Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватная выстава памяці Тараса Шаўчэнкі ў Менску. Фота


Гуцульская народная культура
Гуцульская народная культура

У Менску ў музэі Янкі Купалы адкрылася ўнікальная прыватная выстава старажытнай украінскай культуры «Родныя крыніцы. Рідні джерела», прысьвечаная памяці ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, дзень нараджэньня якога адзначаецца 9 сакавіка.

Каштоўныя артэфакты народнай культуры ўкраінцаў і беларусаў прадставіла на выставе Галіна Безбародка, майстар народнай творчасьці, сябра грамадзкай арганізацыі «Беларускі саюз майстроў народнай творчасьці». Шмат якім рэчам зь яе калекцыі больш за сто гадоў. А самаму старому строю — каля двухсот.

Галіна Безбародка расказвае пра косаўскую кераміку. Майстрыха ў старажытным строі, якому ўжо больш за стагодзьдзе
Галіна Безбародка расказвае пра косаўскую кераміку. Майстрыха ў старажытным строі, якому ўжо больш за стагодзьдзе

«Для Ўкраіны вышыванка і ручнікі маюць асаблівае значэньне. Вышыванка мае сакральны сэнс, гэта магія народу. Нашы воіны, што ваююць на Ўсходзе Ўкраіны з акупантамі, пад уніформу надзяюць вышыванку, бо яна мацнейшая за бронекамізэльку. Калі ў нашай амбасадзе дэманстравалася калекцыя Галіны Безбародкі, усе супрацоўнікі амбасады адчувалі магію сакральнага, аўру вышыванак», — сказаў Валеры Джыгун, часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Валеры Джыгун, часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь
Валеры Джыгун, часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь

Галіна Безбародка пачала зьбіраць аўтэнтычныя рэчы яшчэ ў 13 гадоў. Яе натхніла прыгажосьць Прыкарпацьця, якую пабачыла на свае вочы, прыехаўшы да цёткі ў Івана-Франкоўск.

Украінскія ручнікі, лялькі, народныя строі, кераміку ды кнігі Галіна Безбародка зьбірае ўсё жыцьцё. Нешта дораць прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Беларусі, нешта спадарыня Галіна набывае сама. Экспанатаў хапіла на прыватны музэй «Украінская мазанка», які месьціцца пад Менскам.

Косаўская кераміка, Івана-Франкоўская вобласьць
Косаўская кераміка, Івана-Франкоўская вобласьць

Майстрыха і захавальніца культурнай спадчыны, Галіна Безбародка шчыра палюбіла Беларусь, краіна для яе нібыта другая радзіма. Пераехаўшы з мужам у 70-х у Менск, жанчына стала кіраўніцай творчай студыі «Бусьляня» пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасьці дзяцей і моладзі. Езьдзіла ў вандроўкі па Беларусі, зьбіраючы экспанаты для свайго музэю. Таму на выставе «Родныя крыніцы. Рідні джерела» можна пабачыць і беларускія саматканыя ручнікі ды жаночыя строі.

На адкрыцьці выставы
На адкрыцьці выставы

«Галіна Безбародка ўступіла ў Саюз майстроў яшчэ ў 90-я гады і з тых часоў дэманструе і сваю творчасьць, і творчасьць сваіх суайчыньнікаў, пераважна продкаў. Ручнікі, якія бачым на выставе, адметныя ромба-геамэтрычнай, славянскай сымболікай чырвонага колеру. Праўда, ва ўкраінцаў, у адрозьненьне ад беларусаў, больш расьліннай арнамэнтыкі. Унікальныя краявецкія ручнікі, якія зрабілі ўплыў і на нашу культуру. Тут можна пабачыць славутую косаўскую кераміку Прыкарпацьця. Адметна, што выстава адбываецца ў музэі Янкі Купалы. Наш пясьняр і ўкраінскі Шаўчэнка многае зрабілі для сваіх народаў», — сказаў старшыня саюзу майстроў Яўген Сахута.

На адкрыцьці выставы прагучалі песьні на ўкраінскай мове ў выкананьні Кірылы Старасьценкі, саліста Белдзяржфілярмоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG