Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супакойцеся! У горадзе ўсяго 0,8 адсотка «дармаедаў»


Сяргей Астраўцоў

Першая акцыя «недармаедаў» у Горадні была даволі сьціплай.

І другую чакалі такую самую. Тым больш былі суды напярэдадні, старшыню партарганізацыі БНФ схавалі за краты. «Изыскали средства» — у парку нават на бярозах дадатковыя відэакамэры прымацавалі. Каб лепей бачыць — хто прыйдзе на акцыю. А народ узяў ды сабраўся!

Ды пайшоў на плошчу, да гарвыканкаму, да Леніна. Як пераходзілі вуліцу, кіроўцы шалёна сыгналілі. Маўляў: падтрымліваем.

На плошчу да народу выйшлі два прадстаўнікі ўлады. Рэй вяла супрацоўніца выканкаму. Трэба аддаць належнае: карэктна, стрымана, у форме дыялёгу. Плошча, вядома, нярэдка адказвае эмоцыямі, стрымаць бывае цяжка. Тым больш ня можа быць на недазволенай акцыі кіраўнікоў, прамоўцаў, каб давалі слова па чарзе.

Што пачулі людзі? Што гарадзкі галава чакае ўнутры, запрашае на размову. Калі ласка: ёсьць заля прыблізна на дзьвесьце месцаў. Але на плошчы, паводле бягучых ацэнак, у чатыры разы больш сабралася. Дый пытаньне міжвольнае: хто да каго ісьці мусіць? Народ да начальства? Не наадварот? Два супрацоўнікі выйшлі самі, чаму і «мэр» ня можа разам зь імі зьвярнуцца напрасткі да гарадзенцаў? Пытаньне. Чалавек нібы нямала асабістых выказваў ініцыятываў — што палепшыць у горадзе, адчуваецца, што дбае, што з душой, што цэніць гістарычную аўру таксама. Але — быў прысланы з даволі далёкага райцэнтру, людзі яго тут ня ведалі, і вось была выдатная нагода пазнаёміцца бліжэй! Дый што казаць: чалавек прызначаны зьверху, пастаўлены кіраваць жыхарамі, а на плошчы магло быць нямала карэнных гарадзенцаў, хто ўсё жыцьцё пражыў у горадзе, працаваў. Чаму не зрабіць жэст у іх бок? Людзі прыйшлі з праблемамі, не бяз дай прычыны. Сапраўды набалела.

Але ж існуе спакуса «лякалізаваць» пытаньне. Сабраным на плошчы кажуць: паслухайце, у горадзе 366 тысяч жыхароў, а дэкрэт аб дармаедзтве датычыць усяго 0,8 адсотка. Маўляў, мізэр. Астатнія ніякіх «лістоў шчасьця» не атрымлівалі. Дык навошта столькі эмоцый? І ў адказ чыноўнікі чуюць усю праўду аб заробках, пэнсіях, «камуналцы». Быццам у гарвыканкаме аб гэтым нічога не было вядома…

Пытаньні гучаць наўпрост. Чаму не дазволілі сабрацца сёньня людзям? Арганізатары прасілі сьціпла: у іншым месцы, па-за цэнтрам. Чаму не дазволілі? Адказ: яны не забясьпечвалі б бясьпеку ўдзельнікаў… Ці захочацца пасьля такога адказу ісьці на размову ўнутр? Дзеля чаго? З плошчы ляціць: а міліцыя навошта? Яна што, не на падаткі ўтрымліваецца?

І як супраць гэтага спрачацца, якія аргумэнты могуць быць? Выходзіць, міліцыя нібы належыць начальству, народ, Горадня — яны асобна. Калі начальства робіць мерапрыемствы, — сотні міліцыянтаў, ажно перабор. А як людзі паразмаўляць аб сваіх праблемах просяць дазволу, дык міліцыя ўжо робіцца быццам недаступная простым сьмяротнікам арганізацыя. Скідайцеся, плаціце! Дык жа мітынг меў быць прысьвечаны не праблеме, ці існуе жыцьцё на Марсе, а — беспрацоўю, нізкім заробкам, пэнсіям, высокім коштам. Праблемам гараджан! Напэўна начальству гэта не ў галаве. Не пачула, не ўсьвядоміла. Ці зрабіла выгляд.

Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадзкой філіі партыі БНФ, якому далі перад акцыяй арышт, мне сказаў: у адмоўным адказе ўладамі не было названа канкрэтнай прычыны — чаму не дазваляюць сабрацца людзям, толькі сухая фармулёўка, што арганізатарамі нібы парушана заканадаўства.

Па-свойму рамантычны некалі вісеў на вуліцах лёзунг «Народ и партия едины». Адарваны ад жыцьця, ясна. Раздражняў, кепікі выклікаў. Але цяпер нават гэтага няма. Зусім нерэальна, каб паявіліся расьцяжкі «Народ и начальство едины».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG