыі.

«Кіраўніцтва паліцыі адрэагавала на пачварны выпадак вельмі дакладна. Нас прыняў начальнік аддзяленьня, асабіста выслухаўшы пацярпелага. Усё падрабязна запісалі. У тым, што вінаватых знойдуць, няма ніякіх сумневаў. Цяпер нават разумеем, хто гэта мог быць», — напісаў дэпутат.

Паводле яго, пацярпелы ўжо напісаў заяву.

XS
SM
MD
LG