Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся збор подпісаў за новы праект ахоўнай зоны Курапатаў


Курапаты

Адкрыцьцё кампаніі адбылося ў сядзібе БНФ у Менску 10 сакавіка.

Пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом да Міністэрства культуры з патрабаваньнем прыняць новы праект зонаў аховы Курапатаў.

Прадстаўнік ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы патлумачыў, чаму важна пакінуць у ахоўнай зоне прылеглыя да месцаў пахаваньняў тэрыторыі:

«Праект дае мажлівасьць Курапатам існаваць і захавацца як мэмарыялу. Любая будаўнічая дзейнасьць па пэрымэтры пагражае мэмарыяльнаму месцу экалягічна, у тым ліку гідралягічна. Важна каб захаваліся ляндшафт, старадаўнія дарогі і краявідныя пункты. „Навошта вам тэрыторыя дарогі сьмерці?“ — пытаюцца чыноўнікі. — Яны жывуць у іншых вымярэньнях».

Чаму зварот да Міністэрства культуры? «Бо яно адказвае, каардынуе кантралюе ўсе захады ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны», — тлумачыць Марат Гаравы.

Палітык Вінцук Вячорка падкрэсьліў, чаму важна як мага хутчэй пачаць шырокі зварот грамадзкасьці да Міністэрства культуры: «Бо дзяржаўныя структуры скідаюць адказнасьць адзін на аднаго. Трэба прадухіліць ведамасны «футбол».

Зьміцер Дашкевіч, лідэр абаронцаў Курапатаў, заявіў:

«Мажліва, Шорац (старшыня Менгарвыканкаму. — РС) будзе шукаць іншых забудоўнікаў, у кожным выпадку нам усім разам — сотням чалавек —атрымалася вывесьці тэму на агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня».

Як толькі Зьміцер Дашкевіч выйшаў зь сядзібы БНФ, яго затрымалі людзі ў штацкім.

Сярод першых падпісантаў:

Барыс Пятровіч, Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Андрэй Бастунец, Беларуская асацыяцыя журналістаў
Зьміцер Дашкевіч, «Малады Фронт»
Марат Гаравы, «Экспэрты ў абарону Курапатаў»
Павал Севярынец, БХД
Валянціна Вяргей, археоляг
Леанід Акаловіч, сьвятар
Аляксей Януковіч, старшыня партыі
Вацлаў Арэшка, культуроляг
Ігар Марачкін, суполка мастакоў «Пагоня»
Вінцук Вячорка, грамадзкі дзеяч
Зінаіда Тарасевіч, нарадзілася ў ГУЛАГУ, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Аляксей Янукевіч запрашае ў сядзібу партыі БНФ ставіць подпіс. Ад 13 сакавіка можна будзе браць копію ліста і самастойна адпраўляць на адрас Міністэрства культуры. Альбо спампаваць на сайце партыі БНФ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG