Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць зараз улады на жорсткія рэпрэсіі?


Які варыянт барацьбы з удзельнікамі акцыяў пратэсту дармаедаў выбрала ўлада? Ці можна гаварыць аб заканчэньні працэсу лібэралізацыі ва ўнутранай палітыцы? Ці паўплываюць апошнія сілавыя дзеяньні ўлады і прапагандысцкія сюжэты на патэнцыйную масавасьць прызначаных акцыяў пратэсту?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і палітычны аглядальнік Тут.бай Арцём Шрайбман. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Пасьля прапагандысцкага фільму на БТ аглядальнікі загаварылі пра заканчэньне пэрыяду лібэралізацыі. Ідуць затрыманьні маладафронтаўцаў, у Воршы разграмілі штаб-кватэру мясцовых дэмакратаў. Ці даюць гэтыя факты падставы гаварыць, што ўлада нарэшце вызначылася, як яна будзе рэагаваць на пратэсты «дармаедаў»? І якой будзе гэтая рэакцыя?

Шрайбман: Так, мне падаецца, што сэрыя дзеяньняў улады (і затрыманьні і суткі анархістам, і прэвэнтыўныя затрыманьні лідэраў апазыцыі па дарозе ў Берасьце, і фільм) акрэсьліваюць контуры тактыкі ўладаў. Яна складаецца з некалькі пунктаў. Дыскрэдытацыя лідэраў пратэстаў, адсячэньне самых радыкальных краёў, найперш анархістаў, спроба пасварыць паміж сабой лідэраў апазыцыі.

Асноўная стратэгія ўладаў — адсекчы людзей, якія могуць сацыяльны пратэст пераўтварыць у палітычны

Зь іншага боку, улады вуснамі сваіх прадстаўнікоў як бы ідзе ва ўнісон з крытыкамі Дэкрэту, кажа, мы разумеем раздражненьне, так, дэкрэт сыры і недапрацаваны, так, яго трэба мяняць, людзі маюць права пратэставаць Такім чынам, яны спрабуюць разьдзяліць «праведны гнеў народу» з «правакатарамі і палітыканамі», якія нібыта перасьледуюць свае мэты.

Такая гібрыдная тактыка, помесь двух крайніх падыходаў — татальных саступак і жорсткай зачысткі. Пакуль улада тэстуе пратэсты і прыглядаецца, наколькі спрацуе такая тактыка.

Цыганкоў: Пра што сьведчыць новая тактыка ўладаў? Няўжо яны ў пратэстах дармаедаў убачылі для сябе пагрозу? І таму сталі так рэагаваць.

Паротнікаў: Пагроза, безумоўна, ёсьць. Улада асьцерагаецца, што пратэсты будуць пашырацца і набываць моц. У прынцыпе тое, што нейкая рэакцыя будзе — гэта было прадказальна. І я б пакуль не сказаў, што яны была надта жорсткая. Што такое «жорстка» — мы пабачылі 19 сьнежня 2010 году.

Таму пакуль я згодны, што асноўная стратэгія ўладаў — адсекчы людзей, якія могуць сацыяльны пратэст пераўтварыць у палітычны, і адсекчы тых, хто можа арганізаваць і ўзначаліць пратэсты. То бок захаваць сытуацыю, калі ўлада будзе мець супраць сябе дэзарыентаваны натоўп, якому заўсёды будзе можна ўвесьці ў вушы і нейкімі сымбалічнымі крокамі закрыць пытаньне.

Цыганкоў: У 2011 годзе былі маўклівыя пратэсты. Спачатку прыйшло некалькі дзясяткаў, потым некалькі сотняў, потым тысячы. Тут улада пачала рэагаваць і хапаць удзельнікаў проста за тое, што яны хлопалі альбо проста стаялі побач. І ўсё заглухла. Дык улада думае — «гэта працуе». Лібэралізацыя нясе толькі праблемы, а рэпрэсіі рашаюць гэтыя праблемы.

Шрайбман: Так, лёгіка агульная ў сыстэмы прыблізна такая. Трошкі адпускаем, разумеем, што занадта адпусьцілі, і таму закручваем гайкі. Але зараз вышэйшыя стаўкі, таму я б не прагназаваў такую ж жорсткую аблогу.

Зараз сілавікі маюць справу з зусім іншай якасьцю пратэсту. Тады гэта былі альбо ідэйныя ворагі сыстэмы, альбо крэатыўная кляса, якая арганізавалася летам 2011 праз сацыяльныя сеткі. І іх было прасьцей разганяць, чым гэтых «дармаедаў», якія яшчэ ўчора, магчыма, былі электаратам Лукашэнкі.

Што дакладна будзе адбывацца — гэта ціск, магчыма, і не юрыдычнымі крокамі

У 2011 годзе ў нас было дно адносінаў з Захадам. Тады можна было сабе дазволіць усё, што заўгодна на ўнутраным полі — гэта ніяк не апусьціла б гэтае дно ніжэй. Ішлі працэсы над кандыдатамі ў прэзыдэнты — так што затрыманыя актывісты карціну б ужо не зьмянілі.

Зараз на піку «нармалізацыі» адносінаў з Захадам з-за нейкіх пратэстаў перакрэсьліць гады працы МЗС ды іншых ведамстваў ня так і проста. Гэта не прыхамаць («сяброўства» з Захадам), гэта вымушаны крок, амартызацыя праблем на расейскім накірунку. Так што не малыя сілы лябіруюць не сілавы мэтад вырашэньня сытуацыі.

Цыганкоў: Няўжо ўлада не баіцца такімі дзеяньнямі, якія мы абмяркоўваем, разбурыць адносіны з Захадам? Дзе тая рысы, якую Менску было б вельмі небясьпечна пераступаць?

Паротнікаў: За апошнія гады беларуска-заходнія адносіны вельмі дэпалітызаваліся. Каштоўныя чыньнік адышоў на другі ці нават на трэці плян. Таму ў афіцыйнага Менску можа стварыцца ўражаньне, што для Захаду галоўнае — гэта бясьпека і стабільнасьць у рэгіёне, І адпаведна Менск мае свабоду рук унутры краіны.

Цыганкоў: Я нагадаю, што паляпшэньне беларуска-заходніх адносінаў атрымалася толькі пасьля таго, калі ў Беларусі выпусьцілі апошняга палітвязьня. Да гэтага ніякай «нармалізацыі» не было. Так што каштоўнасны чыньнік узьнікае, калі Менск робіць нешта «кепскае».

Паротнікаў: Але пытаньне ў тым, што такое кепска. Як казаў адзін дыплямат — «на вуліцах не забіваюць. Дык што вы хочаце». Задача Менску — ня толькі «адносіны з Захадам», а задача — атрымаць грошы. І пакуль грошай не атрымліваюць, — прынамсі, у тых памерах, пра якія марылі. І тут ёсьць момант расчараваньня, і яно магло закрануць адзінага чалавека, які вырашае замежнапалітычныя пытаньні — Аляксандра Лукашэнку.

Таму сытуацыя вельмі хісткая, і казаць, што Менск настолькі зацікаўлены ў адносінах з Захадам, ш тоня пойдзе на жорсткія крокі — таксама не выпадае. У вярхах ёсьць розныя погляды і меркаваньні, як разьвіваць краіну. Ёсьць меркаваньне, што найлепшы варыянт — захаваньне жорсткага рэжыму, ручнога кіраваньня і неяк перачакаць цяжкія часы.

Можа атрымацца так, як у лістападзе 2013 году ва Ўкраіне, калі жорсткае зьбіцьцё пратэстоўцаў пабудзіла іх сваякоў і сяброў выйсьці на плошчу.

Што дакладна будзе адбывацца — гэта ціск, магчыма, і не юрыдычнымі крокамі на арганізатараў пратэстаў у рэгіёнах, кампанія па дыскрэдытацыі палітычных лідэраў. І можна чакаць ціску на тых пратэстоўцаў, якія пазьбягаць публічнасьці — я маю на ўвазе анархістаў. І там заўсёды ўлада можа сказаць, што іх прыцягваюць да адказнасьці не за палітычныя погляды. А за тое, што яны тры гады недзе пабіліся.

Цыганкоў: Як гэтыя новыя мэтады ўлады могуць уплываць на патэнцыйную масавасьць наступных акцыяў?

Шрайбман: Мне падаецца, фільм паўплывае ня надта моцна. Калі людзі ўжо выйшлі на плошчу, то яны наўрад ці вераць таму, што кажуць па БТ. Хутчэй іх можа раззлаваць, што на БТ паказваюць пратэстоўцаў як людзей, якія граюць пад чужую дудку.

Затрыманьні, калі яны будуць, могуць згуляць сваю ролю. Многія гэтыя людзі выйшлі на плошчу першы раз, магчыма. з нейкім страхам унутраным. І выйшлі якраз таму, бо зразумелі, што ўлада ўжо пазьбягае затрыманьняў. І рэакцыя можа быць розная. Яна можа быць спалохам і страхам, як у 2011 годзе, калі пратэсты актыўнай моладзі пасьля затрыманьняў хутка сышлі не не. З іншага боку, рэакцыя можа быць непрадказальна іншай. Можа атрымацца так, як у лістападзе 2013 году ва Ўкраіне, калі жорсткае зьбіцьцё пратэстоўцаў пабудзіла іх сваякоў і сяброў выйсьці на плошчу.

Таму я лічу, што ўлада ўстрымаецца ад вельмі жорсткага варыянту. Бо яна мае справу з цалкам нетыповай і непрадказальнай базай пратэсту. І гэтая база можа адрэагаваць ня так, як рэагуюць палітычныя актывісты.

Паротнікаў: Я ня думаю, што сам па сабе фільм можа паўплываць на масавасьць выхаду на плошчу. Людзі, якія глядзяць БТ, нікуды не выходзяць і ніякага Статкевіча чуць ня хочуць. Але ўлада мае досьвед вырашэньня падобных сытуацыяў. У іх ёсьць інструмэнты. І досьвед лякалізацыі пратэстаў. Тым больш што зараз дастаткова зрабіць такую рэдакцыю дэкрэту, каб ён не працаваў. Што яны і робяць, і на пэўны час пратэстную хвалю саб’юць. Але крызыс эканамічны будзе паглыбляцца. І гэта толькі першы званочак для ўлады.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG