Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль галоўнае начальства доўга запрагае з круглым сталом, у Горадні правялі і ўздыхнулі з палёгкай. Можна ставіць галку. У будынку за сьпінай Леніна мясцовым апазыцыянэрам расказалі, што ўсё добра, у горадзе робіцца шмат станоўчага, пляны харошыя, трэба быць задаволенымі.

Пачакайце, а як жа з пратаколамі на людзей? Якія ня лічаць сябе «туняядцамі»? Адзінаццаць штук міліцыя склала. Будзьце спакойныя, суд разьбярэцца «ва ўстаноўленым парадку», быў адказ.

А чаму не даяце мітынг зрабіць супраць дэкрэту нумар тры? Заяўку падалі «ва ўстаноўленым парадку», а дазволу няма? І ня будзе, далі зразумець апазыцыянэрам. А раз ня будзе, то бяз вашага дазволу правядзем!

Нейкая, мабыць, нестыкоўка ёсьць. Галоўнае начальства кажа: нічога дрэннага ў гэтым няма, мы й самі праводзім мерапрыемствы — парад «сто год міліцыі» — самы сьвежы прыклад. Яно кажа: няхай на месцах будуць пляцоўкі, дзе можна будзе душу «излить». Але там як быццам прапускаюць міма вушэй. У чым прычына? Няма дырэктывы мабыць. Напрыклад: у трохдзённы тэрмін знайсьці і падрыхтаваць такую пляцоўку, забясьпечыць сьметніцамі, выязным буфэтам і г.д.

Апазыцыя якраз нібы палягчае задачу. Падалі заяўку «законапаслухмяна», як прывучылі за часы прэзыдэнцтва. Не прасілі каля Леніна, не прасілі на пляцы, дайце нам, кажуць, наводшыбе, у Калоскім парку, нам досыць будзе. Не, на дамо! Не дасьцё? Ну як сабе хочаце, тады мы ў самым цэнтры правядзем! 15 сакавіка… Вось такі круглы стол. Ім: абы ціха было, хлопцы, бо ўсё «ў ажуры», а яны — будзем мітынгаваць.

Мала таго, патрабуюць свабоды сходаў. У Беларусі і ў Горадні, у прыватнасьці. «Аднавіць» яе, удакладняюць. Паколькі за апошнія гады не была задаволеная ніводная заяўка, што датычыць мірных сходаў грамадзян.

Сытуацыя зь мірнымі сходамі ў чымсьці нагадвае стары савецкі анэкдот. Ніхто з апазыцыі ня можа назваць начальству канкрэтную лічбу — колькі год таму ў Горадні быў дадзены апошні дазвол на мітынг. Яно само тым больш ня можа памятаць, гарадзкіх галоў мяняюць досыць часта. Вось анэкдот: сустракаюцца два аксакалы. Ці памятаеш, якія ў нас былі кучомкі ды буркі? Памятаю, прыгожыя. Ці памятаеш, якія ў нас былі скакуны? Як жа забыць? А ці памятаеш, да якіх мы дзяўчат наведваліся? Яшчэ як! Выбачай, а ці ня памятаеш, навошта мы да іх хадзілі?..

Думаю, апошні дазвол мог быць не пазьней 2001 году. Тады замянілі на новага «мэра» Пашкевіча. Памятаю, апазыцыю ўжо тады гналі ў той Калоскі парк, а ёй не падабалася, што ня ў цэнтры. Там месца для выгулу сабак, крыўдавалі яны. І вось начальства вырашыла даволі крэатыўна: хочаце праводзіць мітынг аб пагаршэньні жыцьця? Калі ласка. Само сабой, у Калоскім парку. Але й мы там зробім адначасова свой: самі выступім, прафсаюзьнікі, мы таксама за дабрабыт працоўных.

З таго мерапрыемства запомніліся дзьве сцэны. Начальства прамаўляе з кодаба грузавіка, прыгнанага ў якасьці трыбуны, а непадалёк некалькі дзябёлых міліцыянтаў валтузяцца, паваліўшы тварам у сьнег прафэсара Астроўскага. І ў мяне зьлятае з вуснаў: што вы робіце, гэта ж прафэсар Астроўскі?! Здаецца, ім зрабілася крыху няёмка. А «мэра» потым перавялі на іншую работу. Мабыць не ацанілі крэатыўнасьць, і цяпер у генэтычнай памяці — ніякай самадзейнасьці, ні ў якім разе.

І ніякіх больш дазволаў на мітынгі. Баста.

Мінула шаснаццаць год.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG