Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўчастку мяжы зь Беларусьсю Латвія збудуе двухмэтровую агароджу


У Латвіі 20 сакавіка завершыцца тэндэр на распрацоўку і ажыцьцяўленьне праекту агароджы на мяжы зь Беларусьсю, узводзіць яе пачнуць не раней за 2018 год.

Пра гэта інфармагенцтву LETA распавёў кіраўнік Дзяржаўнай службы памежнай аховы Латвіі Нормундс Гарбарс.

Агароджа ў некалькі дзясяткаў кілямэтраў (уся мяжа Беларусі і Латвіі — 176 км) мае быць узьведзеная «дзеля прадухіленьня кантрабанды і нелегальнай міграцыі». Плянуецца, што яна будзе вышынёй ня меней за 2 мэтры, збудаваная з жалезабэтонных канструкцыяў, абсталяваная камбінаваным дротам.

Паводле Гарбарса, канчатковы кошт праекту стане вядомы пасьля завяршэньня падрыхтоўчага этапу, але, кажа ён, будаваць там, дзе кошт складзе «мільёны эўра», Латвія ня стане.

Сродкі на праект былі прадугледжаныя ў распрацаваным летась бюджэце на 2017 год. Сумы тады не называліся, але гаварылася, што «падобны досьвед ужо ёсьць на латвійска-расейскай мяжы, вялікіх зьменаў не прадбачыцца, і праект будзе рэалізаваны на такіх жа прынцыпах». Сумарна Латвія плянавала 92 км агароджы на розных асобных участках сваіх сухапутных межаў, а працягласьць усіх межаў краіны — 1150 км (161 км зь Беларусьсю, 246 км з Расеяй, астатнія — з Эстоніяй і Літвой).

Адгарадзіцца ад Расеі заплянавала таксама Літва. Гэтая краіна наўпрост заяўляла: «Агароджа — гэта знак, што суседнюю дзяржаву мы расцэньваем як агрэсара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG