Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спыніць Міжнародны суд вайну ва Ўкраіне?


Слуханьні ў Міжнародным судзе ў Гаазе пазову Ўкраіны супраць Расеі
Слуханьні ў Міжнародным судзе ў Гаазе пазову Ўкраіны супраць Расеі

У Міжнародным судзе ў Гаазе адбыліся вусныя слуханьні пазову Ўкраіны супраць Расеі, пададзенага сёлета ў студзені. Украіна просіць прыцягнуць Расею да адказнасьці за парушэньне дзьвюх Канвэнцый ААН — аб супрацьдзеяньні фінансаваньню тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

Украіна вызначыла вялікі пералік патрабаваньняў, частка якіх паўтарае тэмы менскіх перамоваў аб разьвязаньні сытуацыі на Данбасе — усталяваньне кантролю над мяжой, спыненьне фінансавай і вайсковай падтрымкі незаконных фармаваньняў «ЛНР», «ДНР» ды «Харкаўскіх партызан», вывядзеньне расейскіх войскаў і ўзбраеньня з украінскай тэрыторыі.

Апроч таго, Украіна патрабуе судовага перасьледу расейскіх чыноўнікаў, адказных за фінансаваньне тэрарызму — міністра абароны Сяргея Шайгу, намесьніка старшыні Дзяржаўнай Думы Уладзіміра Жырыноўскага і двух дэпутатаў Дзяржаўнай думы — Сяргея Міронава і Генадзя Зюганава, а таксама поўнай кампэнсацыі за зьбіты малайзійскі лайнэр Airlines Flight MH17, за абстрэл цывільнага насельніцтва ў Валнавасе, Марыюпалі і Краматорску.

Другая частка патрабаваньняў Украіны зьвязана з парушэньнямі правоў крымскіх татар ды этнічных украінцаў у анэксаваным Крыме.

Хто пераможа ў гэтым судовым працэсе — Расея, якая запэўнівала суд у тым, што «апалчэнцы» знайшлі зброю ў пакінутых шахтах, ці Ўкраіна, якая падавала прыклады і доказы ўмяшаньня Расеі ва ўнутраную сытуацыю ад 2004 году, але цяперашнюю вайну называе антытэрарыстычнай апэрацыяй?

Ва Ўкраіне усе разумеюць, што судовы працэс можа расьцягнуцца на некалькі гадоў, таму чакаюць, што на час разгляду пазову Міжнародны суд зацьвердзіць часовыя абмежавальныя захады ў дачыненьні да Расеі, але і яны магчымыя не раней за красавік. Пакуль што і расейскі бок заяўляе, што выканае рашэньне Міжнароднага суду ў гэтай справе. То бок, абедзьве краіны перакананыя ў сваёй рацыі і перамозе.

«Калі мы гаворым пра прававы працэс, што пачаўся, я хачу, каб Украіна выйграла. Але гістарычныя прэцэдэнты з гэтай нагоды — слабыя. Мяне нават не цікавіць, ці будзе Расея выконваць рашэньне. Мяне не цікавіць клясыфікацыя, бо на сёньня ёсьць 18 міжнародных рознаўзроўневых рашэньняў, у якіх Расея асуджаецца як акупант і агрэсар. Зараз мы можам атрымаць прававы прэцэдэнт. І вельмі важна, каб за прэцэдэнтам, былі ўжо іншыя ініцыятывы, а ў рэшце рэшт трэба зрабіць так, як ваўка атачаюць сьцяжкамі, так і мы павінны клапаціцца пра такую практыку ў дачыненьні да палітычнай Расеі. Нам трэба ўсё зрабіць, каб ніхто не падаваў рукі расейскаму прэзыдэнту ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова», — мяркуе прэзыдэнт Украіны ў 2005-2010 гадах Віктар Юшчанка.

Паводле яго, ключ да спыненьня вайны на ўсходзе Ўкраіны знаходзіцца ўсярэдзіне краіны:

«Мы маем быць аднагалоснымі, у нас мае быць дакладная дактрына ацэнкі таго, што ў нас адбываецца на ўсходзе і як мы гэта пераадольваем. Калі Брытанія засталася сам-насам з фашысцкай Нямеччынай, Уінстан Чэрчыль вынес пытаньне палітычнай сытуацыі і вайны на парадак дня брытанскага парлямэнту, які два дні і дзьве ночы без перапынку над ім працаваў. Вось я хацеў бы, каб галоўны палітычны інстытут Украіны, пасьля дыскусіі сфармаваў ідэалягему і дактрыну, як мы кваліфікуем тое, што ў нас адбываецца на ўсходзе і на поўдні, і які плян яны прапануюць нацыі, а нацыя аднагалосна падтрымлівае гэткі плян. Мне здаецца, што адказ на тое, як выйсьці з вайны, знаходзіцца ва Ўкраіне», — перакананы былы прэзыдэнт.

Цяперашнія ўлады Ўкраіны таксама прызнаюць, што рэальных інструмэнтаў прымусіць Расею выканаць рашэньне Міжнароднага суду ў Гаазе, калі яно будзе прынятае на карысьць Украіны, няшмат, але ў любым выпадку гэта будзе ўжо не палітычнае ці дыпляматычнае рашэньне, а прававое, якое дазволіць працягваць ціск на Расею для спыненьня агрэсіі супраць Украіны.

«Разгляд справы па сутнасьці фактычна ня мае ніякіх часовых рамак, што прымушае па аналёгіі зь іншымі справамі казаць пра магчымую працягласьць слуханьняў — некалькі гадоў. Што адбудзецца, калі Расея прайграе першы этап — патрабаваньні Ўкраіны адносна часовых захадаў? Можна прагназаваць, што гэта ніякім чынам ня зьменіць палітыку і дзеяньні Расеі, але ўшчыльніць яе ізаляцыю, пагоршыць яе імідж, палепшыць шанцы на працяг палітыкі санкцый. І наадварот, калі суд не задаволіць патрабаваньні Ўкраіны адносна часовых захадаў, гэта разьвяжа рукі расейскім прапагандыстам, у тым ліку і ў пытаньні супрацьдзеяньня міжнародным санкцыям. Хоць па сутнасьці гэта не будзе азначаць, што Міжнародны суд апраўдаў Расею. Так што суд ёсьць суд. Як і ў дыпляматыі, у судзе мы атрымаем ня тое, што заслугоўваем, а тое, што зможам даказаць. І чаго ў рашэньні суду будзе больш — праўды ці палітыкі — неўзабаве пабачым», — мяркуе кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Майдан замежных спраў», былы генэральны консул Украіны ў Турцыі Багдан Ярэменка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG