Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Hill: Беларусь можа стаць вялікім выпрабаваньнем для Трампа


Пратэст у Менску 17 лютага 2017 году супраць «падатку на дармаедаў»
Пратэст у Менску 17 лютага 2017 году супраць «падатку на дармаедаў»

Амэрыканскае выданьне The Hill, якое асьвятляе падзеі ў палітычным жыцьці ЗША, зьмясьціла артыкул спэцыяліста ў пост-савецкіх краінах Мітчэла Полмана, у якім ён аналізуе варыянты разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі і магчымую рэакцыю Масквы.

Нагадваючы пра вулічныя пратэсты супраць «дэкрэту аб дармаедах», аўтар адзначае, што паводле зьнешніх прыкметаў, Беларусь не зьяўляецца дыктатарскай краінай — так, цяпер няма ніякіх «афіцыйных» палітвязьняў.

Лукашэнка аддае перавагу выкарыстаньню сыстэмы эканамічнага прымусу.

«Але гэта зманлівае ўражаньне, — піша Мітчэл Полман. — Лукашэнка аддае перавагу выкарыстаньню сыстэмы эканамічнага прымусу, каб не дапусьціць удзелу людзей у палітычнай дзейнасьці, якая можа пахіснуць ягоную ўладу. Большасьць беларусаў працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах або на сам урад. Асноўныя паслугі, такія як ахова здароўя, вышэйшая адукацыя, чыгуначны транспарт, — рэгулююцца дзяржавай. Ёсьць некаторыя прыватныя прадпрыемствы, у асноўным у ІТ-індустрыі. Беларусы, якія працуюць на дзяржаўным прадпрыемстве, павінны падпісаць працоўную дамову, якая можа быць або падоўжаная, або скасаваная праз год. Гэта дае працадаўцу велізарныя магчымасьці для прымусу супрацоўнікаў да ўдзелу ў праўладнай палітычнай дзейнасьці, удзелу ў выбарах, альбо фальсыфікацыі вынікаў выбараў»

Аўтар спасылаецца на ўласны досьвед размоваў з жыхарамі Беларусі, якія паведамлялі, што начальству зусім не абавязкова пагражаць звальненьнем з працы за палітычную неляяльнасьць. Боязь, што працоўны кантракт праз год ня будзе працягнуты, зьяўляецца дастатковым стымулам для супрацоўнікаў выконваць жаданьні начальства.

Беларуская эканоміка трашчыць па швах.

Сыстэма, аднак, цяпер час дае расколіны, піша Полман. Беларуская эканоміка трашчыць па швах з ростам інфляцыі і ростам цэн на энэрганосьбіты, якімі Расея шантажуе краіну, каб захаваць яе ў палітычнай арбіце Расеі. Некаторыя галіны прамысловасьці, такія як харчовая, а таксама ўгнаеньні, хімікаты, вытворчасьць трактараў, застаюцца канкурэнтаздольнымі на сусьветным рынку. Аднак савецкі стыль выяўляе неэфэктыўнасьць у іншых сэктарах.

Эканоміка Беларусі скарацілася за апошнія два гады і даход семʼяў скараціўся на 7,5% у адным толькі 2016 годзе, — піша аўтар артыкулу. Ён бачыць адзіную магчымасьць мадэрнізацыі прадпрыемстваў — у адкрытасьці эканомікі для Захаду, яе рэформе і рэфармаваньні ўраду.

Цяпер урад Беларусі робіць некаторыя дробныя крокі — нядаўна грамадзяне дзясяткаў краінаў атрымалі магчымасьць бязьвізавага кароткатэрміновага візыту ў Беларусь, што дае магчымасьць прывабіць турыстаў зь іх цьвёрдай валютай. Але нават гэты сьціплы крок выклікаў абурэньне ў Расеі, якая ў адказ заявіла пра узьвядзеньне блёк-пастоў на мяжы з Беларусьсю.

Аўтар артыкулу адзначае, што ўрад Лукашэнкі цяпер стаіць перад дылемай: ён павінен альбо аслабіць эканамічны і палітычны ціск на насельніцтва з мэтай павышэньня прадукцыйнасьці і паляпшэньня эканамічнага росту, альбо зьмірыцца з далейшым эканамічным спадам.

Выбар у бок рэформаў азначае рызыку наклікаць на сябе гнеў Масквы.

Пры гэтым выбар у бок рэформаў азначае рызыку наклікаць на сябе гнеў Масквы, чыя прапагандысцкая машына ўжо пачала казаць пра «майдан» у Беларусі і грозна перасьцерагае ад павароту да Захаду. У прыватнасьці, сумесныя ваенныя вучэньні, якія праходзяць з Расеяй, паводле Полмана, значна больш маштабныя, чым у мінулыя гады.

Цяпер беларускае кіраўніцтва ў асноўным ігнаруе пратэстны рух, але калі ён будзе павялічвацца самым сур’ёзным чынам, выбар будзе паміж рэформамі, прымяненьнем сілы альбо верагоднасьцю скіданьня кіраўніцтва. Нават сама пагроза зьвяржэньня можа прывесьці да інтэрвэнцыі з боку Масквы, — адзначае аўтар публікацыі.

У цяперашні час Беларусь ня займае высокае месца ў сьпісе патэнцыйных зьнешнепалітычных крызісаў для ЗША, але гэта цалкам можа быць першым вялікім выпрабаваньнем для адміністрацыі прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа ў адносінах з Расеяй, — лічыць Мітчэл Полман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG