Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэйм Польшчы адмовіўся даваць месца для правядзеньня канфэрэнцыі з удзелам Дзерманта і Шпакоўскага


Аляксей Дзермант (першы зьлева), Пётра Пятроўскі (другі зьлева), Аляксандар Шпакоўскі (першы справа).

17 сакавіка ў польскім Сэйме была заплянаваная канфэрэнцыя «Польшча—Беларусь. Супольная спадчына — супольная адказнасьць». Яе арганізатарамі выступілі эўраскептычныя партыі «Свабодныя і салідарныя» і «Адзінства народу».

Як стала вядома Свабодзе, увечары ў панядзелак ганаровы віцэ-сьпікер Сэйму Корнэль Маравецкі, прыняў рашэньне не праводзіць яе ў Сэйме.

Яшчэ ранкам у высланай СМІ праграме яго імя значылася сярод арганізатараў. Зь беларускага боку ў сустрэчы анансаваўся ўдзел праўладных палітолягаў Аляксея Дзерманта, Аляксандра Шпакоўскага і Пятра Пятроўскага.

Як распавёў Свабодзе гісторык Мікола Іваноў, які меўся мадэраваць сустрэчу, Корнэль Маравецкі першапачаткова ня быў азнаёмлены зь біяграфіямі часткі ўдзельнікаў канфэрэнцыі.

Мікола Іваноў
Мікола Іваноў

Іваноў: Я таксама раней пра многіх ня меў уяўленьня. Мне спачатку сказалі, што гэта маладыя навукоўцы. Потым я атрымаў пра гэтых людзей інфармацыю і цяпер маю разуменьне, хто гэта. Гэта вельмі правакацыйныя асобы. Я размаўляў з Корнэлем Маравецкім і ён таксама ня хоча мець з гэтым нічога супольнага. Таму ў Сэйме гэтая канфэрэнцыя не адбудзецца. На мае словы пра тое, што частка ўдзельнікаў гэта «агенты Расеі», арганізатар канфэрэнцыі адказаў, што і іх варта паслухаць. Магчыма, ён будзе праводзіць яе ў іншым месцы. Але я яшчэ не прыняў рашэньне, ці буду ў ёй удзельнічаць.

Першапачаткова ў праграме было прозьвішча былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, але ён сказаў Свабодзе, што адмовіўся прымаць у ёй удзел. Прычынай стала скандальная рэпутацыя яе ўдзельнікаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG