Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозе Аляксандра Кабанава пакаралі 5 суткамі арышту

абноўлена

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў на акцыі 26 лютага
Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў на акцыі 26 лютага

Суд Бярозаўскага раёну 9 сакавіка разгледзеў тры адміністрацыйныя справы супраць Аляксандра Кабанава, які браў удзел у маршы «недарамедаў» у Берасьці. Дзьве справы, за незьяўленьне ў РАУС і за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі, суд адхіліў. Аляксандра пакаралі пяццю суткамі арышту за хуліганства і брыдкаслоўе, паводле трэцяга пратаколу.

У залі суду Аляксандра Кабанава ўзялі пад варту пад вокліч прысутных «Ганьба!».

Суд над Аляксандрам Кабанавым раптоўна перанесьлі з 16 на 15 гадзіну. Прычынаю таму стала тое, што ў дачыненьні да Аляксандра Кабанава былі складзеныя ня два, а тры пратаколы за адміністрацыйнае парушэньне. Таму яшчэ раніцай судзьдзя патэлефанавала актывісту і прапанавала разгледзець тры справы адразу, але ў такім выпадку яму трэба зьявіцца ў суд на гадзіну раней.

Падтрымаць Аляксандра Кабанава прыехалі больш за трыццаць чалавек. Зь Менску на судовае паседжаньне прыехаў старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Судзьдзя агучыла, што Аляксандар Кабанаў брыдкасловіў, несвоечасова зьявіўся паводле позвы ў РАУС. Трэці пратакол складзены за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў — маўляў, з гукаўзмацняльнікам абражаў уладу і ў тым ліку кіраўніка краіны. Размова ідзе пра «Марш недармаедаў» 26 лютага.

На пачатку працэсу Аляксандар заявіў хадайніцтва, каб перааформіць пратаколы, вярнуць матэрыялы на дапрацоўку міліцыянтам.

Судзьдзя падчас паседжаньня рабіла некалькі перапынкаў, падчас якіх выходзіла з залі. Пасьля вяртаньня яна адхіліла хадайніцтва.

Аляксандар Кабанаў заявіў у судзе, што прасіў міліцыянтаў выпісаць позву на іншы час, але яны адмовілі — нават пасьля таго, як ён паказаў ім білеты на цягнік.

Паводле актывіста, ён размаўляў зь міліцыянтамі і казаў ім, што па прыезьдзе дадому зьявіцца ў РАУС. Міліцыянты нібыта пагадзіліся з гэтым. Яны пацьвердзілі гэтыя словы, таксама засьведчылі, што ўзгаднялі праз тэлефон з Аляксандрам новы час, калі ён мусіў прыйсьці ў РАУС.

Што да пратаколу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, Аляксандар Кабанаў патлумачыў, што 26 лютага сапраўды быў у Берасьці і падчас шпацыру ўбачыў мітынг. Аляксандар ня лічыць сябе арганізатарам акцыі. У звароце праз гукаўзмацняльнік да мітынгоўцаў ён расказаў, колькі сабраў подпісаў за адмену дэкрэту № 3, а таксама пра мірны характар акцыі.

Наконт трэцяга пратаколу Аляксандар Кабанаў засьведчыў, што ранкам 2 сакавіка выйшаў на вуліцу закурыць. У двары ён пабачыў чалавека, які а палове на сёмую ўжываў у двары піва. Са словаў актывіста, ён зразумеў, што гэта правакатар, бо гэты чалавек чапляўся, прасіў цыгарэту і грошы. А пасьля гэтага пачаў абражаць актывіста. Актывіст зьвярнуўся да супрацоўнікаў ДАІ, якія былі побач. Але тыя абвінавацілі Аляксандра ў тым, што ён выйшаў на праезную частку.

Празь некаторы час пасьля гэтага Аляксандра Кабанава і правакатара забралі міліцыянты. У РАУСе ад актывіста патрабавалі даць тлумачэньні наконт знаходжаньня на праезнай частцы. Але ў складзеным пазьней міліцыянтамі пратаколе аказалася, што Аляксандар Кабанаў брыдкасловіў і паводзіў сябе агрэсіўна ў дачыненьні да той асобы, якая прасіла ў яго грошы і цыгарэты. Адпаведна, была заява ад жыхара Бярозы, які палічыў сябе ў гэтай сытуацыі абражаным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG