Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На арганізаваньне прарасейскіх дэманстрацыяў у Цэнтральнай Эўропе 48-гадовы беларус атрымаў 100 тысячаў эўраў — СМІ


Чэскі журналіст, супрацоўнік газэты Hospodářské noviny Ондржэй Соўкуп прааналізаваў выстаўленую ў інтэрнэт электронную перапіску Аляксандра Ўсоўскага, які за расейскія грошы арганізоўваў прарасейскія рухі ў краінах Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

Пару тыдняў таму ягонае імя ведалі толькі ягоныя ідэйныя паплечнікі-сталіністы. Але сёньня дзякуючы хакерам мы ведаем, што ў 2014 годзе прарасейскія дэманстрацыі ў Польшчы, Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне арганізоўваў жыхар Беларусі Аляксандар Усоўскі. А грошы на гэта ён атрымаў ад расейскага алігарха Канстанціна Малафеева.

Усё выявілася, калі хакеры з групы Ukrainian Cyber Alliance праламіліся ў кампутар Усоўскага і выклалі ў інтэрнэце ўсю яго электронную карэспандэнцыю. Пасьля гэтага Ўсоўскі пацьвердзіў праўдзівасьць апублікаваных матэрыялаў.

«Я хачу дапамагчы вам арганізаваць у Празе сход супраць улады ўкраінскіх алігархаў разам з украінскім народам. Вам патрэбныя грошы на сьцягі і банэры», напісаў Усоўскі чэскаму прарасейскаму актывісту, чальцу камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі Ладзіславу Кашуку. Той рыхтаваў дэманстрацыю на Праскім Градзе супраць «фашыстаў у Кіеве».

Аляксандар Усоўскі паслаў Кашуку 250 эўраў і спытаўся ў яго, ці ня мог бы той падрыхтаваць таксама сьцягі сэпаратыстаў — г. зв. Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

Беларускі «паліттэхноляг» запэўніў Кашука, што пасылае яму грошы з свайго ганарару за кнігу пра Сталіна.

Аднак з электроннай карэспандэнцыі вынікае, што якраз у тым часе ён атрымаў сто тысячаў эўраў на разбудову сеткі арганізацыяў у краінах «вышаградзкай чацьвёркі».

Спасылка на кнігу пра Сталіна магла імпанаваць Ладзіславу Кашуку, бо той у размове ахарактарызаваў сябе як традыцыйнага камуніста, які ўзорамі для сябе лічыць Леніна, Сталіна, Молатава, Кастра і Клемэнта Готвальда.

Аляксандар Усоўскі таксама паслаў Кашуку 500 эўраў купіць камэру Canon, каб чэскія актывісты маглі здымаць відэа. Відэаматэрыялы былі патрэбныя Ўсоўскаму для справаздачаў спонсару — алігарху Малафееву.

Усоўскі таксама намаўляў Кашуку купіць дзіцячае адзеньне, абліць яго крывёю і 1 верасьня 2014 году паслаць у Кіеў прэзыдэнту Пятру Парашэнку.

У дадатак да гэтага нейкая жанчына мусіла б зьняць на камэру эмацыйны выступ, дзе яна сказала б, што гэта адзеньне мёртвых дзяцей Данбасу, чыя кроў на руках Парашэнкі. Усоўскі паабяцаў даслаць яму на гэта 400 эўраў і забясьпечыць здымачную групу расейскай дзяржаўнай тэлевізіі.

З гэтага ўрэшце нічога ня выйшла. Кашука растлумачыў, што на пошту пойдзе сам, бо ніхто зь ягоных паплечнікаў ня хоча мець з гэтым нічога агульнага. Але абяцаў прынамсі даслаць фатаграфіі пасылак, каб іх маглі выкарыстаць расейскія мас-мэдыя.

Усоўскі настойваў на правядзеньні гэтай акцыі, бо яна мела адначасна прайсьці ў іншых краінах, перадусім у Польшчы. А там актывіст зь Беларусі разьвіў найбольш бурлівую дзейнасьць.

У каштарысе, які ён паслаў у Маскву ўвосень 2014 году, ён сьцьвярджае, што за дэманстрацыю ў Будапэшце з удзелам тамтэйшай ультранацыяналістычнай партыі Jobbik ён заплаціў 2500 эўраў.

За дзьве дэманстрацыі ў Кошыцах і Банскай Быстрыцы (Славаччына) Усоўскі налічыў Маскве 6000 эўраў. Але бюджэт на Польшчу быў удвая большы.

Найбліжэйшыя кантакты Ўсоўскі падтрымліваў зь людзьмі з радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі Лягер Вялікай Польшчы (Obóz Wielkiej Polski).

Яна арганізавала дэманстрацыі супраць украінскіх нацыяналістаў, а яе ўдзельнікі, сярод іншага, зьнішчылі помнік байцам УПА ва Ўсходняй Польшчы.

Усоўскі таксама выступіў з ідэяй закону, паводле якога кожны ўкраінец пры атрыманьні права на працу ў Польшчы мусіў падпісаць заяву аб тым, што УПА была злачыннай арганізацыяй. Ён паведаміў у Маскву, што знайшоў падтрымку гэтаму праекту сярод некаторых дэпутатаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць». Тыя, аднак, заявілі, што пра Ўсоўскага ніколі ня чулі.

Гэты грамадзянін Беларусі ад жніўня да канца кастрычніка пасьпеў патраціць усе сто тысячаў эўраў. Аднак калі ён прыехаў у Маскву зь яшчэ больш грандыёзнымі плянамі, улучна з абраньнем у польскі Сэйм дзесяці прарасейскіх дэпутатаў усяго за 285 тысячаў эўраў, яго чакаў непрыемны сюрпрыз.

«Не разумею, што здарылася. Раней мяне ляпалі па плячы, а цяпер — пачакайце на калідоры, ваша пытаньне адкладваецца. А пры гэтым я маю ў Польшчы, Чэхіі і Славаччыне прарасейскі рух, які працуе як гадзіньнік і заўтра можа ісьці на барыкады. Вось толькі ня маю бюджэту!», — наракае Ўсоўскі ў перапісцы з пэўным калегам.

Экспэрты тлумачаць гэта тым, што ў канцы лета 2014 году пытаньні Данбасу і Ўкраіны былі пастаўленыя перад Уладзіславам Сурковым — шэрым кардыналам Крамля — які паступова адхіліў бальшыню палявых камандзераў на Данбасе, а таксама прыбраў іншых людзей, зьвязаных з алігархам Канстанцінам Малафеевым. У выніку той засяродзіўся на Чарнагорыі, а там Усоўскі ўжо ніякіх кантактаў ня меў. Ён спрабаваў знайсьці іх праз Ладзіслава Кашуку. Тым часам Усоўскі займаўся і чыста камэрцыйнымі праектамі, у тым ліку імпартам польскіх яблыкаў у абыход расейскіх санкцыяў.

«Вакол кожнай арганізацыі, якая займаецца вонкавай палітыкай, круцяцца такія людзі. Грошы яны атрымліваюць зь бізнэсу, які так або іначай зьвязаны зь дзяржавай і хоча палепшыць сваю пазыцыю ў вачах Крамля», — тлумачыць расейскі палітоляг Іван Прэабражэнскі. Паводле яго, хоць Крэмль і ведае пра такія праекты, але не замінае ім, а пасьля мяркуе паводле вынікаў. Для Масквы гэта выгодна, бо яна заўсёды можа адмовіць сваё дачыненьне да іх.

Аляксандар Усоўскі называе сябе пісьменьнікам, публіцыстам і гісторыкам. Яго аўтарству належаць кнігі «Ваенныя злачынцы Чэрчыль і Рузвэльт» і «Божа, барані Сталіна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG