Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы іхных песень, як і музыка — далікатныя, хочацца нават сказаць — нясьмелыя.

Вось песьня «Toxic Girl» (прыблізна: Дзяўчына, шкодная для здароўя), зь іхнага першага альбому «Quiet Is the New Loud» (прыблізна: Ціха па-новаму гучыць голасна) з 2001 году:

She’s intoxicated by herself, / everyday she’s seen with someone else, / and every night she kisses someone new / never you.

Яна ап’янела ад сябе самой, / штодня ў яе новы хлопец / штовечар яна цалуе некага іншага / ніколі цябе.

You’re waiting in the shadows for a chance / because you believe at heart, that if you can, / show to her what love is all about / she’ll change.

Ты чакаеш свайго шанцу ў ценю, / бо патаемна верыш, што калі зможаш / паказаць ёй, чым ёсьць сапраўднае каханьне, / яна зьменіцца.

​Ажно ня верыцца, што такое сьпяваюць 25-гадовыя ў ХХІ стагодзьдзі, а не, скажам, які-небудзь Фрэнк Сінатра 70 гадоў таму.

Эрлен (Erlend Øye) і Эйрык (Eirik Glambek Bøe) абодва нарадзіліся ў 1975 годзе ў Бэргене на заходнім узьбярэжжы Нарвэгіі, хадзілі ў адну школу, выступалі ў адным гурце. Калі гурт рассыпаўся, яны пераехалі ў Лёндан, дзе ў 2001 годзе, як дуэт «Kings of Convenience» (магчымы пераклад: Каралі па разьліку), выдалі свой першы альбом, згаданы «Quiet Is the New Loud». Альбом у тым часе быў вядомы толькі для абмежаванай мясцовай аўдыторыі, шырэйшая вядомасьць прыйшла да дуэту пасьля іхнага другога альбому з 2005 году, «Riot on an Empty Street» (Беспарадкі на пустой вуліцы). Відэаролік песьні «I’d Rather Dance With You» (Мне б лепш з табой патанцаваць) з таго альбому стаў найлепшым музычным відэа году на тэлеканале MTV:

Гэта песьня пра тое, як нясьмелы і няўпэўнены ў сваёй вымоўнасьці хлопец запрашае дзяўчыну на танец у гармідары:

Even if I could hear what you said, / I doubt my reply would be interesting for you to hear. / Because I haven’t read a single book all year, / and the only film I saw, / I didn’t like it at all.

Нават калі б я і пачуў, што ты кажаш / сумняваюся, ці мой адказ цябе б зацікавіў. / Бо я за год не прачытаў ніводнай кніжкі, / а той адзіны фільм, які я паглядзеў,/ мне зусім не спадабаўся.

Вось яшчэ песьня «Misread» (Няправільна зразуметы) з другога альбому. Гэтым разам — пра сэнс сяброўства («сяброўства — гэта ня сродак, каб нешта атрымаць, сяброўства — гэта канчатковая мэта»).

Ці не прыходзіць вам на думку творчасьць славутага амэрыканскага дуэту «Simon & Garfunkel»? Вядома ж, прыходзіць. Падобная мяккая інтанацыя, мэлядычнасьць і, так сказаць, далікатнасьць слоўнага мэсыджу. Зрэшты, Эрлен і Эйрык не скрываюць, каго любяць слухаць:

I’ll lose some sales and my boss won’t be happy, / but I can’t stop listening to the sound of two soft voices / blended in perfection / from the reels of this record that I’ve found.

Я прадам менш чым трэба і мой шэф будзе незадаволены, / але я не магу перастаць слухаць гэтыя два мяккія галасы / ідэальна зьлітыя ў адзін / са старой стужкі, якую я знайшоў.

Гэта песьня «Homesick» (Затужыў па доме), дзе інтанацыю дуэту «Simon & Garfunkel» чуваць амаль ад першай ноты (згадайце песьню «Homeward Bound» (Сабраўся дадому) з 1966 году).

Карацей, у мае амаль 60 гадоў песьні «Kings of Convenience» — сама тое што трэба, каб палечыць вушы, параненыя гоманам і ятрай паўсядзённасьці. На заканчэньне — песьня «Boat Behind» (Лодка ззаду) з трэцяга альбому нарвэскага дуэту, «Declaration of Dependence» (Абвяшчэньне залежнасьці, 2009). Шкада, што пакуль — гэта апошні іхны запіс...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG